З сеялкі — на кормаўборачны камбайн

Аграрный сектор

679
Механізатар Мікалай Смусянок

Земляробы эксперыментальнай базы «Натальеўск» аднымі з першых на Чэрвеньшчыне завяршылі сяўбу ранніх яравых зерневых культур. Яны займаюць тут сёлета 1060 гектараў.
Больш чым трэць палеткаў ад агульнага аб’ёму засеяў зерневымі механізатар Мікалай Смусянок. Скончыўшы гэты від работ, ён перасеў на кормаўборачны камбайн «Палессе», каб пачаць нарыхтоўку азімай сурэпіцы на зялёны корм для буйной рагатай жывёлы.
Гэтая культура вырошчваецца ў гаспадарцы на 300 гектарах. Падкормленая ранняй вясною азотам, яна пачала на вачах прыбаўляць у росце і сёння дае па 120 цэнтнераў зялёнай масы з гектара…
Як распавёў галоўны аграном эксперыментальнай базы «Натальеўск» Сяргей Бабіновіч, каб пасеяць раннія зерневыя, гаспадарцы спатрэбілася два тыдні. Тэмпы работ маглі б быць і вышэйшымі, але іх нярэдка стрымлівала надвор’е. У прыватнасці, з-за дажджоў падрыхтаваную ў запас глебу даводзілася апрацоўваць паўторна, каб забяспечыць належную якасць сяўбы.
Вельмі ашчадна выдаткоўвалі ў сельгаспрадпрыемстве мінеральныя ўгнаенні, якія сёлета паўсюль — у асаблівым дэфіцыце.
— Раз у чатыры гады навукоўцы робяць нам аграхімічнае абследаванне палеткаў, — патлумачыў Сяргей Бабіновіч. — На кожным контуры поля вызначаецца ўтрыманне калію, фосфару і гумусу. Усё гэта пазначаецца на адмысловых картах. Такім чынам, маем магчымасць рэгуляваць дозы ўнясення тукаў у залежнасці ад іх запасу ў глебе на тым ці іншым участку. Акрамя таго, практыкуем выкарыстанне арганікі пад зерневыя і кукурузу. Сёлета, напрыклад, вывезлі іх на палеткі амаль удвая больш, чым першапачаткова планавалі…
З завяршэннем сяўбы зерневых, веснавых клопатаў у гаспадарцы не паменшала. Зараз тут рыхтуюць глебу пад кукурузу і бульбу, працягваюць сеяць аднагадовыя травы.

Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, сяўбу зерневых таксама завяршылі ў сельгасфіліялах «Новыя Зелянькі » ААТ «Мінскі малочны завод №1», «Агра-Бокс» СП «Унібокс» і ААТ «Крыніца Ігуменшчыны». На 98,5 працэнтах палеткаў выкананы гэты від работ у ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс», больш чым на 90 — у ААТ «Раванічы» і «10 з’езд Саветаў», на 89,4 — у філіяле СГК «Велікаполле», на 86,1 — у СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон».
Па раёну зерневыя пасеяны на 7930 гектарах, што складае 77,2 працэнта ад неабходнага.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *