Да дэнамінацыі будзь гатоў!

Молодежная политика

IMG_7877Чатыры чэрвеньскія і дзве смілавіцкія школы — менавіта столькі навучальных устаноў мы, прадстаўнікі «Беларусбанка», наведалі з мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай Дню фінансаў, які адзначаўся 16 сакавіка. Тэма размовы была актуальная сёлета для кожнага беларуса: дэнамінацыя.
Многія ўжо ведаюць, што яна адбудзецца 1 ліпеня. Школьнікі, хоць і не ў такім памеры, як дарослыя, але ўсё ж таксама распараджаюцца грашовымі сродкамі, робяць пакупкі, плацяжы. Таму ім неабходна ведаць, як будуць выглядаць новыя грошы, і яшчэ шмат якой інфармацыі.
Мы расказалі, што купюры будуць па 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў. Выпушчаны і манеты, іх сем: 1 капейка, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Адзін рубель — гэта цяперашняя тысяча. Тэматыка дызайна купюр — «Мая краіна — Беларусь». На шасці купюрах прадстаўлены шэсць вобласцяў, на сёмай, пяцісотцы — сталіца, горад Мінск.
Школьнікі даведаліся, што пасля 1 ліпеня крамы будуць на цэнніках указваць дзве цаны ўсіх тавараў: у старых грошах і ў новых. Так будзе паўгода. Банкі столькі ж будуць прымаць старыя купюры, так што ніхто не павінен спазніцца з абменам.
Расказалі мы і крыху гісторыі ўзнікнення грошай, як папяровых, так і металічных, а таксама пра тое, што ў розныя часы людзі расплочваліся скурамі жывёл, пер’ем фламінга, рыбай, зернем, соллю, тытунем і нават… марскімі ракавінкамі. Чаму ўзніклі папяровыя грошы, адкуль з’явіліся словы «рубель» і «капейка», чаму краіна не можа друкаваць бясконцую колькасць папяровых грошай, што такое «залаты запас» і яшчэ шмат цікавага даведаліся школьнікі ў Дзень фінансавай граматнасці. Спадзяёмся, вы, юнакі і дзяўчаты, сталі больш дасведчанымі ў грашовых пытаннях!
Алеся МАКАТОВІЧ, Марына БАНДАРОВІЧ, спецыялісты «Беларусбанка».
Фота Наталлі КАРАЛЬКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *