Кожная цагліна набліжае наваселле

Молодежная политика

IMG_5550Станіслаў ТАРНАПОЛЬСКІ — хлопец негаваркі. Калі зайшла размова пра публікацыю аб ім у газеце, Стас непадробна здзівіўся: «Хіба ж у ва мне ёсць нешта незвычайна-зорнае?! Працую, ды і ўсё…» Сціплы і маўклівы хлопец спакойна працягваў займацца сваёй работай, не задумваючыся аб тым, што менавіта на такіх, як ён — звычайных працоўных людзях, — усё ў свеце і трымаецца. І зусім не трэба быць зоркай, каб цябе заўважалі і паважалі!..
…Год з невялічкім, як Стас працуе мулярам у ПМК-237. Прыйшоў ён сюды па размеркаванню пасля таго, як скончыў Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй. Падчас вучобы атрымаў спецыяльнасць «Выкананне будаўніча-мантажных і рамонтных работ» і чацвёрты разрад муляра. Акрамя гэтай асноўнай прафесіі, мае і спецыяльнасць тынкоўшчыка. Стас працуе ў дружнай, стараннай і вясёлай брыгадзе вопытных прафесіяналаў. За год з «хвосцікам» стажу ў ПМК ужо ўдзельнічаў разам з калегамі ва ўзвядзенні некалькіх важных аб’ектаў: фізкультурна-аздараўленчага комплексу і двух жылых дамоў на мікрараёне Барыкіна.
Пра тое, як выбраў прафесію, Стас, як і пра ўсё, аб чым мы з ім гаварылі, адказаў сціпла і коратка: «Мой бацька ў маладосці таксама працаваў будаўніком. Атрымліваецца, што гэта сямейная традыцыя». Зараз брыгада, у якой працуе Тарнапольскі-малодшы, узводзіць шматкватэрны жылы дом у вёсцы Любішына. Тут паселяцца мясцовыя маладыя сем»і. Кожная цагліна, пакладзеная Стасам, набліжае чыёсці наваселле. Давайце пажадаем Стасу, каб у яго жыцці як мага больш шчаслівых людзей гаварылі яму «дзякуй!» за добра выкананую работу.
Вольга ДЗЯМЕНКАВЕЦ. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *