Вымушанае перасяленне

Общество

78908-30 гадоў таму на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася буйнейшая радыяцыйная аварыя ў сусветнай гісторыі. Наступствы гэтай катастрофы закранулі многія краіны. Найбольш пацярпела Беларусь.
Шмат сем’яў вымушаны былі пакінуць родныя мясціны і перабрацца на пастаяннае месца жыхарства ў іншыя раёны. Сярод іх і цяперашні жыхар вёскі Горкаўская Слабада Сяргей Мякенькі, якому было ў той час дзевяць гадоў.
Ён узгадвае:
— 26 красавіка я пасвіў кароў (гэта было ў вёсцы Самацевічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці). Статак вялікі, пагналі яго разам з маці на выган. Надвор’е добрае, сонца яркае, на небе ні воблачка. Я ў рэчцы купаўся. Неўзабаве на небе з боку Гомельскай вобласці ўзнікла воблака. Было яно нейкае незвычайнае: цёмнае, цяжкае такое, нібы свінцовае. Плыве па небе, вось ужо і над намі. З яго пачалі падаць цягучыя чорныя кроплі, нібыта ледзяшы. Падаюць на зямлю і імгненна выпарваюцца. Не ведалі мы тады, што гэта такое. Цікава, назіралі доўга за гэтай з’явай… Хацеў і рукамі кроплі ўхапіць… Тады наляцелі самалёты, пачалі кружыць над воблакам. Раптам узняўся вецер і пагнаў воблака ў бок Расіі. Я яшчэ купаўся, шчаўе ірваў, еў яго…
Не адразу ж паведамілі, што здарылася аварыя на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Праз два дні ў школе ва ўсіх пыталіся, хто дзе быў у той час. Павезлі ў раённую бальніцу, там нейкае абсталяванне прывезлі замежнае, у крэслы садзілі, нешта вымяралі… Тады ў школе нам выдалі касцюмы. На рукавах і на калашынах уцягнуты рызінкі, каб шчыльна тканіна прылягала да скуры. Напэўна, каб пыл не трапляў. У гэтых касцюмах і хадзілі ў школу. Дамоў адпускалі толькі ў шэсць гадзін, каб не бегалі па вуліцы. А нас жа не ўтрымаць — вясна. Уцякалі… На лета ў піянерскія лагеры ўсіх павывозілі. Я ў Магілёў трапіў, лагер «Ракета» называўся. Не спадабалася мне там, уцёк.
Неўзабаве панаехалі спецыялісты з дазіметрамі, бралі ваду, глебу на аналізы. Садзіўся верталёт за нашым агародам. А мне ж цікава ўсё. Я каля гэтых людзей і круціўся. Яны ў мяне пытаюцца, чаму, маўляў, цябе бацька не вывезе адсюль? Няма бацькі ў мяне, адказваю. Пашкадавалі яны мяне, нічога тады не сказалі… Толькі пазней мы даведаліся, што вельмі вялікі быў узровень радыяцыі… (Слёзы свецяцца на вачах Сяргея пры гэтых успамінах).
У Самацевічах у нас быў добры дом. Вёска вялікая — каля трох тысяч жыхароў. Вельмі прыгожая. Дзве рэчкі: адна Чарнаутка, як Ігуменка, крыху большая, а другая Беседзь, яна далей за вёскай працякала, Чарнаутка ўпадае ў яе. Чаму Чарнаутка? Старыя жыхары вёскі казалі, што ў ёй шмат віроў і людзі часта там танулі. Казалі, што жыве там чорная качка (утка), вось яна, маўляў, і хапае людзей.
Чарнаутка падзяляла нашу вёску на дзве часткі. Быў мост праз раку вялікі. Каля маста — дом бацькоў знакамітага беларускага паэта Аркадзя Куляшова, які там нарадзіўся. Я быў малы, калі прыязджала тэлебачанне, здымалі гэты дом. На ім мелася дошка з надпісам, што жыў тут Куляшоў. Сярэдняя школа была ў нас вялікая, яна насіла яго імя. Была і царква Свята-Троіцкая. Калгас моцным лічыўся. За вёскай праз кіламетры тры — лес, там — возера. З ім звязана яшчэ адна наша вясковая легенда. Нібыта стаяла царква, хутар быў з пасекай. Аднойчы пайшло ўсё пад зямлю і на гэтым месцы ўтварылася возера, якое і назвалі Святым. У вёсцы нашай з даўніх часоў захаваўся вялікі панскі дом, у якім месціўся так званы нулявы клас. Туды я і хадзіў, а ў першы клас ужо ў новы школьны будынак. Дзяцей было шмат, у класах па 30 чалавек вучылася.
Маці, Любоў Кузьмінічна, хадзіла на палявыя работы. Бацька Рыгор Еўдакімавіч, хварэў, працаваў вартаўніком у гаспадарцы. Памёр рана.
Вырашылі і мы з мамай адтуль паехаць. Сястра мая старэйшая Вера жыла ў вёсцы Белая Дуброва, кіламетраў пятнаццаць ад нас. Там таксама была радыяцыя, але не такая моцная. Сястра замужам была, сына Андрэйку мела, ён пачаў хварэць. Яны ўтрох першыя і паехалі ў Чэрвеньскі раён. Пераехалі ў Горкі ў 1989 годзе. Я тут у школе вучыўся.
Мама купіла маленькі домік. Далі тады нейкую кампенсацыю за маёмасць, якая засталася на Магілёўшчыне, сродкі пералічылі на кніжку, а тут неўзабаве была замена грошай і ад кампенсацыі нічога не засталося…
Усё з мамай сваімі рукамі зрабілі ў доме, прыбудову склалі. Калі скончыў школу, пайшоў у саўгас «Горкі» працаваць на цялятнік. Тадышні дырэктар саўгаса Валерый Васільевіч Ворнік адправіў мяне вучыцца на трактарыста. Працаваў камбайнерам, трактарыстам. Пазней кіраўніцтва саўгаса накіравала вучыцца на электрыка. Зараз працую аператарам газавай кацельні ў Чэрвеньскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.
Муж сястры Пётр Міхайлавіч Арлоў добра вядомы на Чэрвеньшчыне. Працаваў камбайнерам у саўгасе «Горкі», заўсёды ў перадавіках быў, у «Раённым весніку» пра яго пісалі, ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені ўзнагароджаны. У Горках у сям’і сястры нарадзіліся яшчэ двое дзяцей: дачка Алёна і сын Саша. У іх ужо свае сем’і.
— Шкада маю родную вёсачку, — дадае да расповяда сына Любоў Кузьмінічна. — Ездзілі мы туды на могілкі. Вось яны адны і засталіся, ды яшчэ абрысы царквы, разбуранай ад часу… Загарнулі ўсё зямлёй, толькі шыльда стаіць, што вёска тут была… Цяжка ўсведамляць, што вялізная вёска проста знікла…

Занатавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *