Су-шэф вяртаецца

Общество

7889Мора пазітыва — банальная фраза, якую зараз так часта ўжываюць па тэме і не вельмі. Але ж пра Колю ЦІХАНОВІЧА так сказаць — самае тое, вы самі паглядзіце на здымак, нават ад яго падыхае неверагоднай цеплынёй, светам і ўсмешкай. Яшчэ прыгажэй Мікалая робіць вайсковая форма, ды не звычайная, а форма дэсантніка! Юнак служыў у асобнай роце аховы і абслугоўвання камандавання сіл спецыяльных аперацый. За час службы стаў сяржантам, камандаваў аддзяленнем, прыгаў з парашутам, удзельнічаў у міжнародных вучэннях у Пскове, вывучаў прыёмы рукапашнага бою. Што сказаць — мара дзяўчат, гонар бацькоў! Але ж гэта яшчэ не ўсё!..

«Палтус з аладкамі з цукіні пад чарнічна-вінным соусам». Гэта першае, што Мікалаю ЦІХАНОВІЧУ прыходзіць у галаву, калі яго папрасіць назваць страву, якую б ён хуценька, на скорую руку прыгатаваў для сяброў. Вам падалося, што гэта вельмі крута? Ну, гэта не толькі падалося! Бо Коля ж не проста хацеў пакрасавацца — ён на самой справе вельмі добра ўмее гатаваць і робіць гэта прафесійна. Рабіў, дакладней сказаць — пакуль не пайшоў у армію. Ён быў су-шэфам (намеснікам шэф-повара) у сталічным рэстаране «Манака». Зараз, калі адгуляе заслужаныя месяцы пасляармейскага адпачынку, плануе вярнуцца туды. Для Мікалая гэта зусім не тая «адская кухня», якую мы бачылі па тэлебачанні. Гэта прыемная работа, якая прыносіць задавальненне, хоць і даводзіцца паднапружыцца, але не да «белага калення», як у тэлешоу.
Мікалай наогул такі чалавек, ад якога не пачуеш адмоўнага меркавання альбо негатыўнай ацэнкі. Пра работу ён гаворыць з добрай усмешкай. Пра армію — з захапленнем: «Служыць было здорава! Нават сумна было развітвацца з усім гэтым. Але дома ўсё ж такі лепей, якой бы паспяховай служба не была!..» Пра сям’ю — з цеплынёй: «Свята з нагоды майго вяртання дадому будзе невялікім, сямейным — тата з мамай ды два малодшыя браты, а таксама дзядуля з бабуляй і дзве мае цёці. Больш усяго, мабыць, рады майму вяртаню самы малодшы брат Саша, яму восем гадоў, ён проста захоплены расказамі пра армію. Канешне, усё маё перамераў — форму, галаўны ўбор!..»
Што дала армія? Надзейных і правераных сяброў. З’явілася больш дакладнае разуменне таго, што такое сяброўства. «Гэта ўпэўненасць у чалавеку, у тым, што на яго можна спадзявацца ў любой сітуацыі і ён не падвядзе ні ў якім выпадку, і самаму таксама быць такім».
Коліны сябры з Чарнавы, дзе, прынамсі, хлопец жыве разам з сям’ёй — дык вось, двое сяброў, Аляксей СУДНІК і Аляксей КАЦЬКО, ужо адслужылі. Прычым Кацько таксама служыў у паветрана-дэсантных войсках, і ў яго на рукаве таксама нашыты шэўрон «Ніхто, акрамя нас». Ці трэба сумнявацца, што хлопцам ёсць пра што пагаварыць!.. Трэці, Антон МАМЧЫК, пакуль яшчэ ў войску. Ну, а дзяўчыны ў су-шэфа пакуль што няма. Ён плануе ў бліжэйшы час заняцца вырашэннем гэтага пытання. Так што, дзяўчаты, рабіце інспекцыю сваіх лепшых сукенак!..

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *