Матчына спадчына

Общество

568769780Будынак Горкаўскага сельскага Дома фальклору, дзе з 2006 года працуе загадчыкам Таццяна Георгіеўна Савонава, невялікі, а вось работу па захаванню нацыянальнай культурнай спадчыны тут праводзяць вялікую.
Пачалося ўсё са стварэння этнаграфічнага кутка. Збіралі на вёсцы ўсё, што мае дачыненне да мясцовых народных промыслаў, прадметаў ужытку. Сёння тут можна ўбачыць вышываныя рушнікі, сукенкі, паясы, прасы — драўляныя і жалезныя, для якіх выкарыстоўвалі гарачыя вуглі, газавыя лямпы, дзіцячую калыску, лапці, маслабойку, клаўрот і іншае. Асаблівы гонар работнікаў Дома фальклору — кросны.
Былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, зараз мастацкі кіраўнік установы Ірына Антонаўна Маркушэўская распавядае:
— Кросны, якія нам падарылі, калісьці належалі адной нашай жыхарцы, якой зараз 86 гадоў. Цяжка нават падлічыць, колькі ім было гадоў. Жыхары вёскі знайшлі іх на гарышчы. Спачатку былі як экспанат. Пасля жанчыны дапамаглі іх паправіць і мы пачалі ткаць. Але яны пачалі развальвацца. За работу ўзяўся зяць Таццяны Георгіеўны, а ён — унук той бабулі, што аддала нам кросны. У гэтым годзе ў нас з’явіўся новы станок. Ён крыху меньшы па памерах, але нам у самы раз, бо памяшканне невялікае. Працуем мы разам з Тацццянай Георгіеўнай. Шчыра кажучы, лепей атрымліваецца ў яе. Яе рукі больш памятаюць гэтую справу. Мяне малую адганялі ад кроснаў: не лезь, не перашкаджай, вучы лепш урокі. Табе не спатрэбіцца гэтая справа. А вось, бачыце, спатрэбілася.
— Добра ткала мая маці, — гаворыць Таццяна Георгіеўна. — А мы зараз працуем удвух. Калі заблытаемся, бывае, дык раімся, як выйсці са становішча. Іншы раз ходзім да сваіх бабуль-аднавясковак. Ёсць у нас адна майстрыха — Таццяна Мікітаўна Протас. Яна сама іншы раз завітвае сюды, паказвае нам што-небудзь, хаця ёй ужо 89-ы гадок пайшоў.
Жанчыны з задавальненнем паказалі, як яны ўмеюць ткаць. І так гэта лоўка ў іх атрымоўваецца, вачэй не адарваць…
Экспанатаў, якія зрабілі работнікі гэтай установы, не так ужо і шмат, таму, калі бываюць святы, або выставы, вяскоўцы прыносяць сюды свае тканыя і вышываныя вырабы — рушнікі, покрывы, сурвэткі і іншае. Так, ствараюцца часовыя экспазіцыі. Пасля іх правядзення людзі забіраюць свой скарб. У кожнай хаце на вёсцы шануюць памяць пра сваіх продкаў, захоўваюць рэчы, створаныя іх рукамі. Кажуць, вось гэта мама вышыла, гэта бабуля саткала…
Днямі адбыўся тут раённы семінар работнікаў культуры. Для яго удзельнікаў ладзілі свята свечкі. Выконвалі абрад агністага крыжавання. Дзеля гэтага загадчык Дома фальклору і мастацкі кіраўнік перагледзелі шмат матэрыялаў, звярталіся да вытокаў, вывучалі, якія элементы складвалі яго, якія гульні праводзілі падчас свята, якія спявалі песні. Паказалі і танцы, якія былі ў той час. Сталыя жанчыны прыгадвалі, як свечка выкарыстоўваецца ў жыцці.
Былая настаўніца Ніна Лявонцьеўна Мількевіч падарыла Дому фальклору сімвалічны вымпел-каляндар, які вышыла сваімі рукамі. На ім надпіс «Год культуры 2016» і сімвал Беларусі — валошкі.
Прыходзяць у Дом фальклору дзеці. Разам з імі работнікі ўстановы ткуць паясы, плятуць іх яшчэ і на пальцах. Яны самі ўжо умеюць плесці паясы-абярэгі, вырабляюць мяшочкі дабрабыту. Шмат іх ужо падарылі людзям. Матчына спадчына жыве…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *