Шчодры дар бульбяных палеткаў

Общество

Сярод шматлікіх восеньскіх клопатаў земляробаў не на апошнім месцы – уборка бульбы. На Чэрвеньшчыне яе вырошчваннем займаюцца сем гаспадарак.

 

Безумоўны лідар сярод іх – эксперыментальная база “Натальеўск”, якая з’яўляецца насенняводчым і валаўтваральным сельгаспрадпрыемствам  па вытворчасці бульбы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У гаспадарцы ўбралі яшчэ толькі чвэрць палеткаў, а ўжо накапалі больш за паўтары тысячы тон клубняў. У параўнанні з мінулым годам, сёлета мы пашырылі плошчу пад бульбу з 230 да 270 гектараў, – распавядае галоўны аграном эксперыментальнай базы “Натальеўск” Сяргей Бабіновіч. – Вырошчвалі дзевяць гатункаў: айчынныя “Скарб”, “Брыз”, “Уладар” і “Янка”, галандскія “Рока”, “Сантэ”, “Маніту” і “Рыўера”, а таксама нямецкі “Саціна”.

З восені на палетках пад бульбу правялі рыхленне падворыўнага гарызонту. Такі тэхналагічны прыём дае магчымасць сыходзіць лішняй вільгаці ў дажджлівыя гады і захоўвацца – пры яе дэфіцыце ў глебе. Падчас пасадкі апрацавалі клубні супраць шкоднікаў і хвароб высокаэфектыўным прэпаратам нямецкай вытворчасці “Яместа Квантум”. Пяць разоў правялі фунгіцыдныя апрацоўкі бульбяніка ад фітафторы.

Таму і ўраджай, нягледзячы на засушлівае лета, радуе. Разлічваем мець каля 300 цэнтнераў на круг, а гэта, з улікам элітнага насення – амаль 7 тысяч тон клубняў…

Хуткія тэмпы ўборкі бульбы ў гаспадарцы забяспечваюць чатыры камбайны, на якіх працуюць механізатары Ілья Бабіч, Андрэй Тарасік, Уладзімір Бабіч і Андрэй Гамеза. З поля яе адводзяць у сучаснае бульбасховішча на 4 тысячы тон, якое сельгаспрадпрыемства пабудавала летась у адпаведнасці з праграмай развіцця бульбаводства за крэдытныя сродкі. Гэта дае магчымасць не спяшацца з рэалізацыяй бульбы: звычайна пасля завяршэння ўборкі яе кошт істотна павялічваецца.

Зрэшты, не спяшаюцца і пакупнікі. Як паведаміў Сяргей Бабіновіч, першая партыя клубняў – 50 тон – гатовая да продажу, але попыту пакуль няма.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *