“Рэтра-ёлка” запрашае гасцей

Общество

IMG_3281 копияПершымі ўчора ўбачылі гэту незвычайную ёлку ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі самыя маленькія вучні — першакласнікі гімназіі №1 г.Чэрвеня: Аня Сюбарава і Глеб Пянкрат (на здымку). А для вучняў шостага класа Запольскай сярэдняй школы старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч ладзіла экскурсію ў чароўны свет навагодніх ёлачных цацак.
Ірына Іванаўна распавяла, чаму ёлка незвычайная: упрыгожана яна цацкамі, якія выраблены ў розныя часы мінулага, ХХ стагоддзя. Дзеці даведаліся аб гісторыі святкавання Новага года, з’яўлення на свяце ёлкі і ўпрыгожванняў на ёй. Па іх можна адсачыць самыя значныя падзеі ў вялікай некалі краіне — былом СССР, у склад якой уваходзіла і Беларусь. На ёлцы цацкі з ваты, пап’е-машэ, дроту, дрэва, з кардона, тканіны, іншых падсобных матэрыялаў. У 30-я гады на ёлку вешалі ў асноўным цацкі з ваты — разнастайныя ягады, фрукты і агародніну, пазней гэта былі фігуркі балерын, клоўнаў, дзяцей. Сёння дзецям цяжка ўявіць, што пасля вайны ў 40-50-х гадах не было цацак. Ёлкі ўпрыгожвалі дробнай бульбай, драўлянымі катушкамі ад нітак, абгорнутымі ў фальгу, і іншым. Пазней з’явіліся цацкі са шкла.
Ідэя стварэння рэтра-ёлкі ўзнікла ў Ірыны Іванаўны яшчэ дзесяць гадоў таму, калі яна прынесла ў музей першыя свае навагоднія цацкі з ваты. Іх не хапіла, каб упрыгожыць ёлку. Яна звярнулася да жыхароў раёна праз «Раённы веснік» з просьбай прынесці ў музей старыя цацкі, хаця б на некаторы час. І людзі адгукнуліся. Цацак прынеслі шмат і ніхто не забраў іх пасля свята. Ёлку тады наведалі і дзеці, і дарослыя.
Сёння, праз дзесяць гадоў, ужо новае пакаленне школьнікаў з цікавасцю разглядае «старажытныя» цацкі і слухае захапляльны расповяд пра іх Ірыны Іванаўны. Цацак жа назапасілі столькі, што змаглі аформіць тры тэматычныя вітрыны: у першай — самыя «сталыя» цацкі: фігуркі з ваты, кардона, шкляныя пацеркі 50-х гадоў. У другой — цацкі савецкай тэматыкі: тут і спадарожнік, і кукуруза, і лядзяш з сярпом і молатам, усе персанажы казкі «Рэпка», цэлы шэраг разнастайных домікаў, музычныя інструменты. У трэцяй вітрыне — фігуркі розных звяркоў, птушак і шмат іншых цацак.
Дзеці ўбачылі, якой была ёлка ў іх бацькоў і, нават, у дзядуль і бабуль. А дарослыя маюць магчымасць завітаць у музей і яшчэ раз сустрэцца з дзяцінствам.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.  Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *