Вось яна якая, наша Дзеруцкая

Общество

Прывітанне, людцы! Завуць мяне Ала КРАСОЎСКАЯ, жыву ў Дзеруцкой, адкуль і дасылаю шчырае прывітанне ўсім чытачам раёнкі. Сама я з ёю сябрую ўжо столькі гадоў — вой! Некаторых з вас яшчэ і на свеце не было, калі я ўжо ўважліва прачытвала раённую газету «Калектывіст» ад першага радка да апошняга. Мо, думаеце, бабе Але гадоў сто? Не, усяго толькі семдзесят рыхтуюся скора адзначаць! Зараз, я вось гляджу, пачалі зноў у газеце пра вёскі распавядаць, як колькі гадоў таму. Добрая справа: і гісторыя краю захоўваецца, і вяскоўцам прыемна пра сваю мясціну ў газеце прачытаць і на фотаздымках убачыць. І ведаеце — карціць у мяне адна ідэя: што, каб самой у газету допіс адправіць?.. Здаецца ж, не дурная, язык падвешаны — а мо атрымаецца і ў мяне на старасці гадоў у журналісты патрапіць?! Думала-думала, ды і рашылася. Раскажу пра сваю вёску. А вы, чытачы, калі што, бабу Алу крэпка не крытыкуйце: я мо дзе і памылюся ў правапісе, але пра родную вёску і людзей, аднавяскоўцаў сваіх, раскажу ад душы. Дык вось пачынаю …

 

ТУРУЦІНКІ + ВЕРАСОЎКА

Дзеруцкая наша непадалёку ад Чэрвеня. Па асфальту на Смалявічы кіламетраў пяць, хто кажа шэсць — мо, адлічваюць ад розных кропак. Праехалі Кукушкіна, мінулі паварот на Асінаўку — тут і мы. Адна вуліца ў нашай вёсцы, але доўгая. Вакол — палі мясцовай гаспадаркі. Раней, у савецкія часы, доўга лічыліся мы калгасам «Бальшавік». Дагэтуль старыя людзі памятаюць старшыню Грыняка, добры быў чалавек, многа зрабіў, і іншыя ў калгасе працавалі з ахвотай, на яго гледзячы. Зараз навакольныя землі адносяцца да «Райаграсервісу». Таксама дармо — хто ў гаспадарцы працуе, тым зямлю даюць пад бульбу, апрацоўваюць яе сваёй тэхнікай. І зерне, калі хто пасеяў у сябе, дык увосені камбайн прыедзе сажне. Іншая справа, што працуе наогул ўжо з нас мала хто: большасць карэннага насельніцтва састарэлыя, а з маладых — палова дачнікі з Мінску, а свая палова імкнецца ў горадзе працаваць.

Ну, а вось паходжанне назвы нашай вёскі крыху застаецца загадкай… Мы тут, як я вырашыла ў карэспандэнты падацца, з суседам Іванам Коўганам пачалі ў інтэрнэтах шукаць, чаму наша вёска Дзеруцкая завецца. Паходжанне назвы, так бы мовіць, па-навучнаму, вылучалі!.. І нешта нічога не вылучылі. Вядома толькі ад старых людзей, што даўно, яшчэ да вайны, звезлі сюды некалькі навакольных хутароў. Адзін зваўся «Верасоўка», другі «Туруцінкі». Тыя мясцінкі на вёсцы і цяпер так завуць. Бачыце, нібыта раёны ў Мінску: там Чыжоўкі ды Серабранкі, а ў нас Туруцінкі! У Верасоўцы жылі дзве сям’і, а на Туруцінках — пяць братоў і адна сястра. Пераехалі яны на новае месца амаль усе. Толькі адзін з братоў-туруцінцаў перайшоў у Іваніцкую Слабаду. Мо, ажаніўся там. Так Дзеруцкая паціху разраслася, «даўкамплектавалася» новымі жыхарамі, і доўгай вуліцай расцягнулася ад шляху аж пад Вайнілаўскі лес. У даваенныя часы тут замест часткі палёў было балота. Адразу за апошняй, Шкоравай, хатай можна было ў журавіны пайсці. Дарэчы, Шкор — адно з «нашанскіх», дзеруцкіх прозвішчаў. Таксама нашы «фірменныя» прозвішчы — Коўган, Красоўскі, Калтовіч, Кручок, Канапелька. Зараз раз’ехаліся гэтыя сем’і, разляцеліся па свеце ў імкненні да лепшага жыцця ды гарадскіх умоў. Правільна ўсё: чалавек шукае, дзе лепей. А ўсё ж такі і ў Дзеруцкой хтосьці застаўся. Зусім нядаўна, колькі месяцаў таму, памерла наша самая сталая жыхарка, Коўган Кацярына, якой 4 студзеня сто гадоў споўнілася. Шмат гора перанесла яна, вайну перажыла, працавала цяжка, дзяцей пахавала… Але на жыццё ніколі не скардзілася! Родныя колькі гадоў запар прапаноўвалі забраць да сябе, даглядаць, шанаваць — да апошняга адмаўлялася! Сядзела ў сваёй невялічкай старой хатцы нават зімою. Толькі апошнім часам згадзілася да ўнучкі перабрацца ў Астравы. Там і памерла, але прывезлі яе перад пахаваннем усё роўна сюды, ў Дзеруцкую, каб прасцілася Кацярынка з роднай хатай, вёскай і людзьмі.

Зараз самыя сталыя па ўзросту нашы жыхары — Шкор Васіль, Надзея Канапелька і Вераніка Мурашка. У нас на вёсцы шмат каго звуць не так, як у пашпарце напісана. Напрыклад, Васіля Шкора могуць зваць Васіль Барысаў — гэта па бацьку, таго Барысам звалі. Вераніку ўсе клічуць Верка Хведзікава — таксама па бацьку, той быў Хведар, Федзя значыцца. Каму назіральнае людское вока ды вясковы гумар і мянушку трапную далі, з якой чалавек можа да скону веку ісці па жыцці. А ёсць, хто і да сівых валасоў дажыўшы, завецца памяншальна-ласкава, як дзіця — Сярожка альбо Славік. Увогуле людзі ў нас ветлівыя і ўважлівыя адзін да аднаго: як трэба, заўсёды дапамогуць, нават і прасіць не трэба, бо ўсе ўсіх ведаюць і праблемы, справы ды абставіны жыцця кожнага вядомы ўсім. Калі жывеш адзін і цябе доўга не відаць на двары ці на вуліцы, то абавязкова нехта зойдзе і папытаецца, ці не здарылася чаго, і мо што патрэбна.

Такая вось агульная пра нашу Дзеруцкую інфармацыя. Ох, стамілася бабка, эпапею гэту пішучы… Нялёгка гэта, аказваецца:  распавядаць пра што-небудзь у газеце! Не на лаўцы з суседкамі балакаць… Але ж цікава, і абавязкам сваім лічу працягваць аповед. Цяпер пра людзей прыйшоў час гаварыць. І першым будзе самы старэйшы мужчына на вёсцы, які жыве ўжо 86 гадоў.

 

ВАСІЛЬ

На гэтым фотаздымку, зробленым некалькі гадоў таму, Васіль ШКОР з унучкай Насцяй. Малая гэта от вёрткая! Зараз — як верталёт, спрытней за хлопца! А тады была крыху спакайнейшая, бо толькі хадзіць навучылася. Вось на гэтым здымку гушкаецца яна на арэлях. У гэтым кадры — увесь Васіль, увесь яго характар. Справа ў тым, што на старасці гадоў ён аслеп і ўжо даўно нічога не бачыць. Але, як пражыў ўсё жыццё ў адным двары, дык і без зроку арыентуецца, па памяці ды навобмацак. Васілю прыкра ўсведамляць, што мала ад яго карысці, што водзяць яго маладыя за руку, як дзіця. Кожную маленькую магчымасць быць патрэбным ён імкнецца выкарыстаць з вялікай трапятлівасцю. Калі давядзецца паўдзельнічаць у пераборцы бульбы, ці цыбулі, перадаць што-небудзь за сталом, проста даць якую параду ці па чыёйсьці просьбе згадаць, як было раней — Васіль, здаецца, ажно святлее. Дык вось, зноў жа да здымку вярнуся. Пачуўшы, што Насця хоча гушкацца на арэлях, але сама яшчэ не ўмее, а нікому іншаму забаўляць яе няма часу, стары ціхенька, маленечкімі крокамі пайшоў да яе. Кажа: » Я буду цябе гушкаць…» Шлях праз двор невялікі, але не так хутка даўся ён Васілю. Намацаў нарэшце арэлі. Ціхенька крануў за адзенне ўнучку — каб удаставерыцца, ці тут яна. Стаяць старому нязручна, цяжка, і ён сеў на калені ў траву побач з арэлямі, пачаўшы памалу калыхаць іх. Нешта гаварыў малой, гушкаў, гушкаў, Насця і заснула. Але Васіль не заўважыў, што яна спіць. Ціхенька ўсё штурхаў, стоячы на каленях, цьмянымі вачамі гледзячы кудысьці вельмі далёка, нібы на той бок свету, а на губах блукала лездзь прыкметная, сціплая старэчая ўсмешка, і так доўга-доўга. Добра было Васілю адчуваць, што патрэбную справу ён робіць, хоць і невялікую, і клапатлівае яго сэрца ціха радавалася побач з соннай дзяўчынкай…

Нагараваўся за жыццё Барысаў Васіль. Памятае вайну, якую разам з братамі перажыў падлеткам. Прыгадвае, што былі ў вёсцы немцы, але, дзякуй Богу, нікога не забілі, не спалілі. У маладосці, як працаваў, нялёгка было ў калгасе — ні выхадных, ні адпускоў. Сваёй асабістай гаспадаркі трымалі многа — і каня, і карову, і авечак, свіней, курэй. Бо трэба было за нешта гадаваць траіх дзяцей. Потым, на пенсіі, стаў дрэнна бачыць, горш-горш — і зусім страціў зрок. Дачка вазіла па самых сучасных бальніцах, грошы аддалі немалыя, але не дапамагло. Пажаніліся дзеці, разляцеліся па сваіх семьях. Застаўся Васіль са сваёй Шурачкай — так ён ласкава зваў жонку. Думаў, удваіх ціхенька дажывуць старасць. Але такое гора здарылася, што не прывядзі Бог. Згарэла тры гады таму Шкорава Шурачка. Зімою ці то ад печы, ці то ад праводкі палыхнула хата, і вось жа як складаецца жыццё людское — сляпы Васіль выкараскаўся з пажару, а Шура не змагла. Недачувала яна, таму і не прачнулася на гук апавяшчальніка. Васіль кратаў яе, зваў: «Шурка, мабыць, пажар у нас, дымам смярдзіць, уставай!..» — ды не паднялася Шурка, відаць, атруцілася ўжо ядавітым дымам. Васіль паўзком прабраўся праз хату, адчуваў, як страляе шыфер, як на галаву капае вада — то прагарэў дах і расплавіў снег… Выкараскаліся на двор сляпы гаспадар і рыжы кот, што так добра лавіў мышэй. Паваліліся ў брудны снег ля хаты, адхакваючыся ад жудаснага вогненнага падарожжа. Але кот не адхакаўся, наступным днём памёр. Страшна было глядзець і на Шурку — нічога ад яе не засталося, акрамя вуглёў. У закрытай труне адпявалі яе ў Чэрвені ў  Свята-Нікольскай царкве. Пахавалі на Астравах, і застаўся Васіль без хаты і без жонкі, сляпы і бездапаможны… Плакаў, вінаваціў сябе, Бога прасіў: «Забяры ты і мяне…» Але інакш распараджаецца Бог, чым мы хочам: забралі Васіля да сябе дзеці. Зараз зімою ён мінскі хлопец — жыве ў дачкі, у кватэры з усімі выгодамі, мыецца ў ванне, ля пад’езду на лаўцы сядзіць. А вясною становіцца астраўскі кавалер — да сына перабіраецца, жыве ў адным пакоі з унукам Уладам, усё здзіўляецца, як можа хлопец столькі ля кампьютара сядзець. Вясковага паветра чакае ў Мінску ўсю зіму. Як дыхне ім вясной — трохі бадрэй робіцца. Усё Васілю цікава — дзе што сеюць, хто чым займаецца на вёсцы, ці добра ядуць сынавы свінні, ці нясуцца куры, ці хутка канікулы ва ўнукаў. Замест згарэўшай хаты на крайняй вясковай сядзібе Шкораў з’явілася новая хата — пабудавалі яе Васілёвы дзеці. Зараз тут зноў віруе жыццё, садзяцца грады, арэцца зямля пад бульбу і ячмень, па выхадных топіцца баня, дыміцца мангал, скачуць карасі ў копанцы, шапацяць лістотай две сястры-вербы па-над вадой. Жыццё вярнулася ў гэты двор, толькі не такое, як раней. Няма Васілёвай Шуркі, і сумуе ён без яе. Але распарадзіўся Бог жыць яшчэ Васілю, што тут зробіш. На другім здымку — эпізод з дня, калі прыязджаў з Чэрвеня бацюшка, айцец Аляксандр, асвячаць крыж, што ўсе разам паставілі жыхары Дзеруцкой, каб абараняў Бог іх вёску. Калі асноўная цырымонія скончылася, нехта з натоўпу сялян папрасіў бацюшку: «Акрапіце святой вадой Барысава Васіля, ён заслугоўвае…» Акрапіў айцец Аляксандр Васіля, і доўга стары прыслухоўваўся, як кроплі вады цяклі на галаве, па твары, сляпых вачах. «Чым жа я заслужыў?» — такое ён задае пытанне. Нават і зараз, калі пачуў, што ў газету пра яго буду пісаць. «Вы не выдумляйце, пішыце пра герояў, пра подзвігі якія!.. — крэхча Васіль. — А я нічога не зрабіў такога, каб пра мяне пісаць…» А я ўсё-ж такі думаю, што ён заслугоўвае… І напісаць пра яго, і пажадаць жыць яшчэ разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі, колькі Бог адмераў.

 Фота з архіву сям’і ШКОРАЎ.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *