“Даніэла” знянацку не заспела

Власть

д3чАГРА-ПРАМЫСЛОВЫ КОМПЛЕКС НЕ ПАЦЯРПЕЎ

На фоне трывожных вестак са Старадарожскага раёна, дзе на вечар серады яшчэ заставаліся без электрычнасці амаль тры дзясяткі малочнатаварных фермаў, усцешна ўсведамляць, што на Чэрвеньшчыне цыклон не прынёс адчувальных праблем жывёлагадоўчай галіне і аграпрамысловаму комплексу ў цэлым.
З аднаго боку можна казаць, што нам больш пашчасціла ў плане наступстваў разгулу стыхіі. З іншага — нельга не браць пад увагу падрыхтаванасць гаспадарак да няштатных сітуацый.
— На ўсіх пабудаваных у апошнія гады буйных малочнатаварных комплексах у нас устаноўлены стацыянарныя дызельныя электрагенератары, што дазваляе не спыняць вытворчыя працэсы ў аварыйных сітуацыях. Напярэдадні ў гаспадарках праверылі іх працаздольнасць, — распавёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шыфрын. — Акрамя таго, у экстраннай сітуацыі ёсць магчымасць задзейнічаць перасоўны генератар камунгаса. Хаця, калі б мы апынуліся ў сённяшнім становішчы Старадарожскага раёна, гэтага было б недастаткова, давялося б прасіць дапамогі ў суседзяў.
Не дапусціць праблем у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі падчас нядаўняй непагадзі таксама дапамагла зладжаная праца дваццаці пяці трактароў і пагрузчыкаў гаспадарак, якія прыстасаваны для ўборкі снегу. Дарэчы, яны не толькі аператыўна расчышчалі пад’езды да фермаў, сянажных траншэй, машынных двароў, але і ў вольны ад асноўнай працы час (пераважна позна ўвечары і зранку) вызвалялі ад снегу вясковыя вуліцы.

Д1чЦЫКЛОН ПЕРАЖЫЛІ. ЧАКАЕМ НОВЫ?

— На Чэрвеньшчыне не зарэгістравана звязаных з праходжаннем цыклона надзвычайных здарэнняў і парушэнняў у рабоце сістэм забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, — паведаміў «Раённаму весніку» выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Тур…
І гэта, бадай, найлепшая ацэнка працы ўсіх, хто ў той ці іншай ступені спрычыніўся да папярэджання і ліквідацыі наступстваў стыхіі.
…Спадарыня «Даніэла» сышла, пакінуўшы нам не толькі клопаты, але і прыгажосць убраных у пухнатыя футры дрэў, і магчымасць пакінуць першы лыжны след у некранутай снегавой прасторы.
Аднак, мяркуючы па апошніх паведамленнях сіноптыкаў, асабліва расслабляцца не варта. Услед за пахаладаннем да нас спяшаецца новы цыклон. Прагназуецца, што яго подых будзе адчувальным ужо сёння. Найбольш моцныя ападкі чакаюцца па паўднёваму ўсходу краіны.
А што на Чэрвеньшчыне? Зірнуўшы ў акно, вы, напэўна, ужо самі можаце адказаць на гэтае пытанне.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *