Прэзентавалі кнігу пра славутага земляка

Общество

6587098-У Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы збіраюць звесткі аб земляках і людзях, якія прыехалі на Чэрвеньшчыну і праславілі яе сваёй працай, ладзяць з імі і іх роднымі сустрэчы.
Падтрымлівалі супрацоўнікі бібліятэкі сувязь і з нашым знакамітым земляком, ураджэнцам вёскі Гайдукова Слабодка Раваніцкага сельсавета Валерыем Станіслававічам Аношка. Ён наведваў Чэрвеньскі раён, падараваў бібліятэцы ў апошні свой прыезд (2013 г.) Нацыянальны атлас Беларусі і шэраг сваіх кніг. Географ, глебазнаўца, доктар геаграфічных навук, прафесар, двойчы лаўрэат прэміі імя акадэміка А.М.Сеўчанкі, загадчык кафедры глебазнаўства, выдатны вучоны, ён унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі ў галіне геаграфіі, меліярацыі, глебазнаўства. За развіццё геаграфічнай навукі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1996).
На мінулым тыдні настаўнікі, вучні школ г.Чэрвеня, бібліятэкары сустрэліся з удавой Валерыя Станіслававіча Ядзвігай Іванаўнай Аношка (на здымку), яна пазнаёміла прысутных з кнігай, якую напісала ў гонар свайго мужа і назвала «Памяць застаецца».
У сустрэчы бралі ўдзел калегі Валерыя Станіслававіча, былыя яго студэнты: географ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Міхаіл Мікалаевіч Брылеўскі і географ, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Андрэй Феліксавіч Чарныш.
З іх расповедаў прысутныя даведаліся, што Валерый Станіслававіч Аношка сфарміраваў новыя накірункі ў геаграфічнай навуцы — меліяратыўную геаграфію і геаграфічнае прагназаванне, а таксама новыя падыходы да геаграфічнай ацэнкі тэрыторый. Ён займаўся не толькі вучэбнай работай, а яшчэ грамадскай і краязнаўчай. Больш за дваццаць гадоў быў прэзідэнтам Геаграфічнага таварыства Беларусі. За ўклад у развіццё краязнаўства атрымаў медаль Аркадзя Смоліча «За шанаванне роднага краю» з уручэннем Дыплома і занясеннем у Кнігу Пашаны «Рупліўцы твае, Беларусь». Шмат увагі ўдзяляў адораным вучням. Дзякуючы яму, дзеці з Беларусі бралі ўдзел у Міжнародных геаграфічных алімпіядах. Выдатны вучоны, кіраўнік, Валерый Станіслававіч, быў таксама добрым сябрам і дарадцам.
Ядзвіга Іванаўна Аношка, аднакурсніца і калега, удава вучонага распавяла пра тое, як ствараліся старонкі кнігі, дзе былі змешчаны ўспаміны сяброў, калег, вучняў, сярод якіх і ўспаміны акадэмікаў Г. Гарэцкага, А. Карабанава і іншых. Прыводзяцца звесткі аб аўтарах, успаміны якіх змешчаны ў кнізе, спіс апублікаваных навуковых работ і надрукаваных кніг па гадах. Змешчана шмат фотаздымкаў. Кнігу «Памяць застаецца» аўтар падаравала бібліятэцы і музею.
Ядзвіга Іванаўна распавяла і пра чалавечыя якасці Валерыя Станіслававіча. Яна адзначыла, што ён заўсёды ганарыўся сваёй малой радзімай, бацькамі, продкамі. Адшукаў свой род, пачынаючы з 1745 года. Унутраная прыроджаная інтэлігентнасць, павага да старэйшага пакалення, прага да ведаў, пачуццё асабістай годнасці, вялікая працаздольнасць — усе гэтыя якасці дазволілі яму, выхадцу з глыбінкі, з сялянскай сям’і, стаць вучоным.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *