«КОЛАС» — ЧЭМПІЁН!

Спорт

Колас 1сУ нядзелю пасля пераканаўчай перамогі ў гасцях над ФК «Нясвіж» футбалісты чэрвеньскага «Коласа» датэрмінова, за тур да заканчэння спаборніцтваў, заваявалі залатыя медалі чэмпіянату Мінскай вобласці. Віншуем!

ФК «НЯСВІЖ» — «КОЛАС» (ЧЭРВЕНЬ) — 0:5

25 кастрычніка. Нясвіж. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 10 градусаў. 20 гледачоў.
«Колас»: Курыловіч (Аўраменка, 46), Рысянкоў, Палтаржыцкі, Саакян (Прытыка, 60), Савасцёнак (Краўчук, 46), Качаргін (Ганчарык, 56), Цынкевіч, Захарэнь (Фофанаў, 75), Абрамовіч (Чысты, 65), Пыжык (Цэдрык, 73), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Цынкевіч (25), Пыжык (45), Абрамовіч (45+1), Мрынскі (73 — з пенальці), Цэдрык (80).

«Колас» ехаў у Нясвіж не проста па перамогу ў матчы, а з пераканаўчым настроем датэрмінова аформіць чэмпіёнства. Паколькі ў выпадку выйгрышу чэрвеньцы станавіліся недасягальнымі па ачках для сапернікаў.
Дваццаць пяты тур, дваццаць пятае чысло і пяць мячоў, якія нашы «адгрузілі» ў вароты гаспадароў поля. Чэмпіёнскі матч у «Коласа» сапраўды атрымаўся на «пяцёрку» па старой школьнай шкале адзнак.
Хаця не абышлося і без цяжкасцяў. У першай палове сустрэчы, прынамсі, у яе дэбюце, нясвіжскія футбалісты паказалі характар і не збіраліся здавацца без бою. Асабліва геройстваваў іх галкіпер, як здолеў адбіць з паўдзясятка ўдараў нашага лепшага бамбардзіра Аляксандра Мрынскага, у тым ліку — і пенальці.
Але і ён аказаўся не ўсемагутным. Тое, што доўгі час не ўдавалася Мрынскаму, зрабіў Аляксей Цынкевіч. Менавіта ў выніку яго актыўных дзеянняў на левым фланзе атакі чэрвеньцаў мяч па мудрагелістай траекторыі апусціўся ў сетку варот ФК «Нясвіж» — 1:0.
Колас 2сНу, а ключавым момантам сустрэчы стаў галявы дуплет «Коласа» на самым зыходзе першага тайма. Спачатку дасягнуў мэты магутны ўдар Яўгена Пыжыка з цэнтральнай зоны, а потым спрацаваў і правы фланг атакі, з якога скіраваў мяч у вароты Дзмітрый Абрамовіч — 3:0.
Дзякуючы камфортнаму для нашых ліку на табло і вельмі доўгай лаўцы запасных, пасля перапынку трэнер «Коласа» Сяргей Прыступа пачаў рабіць замены, па чарзе даючы выйсці на поле ўсім ігракам, што трапілі ў заяўку на матч. У выніку да канца сустрэчы са стартавага саставу ў «Коласе» засталіся ўсяго чатыры чалавекі. Але замены каманду не аслабілі, бо пераважная большасць тых, хто ў першым тайме сядзеў на лаўцы — зусім не «другія нумары», а тыя ж ігракі асновы.
Што да нясвіжцаў, то, чым менш часу заставалася да фінальнага свістка, тым прыкметней станавілася, што іх пакідаюць сілы. У апошнюю чвэрць гадзіны сустрэчы яны і ўвогуле прыціснуліся да сваіх варот, як бы пацвярджаючы статус відавочных аўтсайдэраў спаборніцтваў. І ўсё ж выратавацца ад канчатковага разгром ім не ўдалося.
За знос у штрафной Аляксандра Мрынскага суддзя другі раз у матчы прызначыў у вароты гаспадароў поля пенальці. Да мяча падышоў сам «пацярпелы» і гэтым разам не пакінуў шанцаў галкіперу — 4:0. Цікава, што гэты гол стаў сотым прапушчаным ФК «Несвіж» у сёлетнім чэмпіянаце.
Але быў яшчэ і сто першы. Гол-прыгажун, які пасля дакладнага навесу Яўгена Краўчука з вуглавога галовой забіў Яўген Цэдрык.
А потым быў фінальны свісток. І радасць — адна на ўсіх. «Золата» чэмпіянату Мінскай вобласці ўпершыню ў гісторыі чэрвеньскага футбола — наша!
Колас 3 сКрыху шкада, што гэтая адметная падзея адбылася не ў дамашнім матчы. Аднак у мясцовых заўзятараў яшчэ будзе магчымасць павіншаваць каманду. У гэтую нядзелю «Колас» ужо ў рангу чэмпіёна згуляе на сваім полі апошнюю сустрэчу спаборніцтваў з ФК «Беразіно». Пачатак, як звычайна, у 14 гадзін.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Вынікі астатніх матчаў 25 тура: ФК «Капыль» — «СМІаўтатранс» (Смалявічы) — 5:2, ФК «Беразіно» — ФК «Старыя Дарогі» — 1:3, «Зорка» (Мар’іна Горка) — «ДЮСШ-4» (Маладзечна) — 2:7, «Вілія» (Вілейка) — ФК «Фалько» — 0:1, «Забудова-Строй» (Чысць) — «Нёман-Агра» (Стоўбцы) — 1:3, «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — «Крупкі-ДРБУ-164» — 1:1.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *