Колькасць бытавых паслуг павялічваецца

Общество

У няпростых сённяшніх умовах, калі існуе вялікая канкурэнцыя  з боку прадпрымальнікаў,  вельмі цяжка выжываць  раённаму   камбінату бытавога абслугоўвання з невысокімі цэнамі на свае паслугі.  Аб тым, якія меры  прымаюць тут для ўдасканалення гэтай службы, распавядае   дырэктар КУП

«Чэрвеньскі РКБА»  Дзмітрый Палянскі:

— На гэтай пасадзе я  працую  пяць месяцаў. У калектыве   трыццаць дзевяць  чалавек. Засталіся самыя  адданыя. Акрамя ўжо існуючых  паслуг: цырульня, рамонт абутку, рытуальныя паслугі, пашыў адзення, кліенты ўпадабалі атракцыёны. З дапамогай Чэрвеньскага райвыканкама   наш камбінат набыў атракцыён «Батут» , мініяцюрныя гоначныя машынкі.  У святочныя і выхадныя дні гэтыя віды карыстаюцца  папулярнасцю.

А для клапатлівых гаспадынь добрай навіной  стала  тое, што мы ўзнавілі такую паслугу, як чыстка падушак, дакладней — пер’я.  У спецыяльнай машыне адбываецца поўная чыстка пяра ад усялякіх забруджванняў і паразітаў.  Па жаданню кліента можам пашыць насыпку. Каштуе гэта, ну зусім смешна —  сямнаццаць тысяч рублёў за кілаграм пер’я. Такую паслугу можна атрымаць толькі ў Чэрвені.  Але ў любым населеным пункце, дзе ёсць  пункт прыёму заказаў камбіната бытавога абслугоўвання,  можна падаць заяўку. Мы прыедзем,  прымем заказ і ў азначаны тэрмін вернем. Такіх пунктаў па раёну дзевяць — Любішына, Хутар, Красны Дар, Раванічы, Рудня, Чарнаградзь, Заполле, Турэц, Вайнілава. Тут  аказваюць  таксама  цырульныя паслугі. У продажы  ёсць  мыючыя і чысцячыя сродкі,  яны таннейшыя, чым у  гандлёвых кропках.

Прапануем паслугі па абкосу травы, грузаперавозкі, можам пераараць агарод. Калі ў вёсцы няма нашага пункту, звярніцеся  па тэлефону -54535.

Значная  падзея  для нас — адкрыццё цырульні ў гарадскім пасёлку Смілавічы. Знаходзіцца яна ў памяшканні былога кінатэатра. Увогуле, наконт Смілавіч, у нас ёсць   пэўныя планы па адраджэнню  тут  былых бытавых паслуг.

Канешне, у першую чаргу, мы дбаем пра малазабяспечаных грамадзян, цэны на нашыя паслугі найбольш  прымальныя  для гэтых людзей. І  якасць іх — на ўзроўні.

Занатавала

Паліна Польская



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *