Калодзежскі сельвыканкам — лепшы

Местная власть

3 копия
Старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская на падворку старэйшыны вёскі Асінаўка Лідзіі Зыль гутарыць з гаспадыняй і мясцовым жыхаром Ігарам Дзеркачом.

Адным з асноўных накірункаў працы Калодзежскага сельвыканкама ў мінулым годзе было добраўпарадкаванне тэрыторыі сельсавета. А яна – немалая, уключае ў сябе 26 вёсак, у якіх жыве больш за 2100 чалавек.
— Пытанні навядзення парадку на зямлі мы абмеркавалі на сходах, што ўвесну прайшлі ва ўсіх населеных пунктах, – распавяла старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская. – Рашэннем выканкама замацавалі за мясцовымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі тэрыторыі агульнага карыстання, землі вёсак, памятныя месцы, стварылі тры грамадскія санітарныя камісіі. Правялі падворны абход населеных пунктаў, падчас якога было выдадзена 92 прадпісанні па навядзенню парадку. Пры падтрымцы гаспадарак – эксперыментальнай базы “Натальеўск” і ПСГ “Дамавіцкі” — ліквідавалі 10 стыхійных звалак. Акрамя таго, зааралі і ўвялі ў сельгасабарот амаль 15 гектараў участкаў, якія пуставалі, знеслі 3 старыя дамы і 5 аварыйных дрэў. Землекарыстальнікі ліквідавалі каля паўгектара баршчэўніка Сасноўскага. Мясцовыя жыхары паставілі больш за 500 пагонных метраў новага плоту, добраўпарадкавалі 18 фасадаў дамоў, устанавілі 25 малых архітэктурных формаў…
Паводле слоў Людмілы Пасудзеўскай, на пастаянным кантролі сельвыканкама таксама знаходзяцца работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства і алкагалізму. У прыватнасці, летась штомесяц ладзіліся пасяджэнні Савета грамадскага пункта аховы правапарадку. На іх аналізаваўся стан злачыннасці ў сельсавеце, абмяркоўваліся дзеянні па прадухіленню пажараў і гібелі людзей на іх, выкананне патрабаванняў Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, праца з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і абавязанымі асобамі, разглядаліся персанальныя справы жыхароў сельсавета з асацыяльнымі паводзінамі. Таксама члены Савета грамадскага пункта аховы правапарадку разам з бацькоўска-педагагічнымі патрулямі ладзяць рэйды па ўстановах культуры і аб’ектах, якія гандлююць спіртным. А работнікі медыцынскіх устаноў праводзяць прафілактычныя гутаркі пра шкодныя звычкі і здаровы лад жыцця ў працоўных калектывах і школах.
— Увогуле ж, самы галоўны клопат мясцовай выканаўчай улады – гэта клопат пра людзей, – гаворыць Людміла Пасудзеўская. – І тут важна ведаць кожнага чалавека: як ён жыве, чым дыхае, якія патрэбы мае. Гэтаму спрыяюць штодзённыя жывыя стасункі з вяскоўцамі. А яшчэ важна мець добрыя ўзаемаадносіны з кіраўнікамі мясцовых працоўных калектываў. Тут мне як старшыні сельвыканкама пашчасціла. Ва ўсіх справах і пачынаннях знаходжу падтрымку ў дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алены Махнач. Ды і з доследнай станцыяй, Іванаўскім лясніцтвам заўсёды ёсць паразуменне.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *