Свята на вясковай вуліцы

Общество

Дажынкі 1 копияУ пахмурны і дажджлівы суботні дзень наваколле Цэнтра культуры і адпачынку ў Чэрвені расквеціў рознакаляровымі фарбамі раённы фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Імправізаваныя вясковыя падвор’і, што разгарнулі тут сельгаспрадпрыемствы, вабілі апетытнымі прысмакамі, сімвалізуючы плён шчыравання працавітых сялянскіх рук. Утульная, гасцінная, з пахам духмяных караваяў атмасфера панавала і ўнутры будынка, куды з нагоды прафесійнага свята запрасілі на ўшанаванне перадавікоў аграрнай галіны Чэрвеньшчыны.

Дажынкі 2 копияЯк зазначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Зубар, у сёлетніх набытках аграпрамысловага комплексу краіны ёсць унёсак і нашага рэгіёна. Гэта, у прыватнасці, 42 тысячы тон малака, 38 тысяч тон мяса, 68 тысяч тон збожжа, 14,8 тысячы тон бульбы.
Найбольшую ўраджайнасць зерневых атрымалі ў сельгасфіліялах “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1” – 44,9 цэнтнера з гектара, “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” – 43,2, эксперыментальнай базе “Натальеўск” – 41,2 цэнтнера з гектара. Не першы год высокімі намалотамі вызначаюцца камбайнавыя экіпажы Андрэя і Арцёма Пятрушаў, Юрыя і Андрэя Жарабцовых з СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”, Дзмітрыя і Сяргея Шчатко з ААТ “Запольскае”. Сёлета 29 вадзіцеляў перавезлі ад камбайнаў больш чым па тысячы тон збожжа. Сярод іх першымі ў раённым спаборніцтве сталі Валерый Кучкін з ААТ “Валевачы” і Мікалай Федаровіч з КСУП “Ганута-Агра”.
Андрэй Зубар таксама адзначыў, што ў дасягнутыя на жніве вынікі важкі асабісты ўклад унеслі галоўныя аграномы Аляксандр Чабатарэўскі з СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1”, Сяргей Бабіновіч з эксперыментальнай базы “Натальеўск”, Леанард Мельнік з СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць ўсім, хто быў задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю – камбайнерам, вадзіцелям, трактарыстам, кіраўнікам і спецыялістам, шэфствуючым арганізацыям, работнікам, якія забяспечвалі харчаванне і медыцынскае абслугоўванне ўдзельнікаў жніва, студэнтам і вучнёўскай моладзі.
Спыняючыся на працы жывёлагадоўчай галіны, Андрэй Зубар, у прыватнасці, звярнуў увагу на ўстойлівы рост валавой вытворчасці малака ў ААТ “10 з’езд Саветаў” і СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1”, стабільныя надоі ў эксперыментальнай базе “Натальеўск” і філіяле “АграБокс-Заатэх”.
Дажынкі 4 копияГаворачы пра эканамічнае развіццё сельгаспрадпрыемстваў у цэлым, кіраўнік раёна асобна вылучыў эксперыментальную базу “Натальеўск” і яе кіраўніка Алену Махнач, назваўшы гаспадарку візітнай карткай не толькі нашага рэгіёна, але і Мінскай вобласці.
— Эксперыментальная база “Натальеўск” сёння забяспечвае 20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму сельгасвытворчасці ў раёне, – падкрэсліў ён. – Тут створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, якая дазваляе працаваць на высокім узроўні, штогод павялічваюцца фінансавыя і вытворчыя паказчыкі. Гаспадарка адзіная ў раёне за 9 месяцаў года атрымала больш за 5 мільярдаў рублёў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі.
Завяршаючы сваё выступленне, Андрэй Зубар сказаў:
— Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, мы ўпэўнена рухаемся наперад. Умовамі далейшага развіцця сельскагаспадарчай галіны раёна з’яўляецца прадуктыўная і ўстойлівая праца. Нашым людзям уласцівыя такія выдатныя якасці, як узаемадапамога, калектывізм, адказнасць за даручаную справу і любоў да роднай зямлі. Таму я ўпэўнены, што пастаўленыя кіраўніком дзяржавы і абласным выканаўчым камітэтам задачы мы, безумоўна, выканаем…
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Шчэцька, віншуючы прысутных, зазначыў, што сельскай гаспадарцы сёння ёсць што святкаваць. Праграма харчовай бяспекі краіны выканана цалкам. У прыватнасці, па валавой вытворчасці збожжа Беларусь стабільна ўтрымліваецца на рубяжы 1 тона на чалавека. Адным з нявыкарыстаных пакуль рэзерваў Віктар Шчэцька назваў неабходнасць змяншэння сабекошту і павелічэння якасці сельгаспрадукцыі для яе паспяховага прасоўвання на знешнім рынку.
Ад аблвыканкама аграрнікаў Чэрвеньшчыны павіншаваў з прафесійным святам старшыня праўлення Мінскага абласнога Саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Марынічаў. Ён уручыў Граматы аблвыканкама за добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў трактарысту-машыністу ААТ “10 з’езд Саветаў” Мікалаю Шумко і аператару па штучнаму асемяненню жывёлы ААТ “Лядзенскі” Аляксандру Мікульчыку, Падзякі аблвыканкама – механізатару ААТ “Раванічы” Юрыю Сасункевічу, трактарысту-машыністу ААТ “Валевачы” Уладзіміру Пачасую, жывёлаводам Наталлі Бандарэнка з эксперыментальнай базы “Натальеўск” і Вользе Зыль з СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1”.
Затым старшыня райвыканкама Андрэй Зубар уручыў Дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі кіраўнікам гаспадарак, калектывы якіх сталі пераможцамі раённых спаборніцтваў – дырэктару эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алене Махнач, дырэктару СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1” Уладзіміру Лаўрыку і дырэктару філіяла “СГК “Велікаполле” КУП “Мінсктранс” Аляксандру Дзьячэнку. Узнагароды ад райвыканкама таксама атрымала група работнікаў жывёлагадоўчай галіны (прозвішчы надрукаваны ў мінулым нумары газеты).

Кіраўнікі калектываў-пераможцаў раённых спаборніцтваў Уладзімір Лаўрык, Алена Махнач і Аляксандр Дзьячэнка са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам
Кіраўнікі калектываў-пераможцаў раённых спаборніцтваў Уладзімір Лаўрык, Алена Махнач і Аляксандр Дзьячэнка са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам

За шматгадовую працу ў арганізацыі мясцовага кіравання і самакіравання на свяце адзначаны дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алена Махнач і СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1” Уладзімір Лаўрык. Ганаровыя граматы ім уручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік.
Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці атрымаў майстар участка ААТ “Рыбгас “Волма” Аляксандр Таболін.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шыфрын уручае ўзнагароду пераможцу раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах механізатару Уладзіміру Пачасую з ААТ “Валевачы”
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шыфрын уручае ўзнагароду пераможцу раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах механізатару Уладзіміру Пачасую з ААТ “Валевачы”

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шыфрын уручыў Дыпломы і грашовыя прэміі механізатарам і вадзіцелям – пераможцам раённых спаборніцтваў на веснавых палявых работах, жніве, сяўбе азімых і ворыве зябліва. Лепшых у маладзёжным спаборніцтве на жніве ўганараваў першы сакратар райкама БРСМ Вячаслаў Клімковіч.
Вынікі конкурсу вясковых падвор’яў, які ладзіўся ў рамках фестывалю-кірмашу, падвяла намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька. Першае месца прысуджана ААТ “Раванічы”, другое – эксперыментальнай базе “Натальеўск”, трэцяе – ААТ “Лядзенскі”. Іх калектывы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *