Ніна Боршч — лепшы работнік сацыяльнай сферы

Общество

6 копия
На мінулым тыдні мы заспелі Ніну Боршч за расчысткай снегу на падворку жыхаркі вёскі Карпілаўка Сафіі Дзямідаўны Салодкай.

У Ягодцы і Карпілаўцы, Краснай Ніве, Ваўкавыску і Крываполлі чакаюць свайго сацыяльнага работніка 15 мясцовых жыхароў. Улетку на веласіпедзе, зімою спадарожным транспартам, а часцей – пешшу спяшаецца да іх сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніна Пятроўна Боршч.
— Усе вяскоўцы, над якімі я апекваюся, акрамя аднаго, маюць родных, – тлумачыць яна. – Проста іх дзеці жывуць і працуюць у горадзе. Таму наведваюцца да бацькоў пераважна па выхадных ці падчас адпачынку. А дапамога нямоглым старым патрэбна і ў будні.
Прынесці вады, дроў, прыбраць у хаце, набыць прадукты і лекі, узімку – пачысціць снег: усё гэта – мае штодзённыя клопаты пра іх.
Здараецца, камусьці раптам дрэнна становіцца. Тут выручае сучасная сувязь: мабільныя тэлефоны ёсць амаль ва ўсіх, каго абслугоўваю. Не так даўно бабуля з Карпілаўкі патэлефанавала: ціск падскочыў. А я ўжо ў Ягодку ішла. Выклікала ўрача, сама вярнулася. Пасядзела з бабуляй, пакуль яе зяць пад’ехаў…
Падобныя жыццёвыя моманты не зусім упісваюцца ў рамкі аказання сацыяльнай дапамогі на даму. Гэтак жа як і тое, што сталаму чалавеку, які на працяглы час застаецца адзін у чатырох сценах, патрэбны жывыя стасункі. Ніна Пятроўна заўсёды ўмее выслухаць і паспагадаць, успрыняць чужыя праблемы і чужы боль, як уласны.
Увогуле, за чатырнаццаць гадоў працы сацыяльным работнікам яна да ўсяго прызвычаілася. Акрамя, хіба што, аднаго. Паводле закону прыроды, сталыя людзі рана ці позна адыходзяць у іншы свет. А праводзіць у апошні шлях тых, каму аддаў цеплыню сваіх рук і часцінку душы, заўсёды цяжка…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *