У палоне сацыяльных сетак

Общество

Жыццявір — аўтарская калонка Ігара АДАМОВІЧА

Прызвычайванне да іх адбываецца неяк неўпрыкмет. Проста аднойчы заўважаеш, што жыццё ў сетках зацягнула цябе і стала гэткай жа патрэбай, як сняданак, абед і вячэра. Са стасункаў з віртуальнымі сябрамі ты пачынаеш свой дзень і не можаш без іх заснуць, як у маленстве без казкі на ноч.

Для мяне знаёмства з сацыяльнымі сеткамі пачалося з «Аднакласнікаў». Калі табе «за сорак», міжволі абуджаецца настальгія па мінуламу. Хочацца пабачыць, якімі сталі твае сябры дзяцінства, студэнцкіх гадоў. Тыя, каго лёс раскідаў не толькі па Беларусі, але і па ўсяму свету.

І вось ужо на цябе пазіраюць з фотаздымкаў такія ж, як і сам, дарослыя «дзядзькі» і «цёткі». Некаторыя амаль не змяніліся з твару, іншых пазнаеш з цяжкасцю. Пачынаеш стасункі з імі ў віртуальнай прасторы і хутка разумееш, наколькі доўгія гады жыцця перайначваюць усё з дакладнасцю да наадварот. Тыя, з кім некалі напоўніцу дзяліў радасці і няўдачы, сёння з неахвотай адказваюць на пытанні, нібыта намякаючы, што ты ім нецікавы. А тыя, з кім быў знаёмы на ўзроўні «прывітанне — да пабачэння», настойліва набіваюцца ў блізкія сябры. Але з імі самому чамусьці не хочацца перапісвацца…

Такім чынам, у «Аднакласніках» я з цягам часу расчараваўся. Асабліва тады, калі пабачыў, як непазбежна напаўняецца штодзённая стужка актыўнасці сяброў здымкамі коцікаў-сабачак, кветак і не дужа дасціпнымі, на мой погляд, жартамі і анекдотамі. А пасля вядомых трагічных падзей ва Украіне — яшчэ і агрэсіўнай палітычнай прапагандай.

Не, я і сёння заходжу на «Аднакласнікі» рэгулярна. Але ненадоўга. І толькі для таго, каб не згубіць сувязь з некалькімі сябрамі, якія мне па-сапраўднаму дарагія.

Затое напрыканцы мінулага года «падсеў» на сацыяльную сетку «Фэйсбук». У параўнанні з «Аднакласнікамі» тут нашмат больш магчымасцяў адрэгуляваць стужку актыўнасці пад свой густ. Таму, маючы папярэдні сумны досвед, у «Фэйсбуку» стварыў для сябе камфортнае асяроддзе. У сябрах пераважаюць блізкія па светапогляду людзі. І, што дзіўна, многія з тых, каго раней ведаў толькі ў твар, ці не ведаў зусім, сёння мне — як родныя.

Тут, за выключэннем рэдкіх выпадкаў, няма агрэсіі. Суразмоўцы ў пераважнай сваёй большасці — асобы культурныя, інтэлігентныя, інтэлектуальныя. З імі можна абмяркоўваць самыя розныя тэмы: ад палітыкі і эканомікі, да літаратуры, мастацтва і спорту.

Праўда, аднойчы сутыкнуўся ў «Фэйсбуку» з самай сапраўднай цэнзурай. Зарэгістраваўшыся ў групе, дзе пішуць пра Чэрвень, некалькі разоў размяшчаў там свае выпускі аўтарскай калонкі «Жыццявір» з «раёнкі». І вось, надрукаваўшы апошні з іх (той, дзе гаворка ішла пра добраўпарадкаванне пляжу на Натальеўскім возеры), неўзабаве пабачыў, што публікацыя… знікла. «Паставіў» яшчэ раз. Літаральна праз некалькі хвілін яе зноў прыбралі, а заадно і мяне выдалілі з гэтай групы. Вось вам і «свабода слова»…

Апошняй сацыяльнай сеткай, якую выпала асвоіць, стала «УКантакце». Па шчырасці, доўгі час я… саромеўся там рэгістравацца, ведаючы, што сярод яе карыстальнікаў пераважае моладзь. Хваляваўся, як буду выглядаць і наколькі ўтульна буду адчуваць сябе ў кампаніі тых, хто па ўзросту мне ў дзеці падыходзяць. Але ж нічога, «жыву» ў гэтым «грамадстве» вось ужо другі месяц. А адбылося маё далучэнне да «УКантакце» праз уступленне ў групу аматараў чэрвеньскай футбольнай каманды «Колас», гульні якой асвятляю ў «раёнцы». Мо, таму і ўліўся ў маладзёжнае асяроддзе проста і без праблем, што сярод сяброў групы —  тыя, з кім маю трывалыя стасункі і як журналіст, і як даўнішні заўзятар «Коласа».

Нават за непрацяглы час прысутнасці ва «УКантакце» я пазбавіўся некалькіх стэрэатыпных уяўленняў. Напрыклад, наконт таго, што моладзь дзень і ноч сядзіць у сетцы. Па маіх назіраннях, гэта зусім не так. Пішаш у групе цікавую футбольную навіну і чакаеш яе актыўнага абмеркавання, а ў адказ — цішыня. Мо, і чытае хто? Дык хоць бы «лайкнулі», ці, як прыгожа гэта перакладаецца з англійскай мовы на беларускую, «паставілі падабайку», каб відно было, што чыталі. Дык не: у групе пад трыста чалавек зарэгістравана, а «падабаек» пад навіной і дзесяці не набіраецца. З раніцы, асабліва зараз, улетку, ва «УКантакце» рэдка каго заспееш «анлайн». Затое бліжэй да апоўначы «рух» тут максімальна ажыўляецца. Моладзь ёсць моладзь!

Словам, усе сацыяльныя сеткі маюць свае адметнасці, свае прывабнасці і свае хібы. З чым не магу пагадзіцца, дык гэта з тым, што яны дужа ўжо шкодныя і небяспечныя. Мяркую, што шкоды ад іх уплыву на тую ж моладзь не больш, чым было ў нашым дзяцінстве ад уплыву вуліцы. Наадварот, сацыяльныя сеткі пэўным чынам кампенсуюць дэфіцыт жывых стасункаў, які ў нашым вірлівым жыцці становіцца ўсё больш адчувальным.

Пішыце: adamovich_rv@mail.ru

Тэлефануйце: 55-6-98



1 комментарий по теме “У палоне сацыяльных сетак

  1. Все это хорошо, только скоро некоторым даже к соседям будет лень сходить в гости «на чай». Включил комп, настроил камеру и все… Единственный плюс, если, начаевничавшись, поругаются, то морду друг другу не набьют.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *