Дзмітрый Сацкоў: “Добра, калі робіш людзям добра”

Молодежная политика

7990Знаёмцеся: малады спецыяліст; 22 гады;
накіраваны па размеркаванню;
спецыяльнасць — інструктар па турызму;
месца працы — фізкультурна-спартыўны клуб;
нежанаты.
Гэты абаяльны, добразычлівы хлопец, які пры знаёмстве адразу выклікае прыязнасць да сябе — барысаўчанін. Там жывуць яго мама і тата, а таксама тры каты, якія з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі сям’і. Бацькі — творчыя людзі: тата відэааператар, а ў мамы свой дзіцячы тэатр пад назвай «Забава». Праўда, Дзіма ніколі не займаўся ў маміным тэатры: яму заўсёды больш падабаўся спорт. Цяга да яго акрэсліла і выбар ВНУ пасля школы: Дзіма скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. «Факультэт «Турызм і гасціннасць» я абраў таму, што люблю геаграфію, вандроўкі і адкрываць нешта новае», — кажа юнак.
Ад бацькі перадалася любоў да фатаграфавання. Праўда, гэтай справай ён займаецца не так даўно — усяго тры гады. «Больш за ўсе падабаецца фатаграфаваць людзей. Прыемна «лавіць» моманты шчасця, як людзі шчыра кахаюць, іх шчаслівыя твары. Тады і фоткі атрымліваюцца асабліва прыгожыя. Запомнілася першая фотасесія, калі мне давялося фатаграфаваць маладажонаў. Вельмі хваляваўся… Але ўсё ўдалося. І цяпер я адчуваю сябе больш упэўнена.»
Той, хто ведае Дзмітрыя, упэўнены: калі Соцкаў удзельнічае ў мерапрыемстве, то абавязкова будуць класныя фоткі. У Дзімаў аб’ектыў трапляюць самыя прыгожыя, самыя вясёлыя, самыя арыгінальныя і самыя кранальныя моманты.
Да таго ж у Дзмітрыя з»явілася яшчэ адно хобі. Вельмі спадабалася яму гульня «Што? Дзе? Калі?». «Даведаўся пра яе ў інтэрнаце, ад суседа, які прымаў удзел у ёй, — распавядае Дзіма. — Мяне гэта таксама зацікавіла. Паспрабаваў, атрымалася. Ужо ўдзельнічаў у некалькіх турнірах, у тым ліку ў абласным чэмпіянаце».
Дзіма захапляецца і іншымі цікавымі заняткамі, вядзе актыўны лад жыцця, гуляе ў футбол, валейбол. Да таго ж, спорт — гэта і яго работа. Хоць Дзіма інструктар па турызму, гэта ў нашым раёне цяпер перспектыўны накірунак, але размеркавалі яго пасля ўніверсітэту не ў турыстычны цэнтр, а ў фізкультурна-спартыўны клуб. Таму пакуль працуе не зусім па спецыяльнасці. Аднак ён не засмучаецца: «Мне падабаецца мая цяперашняя работа. Мы арганізоўваем розныя спартыўныя мерапрыемствы: гарадскія, раённыя, рыхтуем каманды на абласныя турніры, праводзім спартакіяды працоўных калектываў. Зараз камплектуем каманду на турнір па шахматах. А наогул, мне падабаецца рабіць нешта для людзей, каб яны цікава праводзілі час. Тады і самому добра».

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ, фота з «ВКонтакте»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *