Вось яна якая, наша Дзеруцкая

Общество

116788_prev_425…Распавядаючы пра жыхароў і мінулае маёй роднай вёсачкі, я пастаянна задумваюся: нялёгкія лёсы павыпадалі нам тут… Ніхто не рос, як сыр у масле, цярпелі нястачы, працавалі цяжка і самі, і бацькі нашы, і бабулі. Харанілі родных, аднавяскоўцаў, некаторыя з якіх пайшлі так нечакана і да прыкрага хутка… Знаёміліся, жаніліся, гадавалі дзяцей, будавалі такія-сякія хаты. Выбітнога асабліва нічога не было, жылі, як у тым пісьме Таццяны да Анегіна: «А мы — ничем мы не блестим…» Таму радаваліся простым падзеям: ураджайнаму на бульбу году, нараджэнню суседскага дзіцяці, прылёту буслоў. А вось, дарэчы, і мая асабістая гісторыя пра бусла. Хопіць меланхалічных роздумаў, трэба паспець расказаць, які ў мяне быў Лёшык! Слухайце…

НЕ МОЖАШ ЛЁТАЦЬ — СЯДЗІ, ГЛЯДЗІ ТЭЛЕВІЗАР

Некалькі гадоў таму побач з маёю хатаю пакалечыўся бусел-падлетак: сядзеў са зламаным крылом. Відаць, няўдала скінуўся з буслянкі, ці мо яго хто дрэпнуў, карацей, забрала яго да сябе хто? — канешне, баба Ала, бо жалее ўсіх жывёлак. Я дала яму мянушку Лёшык: такі ён быў рахманенькі, дабрадушны. Як абвыкся на ўсадзьбе, дык хадзіў за мною паўсюды, нібы дзіця. Цікаўны, і не баяўся нічога, а паесці любіў, асабліва, канешне, дробнай рыбай паласавацца. Пражыў ён у мяне восень, і стала яму зімою на дварэ халодна. Ну што ж, узяла ў хату!.. Жыў за печчу. Спаў, дакладней, там ноччу. Астатні час хадзіў па хаце, усім цікавіўся. Кашу еў. А па вечарах, як я сяду тэлевізар глядзець, дык і ён са мною! Падыдзе, галаву на плячо мне пакладзе і стаіць так. Здаецца, слухае, што там у тэлевізары адбываецца. Так мы з Лёшыкам перазімавалі, дачакаліся вясны, зноў ён пачаў па двары шпацыраваць. Вырас ужо, акрэп, пачаў станавіцца на крыло. Трэба было нешта з ім вырашаць. Пусціць на волю небяспечна — ён ручны, сто працэнтаў ці сабакі загрызлі б яго, ці яшчэ як небудзь бы прапаў праз сваю даверлівасць. А ў двары утрымліваць — ну, што.. Гэта ж птушка, ёй прастора трэба… Патэлефанавала я ў заапарк у Мінску, у Чыжоўку. І там згадзіліся ўзяць Лёшыка. Так і аддала я яго. Крыху шчымліва было развітвацца, але ж нічога. Я сваё для яго зрабіла, тэлевізару нагледзеўся!.. Во здымак застаўся, як ён у мяне па двары шпацыраваў.

СТЭПЧЫНА ДЗЕВАЧКА

А ці ведаеце, як я да 16 год свайго прозвішча не ведала? Вось гісторыя!.. Гэта ж якія тады, у 50-60 гады, былі простыя парадкі з дакументамі. Запісвала мяне ў горадзе, у вайну яшчэ, бацькава маці; бабка, выходзіць, мая па бацьку. З ім потым асобная будзе гісторыя. А на вёсцы ў нас часта завуць не па прозвішчу. Мяне дык звалі Алка Стэпчына. Гэта па мамінай маме, яна была Сцепаніда, а па-сялянску Стэпка. Прозвішчам жа сваім я лічыла — Траяновіч, як у мамы. Ну, з ім і ў школу хадзіла — спачатку ў Дзеруцкой, потым у Чэрвені. Восьмы клас не давучылася — вельмі цяжка даводзілася, зрок ужо тады быў дрэнны, гэта перашкаджала заняткам. Да таго ж жылі мы небагата, не было чаго і надзець у тую школу… Пайшла працаваць спачатку ў калгас, а потым — «у людзі»: домработніцай. Так, так, а вы думалі, гэта толькі ў кіно ды ў Маскве домработніцы былі?.. Спачатку рабіла ў цырульніка Салавейчыка, ягоная жонка хварэла надта, нічога не магла рабіць. Як яна памерла, ён мне даў «вольную». Пасля яго пайшла ў нянькі да настаўніка, на Зяневіча жыў. Гадавала іх дзяўчынку. Вось жонка настаўніка мне і кажа: «Давай уладкую цябе на працу, не век жа па людзях табе таўчыся». Спатрэбілася для гэтага ўладкавання метрыка. Да таго нідзе яна нікому не патрэбна была — ні ў школе, ні ў калгасе. Сказаў на словах, хто ты — вось і ўсё «пацверджанне асобы». Ну, што: пайшлі ў ЗАГС, сталі шукаць Траяновіч Алу. Кажуць — няма. З бабуляй мы былі. Бабуля кажа: «Тады пашукайце Калтовіч». І точна, ёсць такая! Так і вызначылася, што я 16 год пражыла, думаючы, што я Траяновіч, да таго ж у вясковым абіходзе больш чула пра сябе «Стэпчына». А, аказваецца, па метрыцы была Калтовіч, як бацька. У вайну яны з мамай шлюб не рэгістравалі, не да таго было. А як нарадзілася я, то бацькава маці пайшла і запісала мяне на іх прозвішча. Мая мама гэтага і не ведала, лічыла, што я павінна быць, як і яна, Траяновіч. Гэта рэдкае для Чэрвеньшчыны прозвішча, болей тут такого няма, яно — з Маладзечаншчыны, адкуль карані маіх продкаў па маме. Яна, гаротніца, так Калтовічавай і не стала, мала з маім бацкам пажыла. А пачыналася ж іх каханне насуперак ваеннаму полымю…

НЕЗАГАРТАВАНАЕ КАХАННЕ

Так атрымлівалася у маім раду, што жанчыны сустракалі сваіх мужчын падчас вялікіх ваенных падзей. Бабка мая, Стэпка Траяновіч, разам з бацькамі і сястрой Зосяй яшчэ ў тую вайну, у 1914 годзе, пераехаўшая у Дзеруцкую з-пад Маладзечна, пайшла служыць да заможнага чалавека, і завёўся ў яе хлопец. Але як прыйшла рэвалюцыя, дык устанавіліся ў гэтым віры такія жорсткія норавы, што расстрэльвалі за любы не той крок. Застрэлілі за штосьці і таго Стэпкінага хлопца, і нарадзіла яна маю маму, Насту, ужо без яго. І амаль адразу зноў пайшла «ў людзі», бо чым жа карміцца без мужыка маладой бабе з дзіцем?.. Грошы, што зарабляла, аддавала сястрынаму мужыку, Сідару. Агульнымі намаганнямі яны назбіралі грошай, як слёз, і Сідар купіў маленькую хатку, ледзь не «на курыных ножках», на тым месцы, дзе зараз насупраць жывуць Плаксуновы.

Калі вырасла мая мама, то перад вайной стала вучыцца ў Мінску за стрэлачніцу. Але пачалася вайна, і мама вярнулася ў вёску. От нездарма кажуць — маладое сваё бярэ, нягледзячы ні на што. Здавалася б, страх, вайна, немцы, — але і ў такіх абставінах нараджаюцца пачуцці. Яны не выбіраюць ні час, ні месца. Дакладна, як у кінастужках, дзе ў самых жорсткіх умовах маладыя цягнуцца адзін да аднаго. Нібы насуперак той смерці ды вайне!.. Так і мая мама пачала сустракацца з мясцовым хлопцам, Пятром Калтовічам. Неўзабаве ён пайшоў у партызаны, быў недзе пад Клінком. Праз нейкі час мама нарадзіла дзяўчынку. А потым прыйшла ёй павестка, каб з’явілася ў камендатуру: нехта з мясцовых данёс немцам, што яе Пятро ў партызанах. Мама кінула дзіця на суседзяў, у якіх было сваіх чацвёра на печы, а сама пабегла схавалася ў балоце. Так яна хавалася не раз, як толькі якая трывога. Неўзабаве, відаць, ад такіх пертурбацый, дзіця тое памерла. Пайшла замест мамы ў камендатуру яе маці, бабка Стэпка. Там яе білі, каб сказала, дзе дачка, і не выгароджвала яе. А потым адправілі на работы ў Германію. Гэта быў 43-ці год. Маці жыла адна, Пятро прыходзіў, як выпадала магчымасць. Як у 44-м прыйшло вызваленне на Беларусь, дык крыху пазней бацьку прынялі ў войска, паваяваў ён яшчэ і на фронце. Пасля вайны Пятро стаў міліцыянерам. Бабуля Стэпка вярнулася з германскага рабства. Я нарадзілася. Здавалася б, вось і жыві зараз, настаў спакой… Але каханне, якое вытрывала ваеннае ліхалецце, аказалася безабаронным перад саблазнамі міру: у Чэрвені ў Пятра з’явілася другая сям’я…

А нам было цяжка. Мама рабіла ў калгасе, бабку Стэпку паралізавала, ногі балелі. Да мамы сваталіся не аднойчы, але не ішла. Толькі калі мне споўнілася 15 гадоў, згадзілася яна на прапанову, зноў пайшла за дзеруцкога. Нарадзілася ў іх мая сводная сястра Света. А Калтовічава сям’я, хоць Пятра ўжо няма, і зараз жыве ў Чэрвені, нават і ў раёнцы бывае пішуць пра таго ці іншага з іх.

Сама я прозвішча Калтовіч так і не паспела добра асвоіць — у 18 выйшла замуж. Зараз у мяне ёсць трое дзяцей, шэсць унукаў (чацвёра хлопцаў і дзве дзяўчынкі). І адзін праўнук, Мікіта, якому ўжо хутка 11 гадоў.

НАБЛІЖАЕМСЯ ДА…

Усякага я паспытала ў жыцці, таксама, як і многім, нялёгка прыйшлося. Здаецца, во зараз толькі нешта добрае пачалося! Як той паштальён Печкін казаў — «Я, мо, яшчэ толькі жыць пачынаю!..» Вось планую ў гэтыя выхадныя адзначаць свой юбілей — 70 гадоў. Дык склала два спіскі: гасцей і патрэбных прадуктаў, зараз сяджу гляджу на абодва і чухаю патыліцу. Але нешта будзе. Я не жадная: у ляпёшку разаб’юся, але гасцей сустрэну як падабае!..

Адной з жаданых гасцей на маім святкаванні будзе стрыечная сястра Жанна Лабанок, якая мне часта бліжэй бывае за родную. Звоніць, наведвае, вельмі люблю яе. Яшчэ адна жаданая госця — Тамарачка наша Сакалоўская. Многія з чытачоў яе ведаюць, яна ўзначальвае райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Гэта мая радня, я ганаруся гэтым. Тамарка наша мясцовая дзеруцкая дзяўчына, і сярод жыхароў вёскі ёсць і акрамя мяне яе радня, сваякі. Дык вось каго хочаце спытайце — на працягу столькіх гадоў шмат каму яна дапамагла ў цяжкую хвіліну! Ніколі не адкажа, падтрымае, чым можа. Вельмі добрая жанчына.

Вось я і пералічыла, успомніла і расказала пра Дзеруцкую ўсё, што лічыла патрэбным. Напачатку мой аповед змяшчаўся ўсяго на трох лісточках, але аказалася, што ёсць што сказаць цікавага амаль пра кожнага нашага жыхара, хоць ніхто з іх і не лятаў у космас, не выйграваў алімпіяду і не здзяйсняў вялікіх подзвігаў. Мы простыя людзі, але ганарымся сваёй зямлёй, сваёй вёскай, жывём, як можам, імкнемся да лепшага, а галоўнае — жадаем дабра адзін аднаму і ўсім людзям. Вялікі дзякуй чытачам, что так доўга ўдзялялі ўвагу нашай маленькай вёсцы і бабе Але, якая на старасці гадоў нечакана крыху пабыла журналістам і вельмі гэтаму рада!..

З любоўю і павагай — Ала КРАСОЎСКАЯ

Паважаная Ала Пятроўна!

Сардэчна віншуем Вас з Днём нараджэння! Жадаем усяго самага найлепшага — здароўя Вам і Вашым родным, доўгіх гадоў жыцця, добрага настрою, аптымізму, ладу ў гаспадарцы і пашаны ад людзей. Вялікі Вам дзякуй за супрацоўніцтва з раёнкай, за шчыры расповед аб Дзеруцкой і лёсах Вашых аднавяскоўцаў. Спадзяёмся, што наша шчырае сяброўства будзе працягвацца!

Калектыў рэдакцыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *