Пазітыўны адпачынак

Общество

1Аляксей ГУРАНЧЫК — з Чэрвеня. Хутчэй за ўсіх пазнаюць яго на гэтым фота былыя вучні чацвёртай школы, бо менавіта там Лёша вучыўся. Потым паступіў у Беларуска-расійскі ўніверсітэт, каб стаць інжынерам інфармацыйных тэхналогій. Скончыў 4 курсы і пайшоў у войска. Пасля таго, як адслужыць, будзе давучвацца яшчэ два гады завочна, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і прэстыжную прафесію.
Аляксею 23 гады. У войска ён ішоў упэўнена: у школе займаўся спортам, захапляўся футболам, хлопец фізічна моцны, можа за сябе пастаяць і нічога не баіцца. Служыць у Печах у вучэбным цэнтры. Вайсковая спецыяльнасць — механік-вадзіцель шматпрофільнага цягача лёгкага браніравання.
А яшчэ ён ужо паўгода намеснік камандзіра ўзвода. З падначаленымі Аляксей патрабавальны. «У войску дысцыпліна — гэта галоўнае, без яе нічога не будзе, — упэўнены Лёша. — Ёсць, вядома, людзі, з якімі цяжка працаваць. Але іх лёгка выправіць — напрыклад, паставіць у нарад. Многіх гэта выпраўляе, хоць бы на час службы. Армія прымушае задумацца пра жыццё, прызвычайвае да рэжыму, выканання пастаўленых задач. Разумееш, што важныя справы на першым месцы, а ўжо потым адпачынак і забавы». Для Аляксея ГУРАНЧЫКА вольны час у арміі — гэта пачытаць кніжку, схадзіць на турнікі і паглядзець тэлевізар.
Лёша адслужыў год і зараз у адпачынку. «Канешне, у арміі ўспамінаешь дом, сям’ю. Дома ў мяне мама, Ала Іосіфаўна, бацька, Уладзімір Міхайлавіч, і сястра Юля. Наведаю падчас адпачынку і бабулю з дзядулем. Мама, вядома, стараецца нагатаваць усякіх прысмакаў. Але на самой справе любая ежа, якую яна гатуе — усё гэта самае смачнае!»
З нецярпеннем чакалі Лёшынага водпуску яго лепшыя сябры — Слава МЕЗІН і Вова МАНУЛІК. Адпускнік паспявае і дапамагчы бацькам, і адпачыць з сябрамі. Вечарам ходзяць гуляць, а калі пацяплее, збіраюцца разам з’ездзіць на рыбалку. Лёша чалавек вясёлы, любіць пажартаваць. Так што адпачынак праходзіць пазітыўна!
Наталья КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *