Праблемы аднавяскоўцаў заўсёды ў полі яе зроку

Люди и судьбы

Дзве грамадскія нагрузкі мае Ларыса Віктараўна Лаппо з вёскі Нежаўка Валевачоўскага сельсавета. Яна — стараста гэтай вёскі і дэпутат. Нездарма абралі яе адразу на дзве пасады: жанчына ўвесь час навідавоку — працуе загадчыцай магазіна. Яе добра ведаюць людзі, і яна ўсіх жыхароў сваёй выбарчай акругі. А гэта  вёскі Нежаўка, Пагулянка, Ільінка і частка вёскі Грабёнка. Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, Ларыса Віктараўна нераўнадушна ставіцца да праблем сваіх выбаршчыкаў. Асноўныя жыхары на вёсцы зараз пенсіянеры і дачнікі. Лічаныя з іх — моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. Паважаюць Ларысу Віктараўну аднавяскоўцы за неабыякавасць да людскіх праблем, за  няўрымслівы характар.

Стараста — асноўны сувязны на вёсцы паміж выбаршчыкамі і сельвыканкамам. Іншы раз чалавек не мае магчымасці звярнуцца непасрэдна да старшыні сельсавета, а  загадчыцу магазіна можна ўбачыць кожны дзень і паскардзіцца на якіясьці праблемы.

Сама Ларыса Віктараўна — чалавек вельмі сціплы, пра сябе гаворыць неахвотна, лічыць, што нічога звышнатуральнага не зрабіла. А тым не менш, па словах старшыні Валевачоўскага сельсавета Алены Чыканоўскай, —  менавіта ў Нежаўцы, дзякуючы старасце, парадак заўсёды. Яна не чакае нейкіх указанняў зверху, ведае сама, што трэба рабіць. Падыходзіць да кожнага, хто здольны працаваць. А такіх людзей, хто пастаянна пражывае ў вёсцы, зусім нямнога. Запрашае на суботнікі і дачнікаў, яны не адмаўляюць,   прыходзяць кожны са сваім інвентаром. Вось грамадой і наводзяць парадак: і на вуліцы, і на могілках. Таму, напэўна, і стыхійныя звалкі тут — вялікая рэдкасць.

Як дэпутату і як старасце даводзіцца вырашаць Ларысе Віктараўне, я і асабістыя праблемы грамадзян. Дапамагала і на работу ўладкоўвацца людзям, і ў нядобранадзейных сем’ях бывае, гутаркі праводзіць. Нераўнадушна ставіцца і да праблем п’янства на вёсцы. Асаблівы яе клопат — адзінокія састарэлыя людзі. Адной такой жыхарцы, якой ужо неабходны быў догляд, дапамагла перабрацца на пастаяннае месца жыхарства да родных.

Можна многа гаварыць людзям пра тое, як трэба жыць, як сябе паводзіць, —  ўсё будзе безвынікоўна, калі ты сам не робіш таго, што ім прапануеш. Сям’ю  Ларысы Лаппо ўсе ведаюць на вёсцы. Дзве дарослыя дачкі жывуць у Мінску, ёсць маленькая ўнучка.

На падворку ў гэтай сям’і заўсёды парадак, які Ларыса Віктараўна, яе муж і дзеці наводзяць разам і ўвесь час падтрымліваюць. Трымаюць і гаспадарку: каня, трусоў і курэй. Любіць чытаць Ларыса Віктараўна, а яшчэ — вязаць. На жаль, на гэтыя захапленні застаецца мала часу. «Выйду на заслужаны адпачынак, — гаворыць яна, —  тады займуся любімымі справамі».

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *