Удалая пераемнасць

Люди и судьбы

Вёска  Чарнаградзь — адна з самых маладых у Чэрвеньскім раёне. Сёння  тут пражывае 494 жыхары,  налічваеца  179 падвор’яў.  Знаходзіцца ў маляўнічым месцы, раскінулася на  два берагі   штучнага вадаёма. Ёсць цэлы мікрараён сучасных, добраўпарадкаваных катэджаў, пабудаваных па прэзідэнтскай праграме. Адзін канец вёскі выходзіць на Грабёнскую дарогу,  з другога  за пяць хвілін можна  выехаць  на Магілёўскую шашу.  Гэтае месцазнаходжанне з’яўляецца вельмі прывабным  для будаўніцтва. Таму і  радуюць вока   новыя забудовы.  Бяруць надзелы пад будаўніцтва  мясцовыя жыхары,   купляюць праз аўкцыён   іншагароднія. Зразумела, што і пытанняў у жыхароў  да ўлады шмат.  З імі звяртаюцца ў Валевачскі сельскі выканкам.  Але калі тычыцца сітуацыі, якая закранае   інтарэсы вялікай колькасці жыхароў, тут на дапамогу старшыні сельвыканкама прыходзіць старэйшына вёскі.  Абавязкова гэта аўтарытэтны, сумленны,  паважаны чалавек, якому давяраюць людзі.

Дваццаць тры гады на гэтай пасадзе шчыравала   Валянціна  Пятроўна  Зенчык. Былы парторг, работнік  Чарнаградскага дома культуры.  Менавіта да яе  я звярнулася з пытаннямі.

— Валянціна Пятроўна, як Вам жывецца сёння?

Валянціна Пятроўна Зенчык

— Як і ўсе мае суседзі  займаюся нарыхтоўкай садавіны на зіму. Закрываю кампоты, вару варэнне, збіраю ягады, марыную агуркі і гэтак далей. Звычайныя гаспадарчыя летнія клопаты.

У цэлым жыццё радуе. Вырашылася праблема з вадой ў нашай вёсцы. Раптоўна ў чэрвені месяцы знікла яна з кранаў і калонак.  Мелі нязручнасці, канешне, але, дзякуй кіраўніцтву ЖКГ, цяпер усё наладзілі, вада ёсць.

— А што зараз хвалюе Вас і аднавяскоўцаў?

— Выклікае  заклапочаннасць далейшы лёс нашага ФАПа. Трыццаць сем гадоў адпрацавала тут фельдшарам Пагірніцкая Галіна Сцяпанаўна, ужо на пенсіі. Яна вельмі адказная, людзі ёй давяралі. Ці прыйдзе хто на яе месца?

— Якія падзеі ў свеце найбольш уразілі Вас?

— Падзеі ва  Украіне. У нас нават старэнькія бабулькі абмяркоўваюць гэтую тэму. Шкадуюць  простых людзей, жанчын, дзетак.  З разуменнем і спачуваннем ставяцца нашы людзі да прыезжых перасяленцаў з Украіны. Некаторыя самі калісьці перажылі пераезд, бо жывуць тут, так  званыя, «чарнобыльцы».

— Ці прытрымліваюцца ў Чарнаградзі  народных традыцый, звычаяў?

— Так. Народныя святы вельмі любім і паважаем. Стараемся захоўваць традыцыі, перадаць  моладзі. У клубе  працуе гурток  мастацкай самадзейнасці. Спяваюць народныя песні, развучваюць даўнія танцы. Але амаль нідзе не выступаюць. Яшчэ і кіраўніка ў клубе няма. Марым ажывіць паўсядзённасць  будняў,  жаданне ў жыхароў ёсць. Па-добраму пазайздросцілі  мы  суседзям — жыхарам Грабёнкі, дзе  прайшло «Свята вёскі». Пажадана, каб і ў нас гэта адбылося.  Чакаем агульнага сходу жыхароў вёскі для сустрэчы   з работнікамі сельвыканкама.

— Хто з жыхароў Вашай вёскі  выклікае найбольшую павагу?

— Вельмі паважаюць нашы людзі  былога старшыню калгаса, цяпер дырэктара Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода Мікалая Міхайлавіча Шыфрына і яго сына — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Чэрвеньскага райвыканкама Аляксандра Мікалаевіча, а таксама галоўнага заатэхніка гаспадаркі Зінаіду Пятроўну Зыль, загадчыцу ФАПа  Галіну Сцяпанаўну Пагірніцкую,  загадчыцу дзіцячага садка  Марыю Аляксандраўну Буркун, механізатара Васіля Васільевіча Пачасуя. Сярод маладых вызначаюць механізатара Уладзіміра Пачасуя, будаўніка Віктара Болдава.

— Як Вы бавіце час, чым любіце займацца ў вольную хвіліну?

— Збіраю  лекавыя травы, сушу, гатую зборы, раблю настоі. Захапілася гэтай справай ужо даўно. Нават у нашай школе вяла гурток «Лекавыя травы». Да мяне і зараз звяртаюцца людзі за парадай і дапамогай. Чытаю шмат літаратуры па гэтай тэматыцы. Магу да часу ночы засядзецца за новай кнігай. А нядаўна ў мяне першыя ўнучкі нарадзіліся, двайняткі. Трэба дапамагчы маладым бацькам. Цяпер усе мае думкі з імі.

— Ці ведаеце, што азначае Ваша імя?

— Здаецца,  мужная, моцная, здаровая. Я люблю людзей вясёлых, быстрых,  актыўных, аптымістаў адным словам. Сама такая.

Валянціна Міхайлаўна Кашалева
Валянціна Міхайлаўна Кашалева

Такая і Валянціна Міхайлаўна Кашалева — пераемніца  Валянціны Пятроўны на пасадзе старэйшыны вёскі. Нездарма і імёны ў іх аднолькавыя. Валянціна Міхайлаўна з’яўляецца дэпутатам  сельскага Савета, а з гэтага года  і старэйшынай вёскі Чарнаградзь прызначана. Дванаццаць гадоў таму пераехала яна з дзецьмі  сюды, як перасяленка з Чарнобыльскай зоны.  «Вёска вельмі спадабалася, — гаворыць яна, —  іншага месца і не ўяўляю для сябе, дзяцей і ўнукаў». Працаваць Валянціна  пайшла загадчыцай фермы ў Ялчу.

— Не думала, — кажа, — што затрымаюся на ферме надоўга, а ўжо дванаццаць гадоў.

— Напэўна, цяжка быць загадчыцай? Дысцыпліну патрэбна трымаць, самой ва ўсім быць прыкладам?

— Так. Але я люблю людзей, шкадую, спачуваю. Розныя абставіны ёсць у жыцці, гэта таксама трэба разумець. На нашай ферме склаўся  пастаянны калектыў — дзесяць чалавек. Усе працуюць па многу гадоў.

— Як у Вас гэта  атрымалася? Няўжо не бывае зрываў?

— Усё бывае, як у любой сям’і. Ёсць людзі, якім патрэбны пастаянны кантроль, яны  хочуць  адчуваць увагу, клопат ад іншых. Таму і  строгія вымовы прымаюць з  разуменнем, значыць  іх  лёс неабыякавы іншым. Думала ўжо пайду на пенсію, але столькі зроблена за гэтыя гады, калектыў склаўся добры. Ну як я без іх?

— Валянціна Міхайлаўна, каго б з маладых працаўнікоў гаспадаркі Вы  вызначылі  б?

— Сярод жыхароў вёскі карыстаюцца павагай  Максім Мазначэнка, Валера Кучкін, Дзіма Русецкі, Валодзя Пачасуй, Марына Крук, Лена Лісіца, Вольга Корзун. Гэта і работнікі добрыя, і сем’яніны прыкладныя, і  таварышы надзейныя.

— Дзякуй вам, дарагія Валянціны, за размову, за працу, за цудоўны настрой, за пазітыўныя адносіны да рэчаіснасці.

Паліна Польская. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *