Засталіся салдаты невядомымі

Общество

Калі я была школьніцай (а гэта 50-ыя гады), мы разам з настаўнікамі прыбіралі магілу салдат каля былога хутара Лужкі паблізу вёскі Лавішча. А хадзіла я ў Горкаўскую на той час сямігадовую школу, якая месцілася ў некалькіх памяшканнях вёскі Клімаў Лог. Меня зацікавіла, што гэта за магіла, хто ў ёй пахаваны. Спытала ў сваёй матулі Дар’і Цімафееўны Рунцо. Вось што яна мне паведала.

Быў ясны, сонечны, бязветраны жнівеньскі дзень. На небе ні воблачка. Птушкі спявалі на розныя лады, выводзячы разнастайныя прыгожыя трэлі. Нішто не прадказвала бяды. Здавалася, што фашысцкае ліхалецце скончылася. Але гэта было не так. Гітлераўцы маглі з’явіцца ў любым месцы і часта знянацку. Так адбылося і ў той дзень.

Жанчыны пайшлі на жытнёвае поле аджаць крыху жыта, бо не было з чаго напячы праснакоў для сваіх сямей. Поле знаходзілася непадалёку ад невялічкай вёскі Лавішча (усяго сем двароў). Пабраўшы сярпы, павязаўшы такі-сякі полудзень у лясёначкі, з маленькі дзецьмі рушылі на поле.

Аджаўшы па некалькі снапоў, яны заўважылі, што з-пад лесу вёскі Забор’е рухаецца натоўп немцаў з аўтаматамі на грудзях. Гэта было так нечакана, што ўцякаць ці хавацца не мела сэнсу. З перапуду жанчыны паселі, прыгарнуўшы да сябе дзяцей. Чакалі ў думках расправы. Але немцы прайшлі міма, нікога не зачапіўшы. У іх была  іншая мэта.

Адышоўшы некалькі крокаў ад жней, гітлераўцы ўпалі на калені, утварыўшы ланцуг, і папаўзлі ў бок вёскі Лавішча. Жанчыны здагадаліся, па якой справе прабіраюцца яны туды. Зашчымілі сэрцы, пачалі плакаць.

…У пуню, што знаходзілася на водшыбе вёсачкі, прыблукалі дзевяць чырвонаармейцаў. Па якойсці прычыне яны адсталі ад сваёй часці. Вырашылі крышку адпачыць, набрацца сіл і праз балота, якое было побач, рушыць у пошуках партызан. Але знайшоўся здраднік, высачыў знаходжанне салдат і данёс нямецкаму камандаванню. Немцы ачапілі пуню, засталі салдацікаў знянацку, вывелі іх на ўскрай балота да грэбелькі і ўчынілі расправу.

Калі жанчыны прыцемкам вярнуліся дамоў, то ўбачылі жудасную карціну. Расстраляныя салдацікі ляжалі поплеч адзін каля аднаго тварам у гразь. Патрэбна было іх пахаваць. Мужчын не было — усе на фронце ці ў партызанах. І вось жанчыны з дапамогай падлеткаў ды дзядуль ноччу перавезлі іх у іншае  глухое месца, бо баяліся налёту карнікаў. Выкапалі вялізны дол і пахавалі.

Але аднаму з тых салдацікаў удалося выжыць. Яго параніла ў плячо і, калі фашысты адышлі, ён перавязаў рану сваёй бялізнай і падаўся па балоце ў бок лесу за вёскай Горкі. Пасля доўгіх блуканняў напаткаў партызанскі атрад, у складзе якога змагаўся да канца вайны.

Аб гэтым ён расказаў сам, калі прыязджаў на магілу сваіх таварышаў, каб аддаць даніну памяці загінуўшым і сустрэцца з жыхарамі вёскі Лавішча. На жаль, прозвішча і імя я запамятавала, адкуль ён родам — таксама.

Магіла савецкіх салдат яшчэ доўгія гады існавала каля хутара Лужкі непадалёк вёскі Лавішча. Вучні Горкаўскай школы і мясцовыя жыхары даглядалі гэтае пахаванне воінаў. Заўсёды абрывалі траву, падсыпалі жоўтым пясочкам, вешалі на крыж ручнікі. А на Дзень Перамогі, мы, школьнікі, хадзілі сюды і ўскладалі гірлянду з падпісанай стужкай: “Невядомым салдатам, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны”.

Летам на канікулах мы бегалі да магілы і ставілі палявыя кветкі, якіх было мноства. Аднак прозвішчы і імёны загінуўшых мы не ведаем. А салдацік, які выжыў, яшчэ некалькі разоў наведваў магілу, доўга сядзеў у задуменні і абавязкова прыходзіў у Лавішча сустрэцца з жыхарамі і падзякаваць за ўвекавечванне яго былых сяброў.

Потым, гадоў праз дзесяць пасля вайны, астанкі гэтых салдат перапахавалі на брацкія партызанскія могілкі ва ўрочышчы Расоха.

Вечная вам памяць!

 

Рэгіна ШАЛУПЕНКА, в.Рэчкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *