35 мільёнаў рублёў выдаткавана сёлета на Чэрвеньшчыне для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага

Общество

35 мільёнаў рублёў выдаткавана сёлета для барацьбыНа тэрыторыі раёна ёсць 46 участкаў агульнай плошчай каля 4,5 гектара, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага. Яны закранаюць тэрыторыі шэрагу населеных пунктаў, лясны фонд, землі сельскагаспадарчага карыстання, узбочыны аўтамабільных дарог.

Барацьба з гэтым чужародным для экасістэм і небяспечным для здароўя відам раслін вядзецца ў адпаведнасці з распрацаваным паводле рашэння райвыканкама планам мерапрыемстваў.  Як засведчыла практыка апошніх гадоў, найбольш эфектыўным метадам рэгулявання колькасці баршчэўніка на вялікіх плошчах з’яўляецца прымяненне пестыцыдаў (на малых плошчах прымяняецца яго механічнае выдаленне — выкопванне). На гэтыя мэты сёлета ў раёне выдаткавана 35 мільёнаў рублёў, у тым ліку 15 мільёнаў рублёў — Чэрвеньскаму лясгасу.

Наша інспекцыя  вядзе кантроль за ходам выканання работ па барацьбе з  баршчэўнікам Сасноўскага. Усім землекарыстальнікам, на тэрыторыі якіх ён выяўлены, выдадзены прадпісанні правесці адпаведныя мерапрыемствы да 1 ліпеня.

У райцэнтры на ўчастку паміж вуліцамі Мінская, Шамецька і Заслонава Чэрвеньскі камунгас своечасова выкасіў баршчэўнік, а затым правёў там апрацоўку набытымі за ўласныя сродкі гербіцыдамі. Мяркую, што вынік ад прынятых мер будзе.

Таксама сёлета праведзена раскарчоўка сада ў вёсцы Дамавіцк, дзе баршчэўнік Сасноўскага займаў значныя плошчы. Тэрыторыя ўцягнута ў гаспадарчы абарот, што з’яўляецца адной з эфектыўных мер барацьбы з гэтай шкоднай раслінай.

Разам з тым, яшчэ ёсць месцы, дзе работы па рэгуляванню колькасці баршчэўніка Сасноўскага трэба праводзіць паўторна. Найперш гэта — вёска Вайнілава і яе наваколле,  вёскі Чарнаградзь і Новыя Зелянькі.

Нагадаю, што за непрыняцце мер барацьбы з інвазіўнымі відамі раслін дзеючым заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: штраф у памеры да дваццаці базавых велічынь.

Валянцін ПУЗАНКОЎ, начальнік Чэрвеньскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *