Старшыня райвыканкама Андрэй ЗУБАР: «Ніводнага зярнятка не павінна застацца ў полі»

Местная власть

Старшыня райвыканкама Андрэй ЗубарПытанні гатоўнасці да жніва разгледжаны ў суботу на семінары-вучобе з кіраўнікамі, галоўнымі інжынерамі і галоўнымі аграномамі гаспадарак Чэрвеньшчыны ў ААТ «Раванічы».

Старшыня райвыканкама Андрэй Зубар прывёў у прыклад падрыхтоўку камбайнавага парку гэтай гаспадаркі і адначасова выказаў незадаволенасць тым, што яшчэ не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах збожжаўборачная тэхніка даведзена да ладу.

— Падрыхтоўка камбайнаў — на сумленні кіраўніка і інжынернай службы, — сказаў ён. — Калі надараецца паломка ў полі, рамонт займае некалькі гадзін, максімум — дзень. А тут за два месяцы не можам забяспечыць гатоўнасць. І гэта пры тым, што ўжо 15 ліпеня трэба будзе выбарачна пачынаць жніво…

Гаворачы пра ўборку зерневых, Андрэй Зубар падкрэсліў, што сёлета яе неабходна праводзіць пры вільготнасці збожжа не больш за 15 працэнтаў:

— Ніякіх лішніх выдаткаў паліва, электраэнергіі на яго высушванне не будзе. Ачысцілі — і ў засекі. У мінулым годзе раён атрымаў рэкордную для сябе колькасць зерня — 85 тысяч тон, але частка яго аказалася «намалочанай» «на паперы». Нам такога не трэба. Нам трэба рэальнае таварнае збожжа. Неабходную яго колькасць рэалізуем дзяржаве, заплацім людзям заробкі, астатняе — пакладзём на фураж, каб накарміць жывёлу…

Асобную ўвагу Андрэй Зубар звярнуў на якасць уборкі ўраджаю.

— Ніводнае зярнятка не павінна застацца ў полі, — зазначыў старшыня райвыканкама. — Аграном вырасціў хлеб, ён павінен стаяць на полі і сачыць за якасцю уборкі…

Удзельнікам семінара на практыцы паказалі, як правяраць камбайны на герметычнасць, нагадалі правілы іх рэгуліроўкі, парадак абсталявання ў адпаведнасці з тэхнікай пажарнай бяспекі. Ішла гаворка пра асноўныя тэхнічныя прычыны недабору збожжа. Гэта — недакладна настроеная вышыня матавіла, невыкананне хуткаснага рэжыму руху камбайна ў залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, няправільная ўстаноўка ачышчальных рашотаў і іншае. Улічваючы важнасць праблемы магчымых страт ураджаю, Андрэй Зубар даручыў вучэбна-курсавому камбінату райсельгасхарчу на працягу бліжэйшых дзён яшчэ раз грунтоўна вывучыць асаблівасці рэгуліроўкі камбайнаў з механізатарамі і спецыялістамі ў кожнай гаспадарцы.

Таксама старшыня райвыканкама запатрабаваў, каб да пачатку жніва была гатовая працаваць у полі не толькі збожжаўборачная тэхніка, але і прэс-падборшчыкі для хуткай уборкі саломы з іржышча, трактары з плугамі і сеялкамі.

— Трэба рыхтавацца да таго, што ўжо ў пачатку жніўня будзем сеяць азімы рапс, а за ім — азімую свірэпіцу з разліку 20 сотак на галаву жывёлы.

У гэтым годзе гаспадаркі раёна набылі 49 новых трактароў. Таму ніякіх праблем з восеньскай сяўбой у тэхнічным плане не павінна быць, — сказаў Андрэй Зубар.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *