Хутчэй перамагчы ворага, вызваліць краіну — такой была мэта

Общество

70 гадоў аддаляюць нас ад таго доўгачаканага, незабыўнага, асляпляльна яркага 9 мая 1945 года, калі сэрцы людзей азарыла нязгаснае святло Вялікай Перамогі, памяць аб якой стала свяшчэннай. Юбілейная дата — цудоўная магчымасць яшчэ раз прыгадаць і ўшанаваць павагай ўсіх,  хто даў нам магчымасць жыць у міры і згодзе, адчуваць сябе свабоднымі і шчаслівымі грамадзянамі нашай любімай краіны.

Напярэдадні свята рэдакцыя газеты, раённы Савет ветэранаў і раённае аб’яднанне прафсаюзаў запрасілі за “круглы стол” удзельнікаў вайны Уладзіміра Іванавіча Пянкрата, Мікалая Фёдаравіча Козырава, Казіміра Ваўжэнцьевіча Вяржбіцкага, Івана Аляксандравіча Уткіна і Героя Сацыялістычнай працы Пятра Васільевіча Вараб’я.

Успамінаць аб вайне ім балюча. А ў гэтыя  майскія дні тыя далёкія падзеі асабліва непакояць іх сэрцы.

Успамінаць ім цяжка. Але яны ахвотна пагадзіліся на гэтую сустрэчу. Вось што прыгадалі  ветэраны.

Уладзімір Іванавіч Пянкрат:

— У маі 1941 года я знаходзіўся ў Ейскім вучылішчы лётчыкаў Ваенна-Марскога флоту імя Сталіна. Вучыўся лятаць на марскім берагавым разведчыку, гэта такі самалёт, які ўзлятаў з вады і пасадку рабіў таксама на ваду. У жніўні 1942 года  мне і маім аднакурснікам прысвоілі званне старшыны і  размеркавалі па вайсковых часцях. Але лятаць мне не давялося. Нямецкія войскі рваліся на паўночны Каўказ. Лінія абароны праходзіла побач з Арджанікідзе і бліжэйшымі з ім сяленнямі. І вось з нас, выпускнікоў вучылішча Ваенна-Марскога флоту, і з курсантаў эвакуіраваных з Ленінграда ваенна-марскіх вучылішчаў быў сфарміраваны асобны батальён марской пяхоты. Усіх залічылі радавымі матросамі. Пераапранулі ў адпаведнае абмундзіраванне, але цяльняшкі ў нас засталіся. На ўзбраенні тады ў нас былі ППШ. Пасля неабходнай баявой падрыхтоўкі, у верасні нас уключылі ў 34-ю асобную стралковую брыгаду і прыставілі на другую лінію абароны ля сялення Майрамадаг.

Першы бой, у якім я ўдзельнічаў, адбыўся з 5 на 6 лістапада 1942 года. Ці было страшна? Было. Калі табе толькі дзевятнаццаць. І ў другі раз было страшна, і ў трэці. А потым пачынаеш прывыкаць. Сяленне Майрамадаг некалькі разоў пераходзіла ў рукі фашыстаў. Ваяваць давялося з адборнымі горна-стралковымі падраздзяленнямі фашыстаў. Многа нашых пехацінцаў палягло на полі бою пад Суарскай цяснінай, але вораг у яе так і не трапіў. З таго часу пачалося выгнанне фашыстаў з паўночнага Каўказа.

Я дайшоў да Мінеральных Водаў. Пасля іх вызвалення быў  накіраваны ў школу палітсаставу, дзе прысвоілі мне званне лейтэнанта. Яшчэ пагонаў не было тады. Далей служыў у 17-м Асобным батальёне ўрадавай сувязі ўнутраных войск СССР намеснікам камандзіра па камсамольскай рабоце. З гэтым батальёнам я прайшоў з-пад Сталінграда да Новага і Старога Аскола (Курская дуга). З гэтых войскаў быў пакладзены пачатак маёй службы ў органах унутраных спраў і дзяржбяспекі СССР да красавіка 1953 года. Дэмабілізаваўся ў званні капітана.

А дзень Перамогі я сустрэў у Маскве. Быў на парадзе Перамогі. Я тады вучыўся там у вышэйшай школе НКУС, вывучаў польскую і нямецкую мовы. Пасля гэтага працаваў у Наркамаце ўнутраных спраў перакладчыкам польскай мовы.

Мікалай Фёдаравіч Козыраў:

— Спачатку я быў у партызанскім атрадзе імя Ракасоўскага №211 Асіповіцкага партызанскага злучэння, потым у 31-ым запасным палку, у 29-ым вучэбным батальёне. Гэта ўжо ў Польшчы, у Бяла-Падлясцы. Там атрымаў пасведчанне шафёра і 1 студзеня 1945 года мяне размеркавалі ў 18 Баранавіцкую ордэна Кутузава 1 ступені асобную аўтамабільную брыгаду 56-га асобнага аўтамабільнага палка.

Мы знаходзіліся ў прыгарадзе Варшавы, калі 16 студзеня пачалося наступленне першага Беларускага фронту. Помню пераезд праз пантонны мост і потым наступленне на Берлін. З гэтага шляху я ўжо не сыходзіў. Пасля Варшавы фронт прыпыніўся на Одэры ў раёне горада Кюстрын (60 км на ўсход ад Берліна, зараз Костшын, Польша). Там такія ішлі цяжкія баі, што горада не засталося — адны руіны. Уздоўж былых вуліц — дзесяткі нашых спаленых танкаў. Да сярэдзіны лютага немцы імкнуліся ліквідаваць нашы плацдармы пад Кюстрынам. Але ў сакавіку нашы войскі ўзялі Кюстрын і аб’ядналі ўсю занятую тэрыторыю ў адзін плацдарм. Рыхтавалі ўдарную групіроўку для нанясення галоўнага ўдара падчас Берлінскай аперацыі. Штодня я ездзіў у накірунку гэтага плацдарма, вазіў боепрыпасы, гаручае.  Ідэя Жукава была — асляпіць немцаў на іх пазіцыях шматлікімі пражэктарамі. 16 красавіка пачаўся штурм пазіцый на подступах да Берліна. Вельмі цяжкія былі баі, шмат палягло людзей. У Берліне немцы хаваліся ў падземных хадах і нападалі з тылу.

2 мая Берлін капітуліраваў. Нашы занялі рэйхстаг, але баі яшчэ працягваліся. Я тады быў пасыльным у штабе палка. Тэлефонная сувязь была, але ж яна на фронце ненадзейная. З нашага палка быў сувязны і ў штабе фронта. Ён ездзіў на амерыканскім матацыкле «Харлей-Дэвідсан». І вось 8 мая ён прыехаў са штаба і сказаў: чакайце важных паведамленняў. Маўляў, з’язджаюцца саюзнікі, штосьці будзе. Мы, сувязныя з кожнага батальёна, у штабе палка знаходзіліся. Ноччу прачнуліся ад стральбы. Выскокваем — начальнік штаба  з пісталета страляе ўверх і іншыя афіцэры таксама. Канец вайне! Ну, і мы далучыліся да гэтага салюта. Затым адправіліся з радаснымі паведамленнямі ў свае батальёны.

Пасля заканчэння вайны я яшчэ заставаўся служыць. Нашу аўтамабільную часць падключылі вазіць завадское абсталяванне з амерыканскіх, англійскіх і французскіх зон Берліна. Потым вывозілі з канцэнтрацыйных лагераў нашых вязняў праз усю Польшчу на Брэст, Жабінку, Кобрын. Закончыў службу ў 1951 годзе ў званні старшага сержанта.

 

Казімір Ваўжэнцавіч Вяржбіцкі:

— Перад вайной я паспеў закончыць 8 класаў. 12 чэрвеня майго старэйшага брата забралі ў войска. У суботу, 21 чэрвеня, мы атрымалі ад яго ліст. Ён пісаў, што знаходзіцца ў Адэсе. А назаўтра — вайна. Так брат там і застаўся назаўсёды. А ў нас, на Чэрвеньшчыне, неўзабаве арганізаваўся партызанскі рух. Бацька мой быў слесар, яму партызаны прыносілі рамантаваць зброю. Канешне, мы баяліся, каб немцы не даведаліся пра яго майстэрню.

Калі вызвалялі Беларусь, усіх мужчын прызыўнога ўзросту забралі ў войска. Я трапіў у 455 стралковы полк 42 стралковай дывізіі 49 арміі другога Беларускага фронту, які вызваляў Чэрвень.  24 жніўня мы прынялі ўдзел у баях пад горадам Замбравам у Польшчы. Спачатку біла штурмавая авіяцыя, тады адкрылі агонь «кацюшы», пайшлі танкі, за імі — пяхота. Мы, дрэнна абмундзіраваныя і слаба абучаныя салдаты, пайшлі ў бой. Атакі тройчы зрываліся. Не стала боепрыпасаў. Камандзір роты паслаў мяне і старшыну ў тыл паведаміць аб неабходнасці пастаўкі боепрыпасаў. Паўзком з перадавой, кароткімі перабежкамі мы пайшлі выконваць заданне. Трапілі пад абстрэл. Снарадам цяжка параніла старшыну. Я памкнуўся цягнуць яго, але ён не дазволіў, сказаў: выконвай загад. Дайшоў я да месца, сабралі боепрыпасы, яшчэ чалавек дзесяць пайшлі са мной на перадавую. Дабраліся. Камандзір роты забіты. Мне даюць яго ордэн «Чырвонай Зоркі» увесь пабіты асколкамі снарада і загадваюць  даставіць у штаб, каб пераслаць яго бацькам. Пазней 49 армію перакінулі на бераг ракі Нарэў (прыток Віслы), там трымалі абарону. У студзені 45 года пачалося наступленне… Спачатку ішлі на Варшаву, а тады рэзка павярнулі на поўнач — у Прусію і Памеранію. Мяне назначылі камандзірам кулямётнага разліку. У першы ж дзень майго камандавання загінуў адзін мой баец. На наступны дзень мяне параніла ў галаву асколкам артылерыйскага снарада. Здалося, што галава развальваецца на часткі. Палілася кроў. Рукой заціснуў рану. Перадаў камандаванне…У санчасці зрабілі мне аперацыю, дасталі асколак.

Калі я перайшоў у разрад выздараўліваючых, мяне папрасілі ў шпіталі аказваць дапамогу: параненых паднесці, на пасту пастаяць… І вось аднойчы ўвечары стральба ўзнялася, узляталі сігнальныя ракеты. Аказалася, прыйшла Перамога.

Я і сёння ўдзячны за тое, што рускія салдаты і афіцэры, якія ваявалі побач, былі для мяне добрымі сябрамі і дарадчыкамі. Адзін з афіцэраў падараваў мне свой кіцель, у якім я дэмабілізаваўся і яшчэ некаторы час хадзіў на вечарынкі.

… Мой унук вучыцца на апошнім курсе медуніверсітэта. Я прашу яго быць уважлівым доктарам і расказваю пра медыкаў, якіх сустрэў на сваім баявым шляху.

Жадаю усім міру, міру і яшчэ раз міру, каб ніхто ніколі не зведаў вайны!

 

Іван Аляксандравіч Уткін:

— У 1938 годзе я пайшоў у войска.  Адслужыў зіму ў Харкаве, а ў маі 1939 года пачаліся баі паміж СССР і Японіяй на рацэ Халхін-Гол, на тэрыторыі Манголіі непадалёну ад граніцы з Маньчжурыяй. Броняпоезд, на якім я служыў, быў патрэбен на фронце. Нас адправілі ў Манголію. Ехалі, пакуль было магчыма, па чыгунцы. А  затым нас адправілі, як пяхоту. Пайшлі ў атаку, абарону прарвалі… У канцы лета ўжо былі ў Манголіі. Там 9 полк і наш 4-ты аб’ядналі. Неўзабаве, старэйшых салдат дэмабілізавалі, а мы, замена, засталіся ва Улан-Удэ.

Надышоў 1941 год. Пачуў: напаў немец на Савецкі Саюз, да Мінска дайшоў. На броняпоезду накіроўваемся ў Смаленск.  Па дарозе нас абстралялі. Атрымаў раненне. Сказалі: сам на нагах, можаш ісці — ідзі ў шпіталь. Нас некалькі такіх было салдат. У каго рука, у каго грудзі, у каго галава перавязана. Мы дзе ішлі, дзе ехалі на поездзе. У  Пензе нас высадзілі — там быў шпіталь. Пасля лячэння трапіў у 13-ую знішчальную брыгаду,  па танках стралялі. Кінулі нас пад Харкаў. З намі былі хлопцы з 24-га года. Гэта ж дзеці. Страшна ім. Падбілі мы танк, а пяхота немцаў ідзе ў наступленне. Асадзіць пяхоту трэба ды патроны выйшлі. А тут яшчэ танк рухаецца… Хацеў кінуць звязку гранат, не паспеў, накрыла мяне збоку гусеніцай. Неяк падхапіўся, кінуў гранаты, а танк павярнуўся перадам да мяне.  Кідаю бутэльку з гаручай сумессю. Танк загарэўся…

Абставіны вымусілі нас адступаць на паўночны Данец. Толькі памкнуўся вылезці з вады, як па мне секанулі з кулямёта. Думаю, паложыць мяне немец. Зноў у ваду. Прасядзеў гадзіны дзве. Калі вылез, то ўбачыў, што начфін, начштаба, повар стаяць  перад немцамі. Узялі іх. Падумаў: не дапамагу ім, трэба прабірацца да сваіх. Пайшоў далей. Да Дону заставалася кіламетраў 15. Выйшаў да ракі. Знайшоў нейкую дошку, каб з яе дапамогай пераплыць на другі бераг. Толькі адпіхнуўся, паплыў, а тут ляцяць нямецкія Хенкелі, па беразе б’юць. Як далі з двух бакоў, злева і справа, а я паміж гэтымі выбухамі. Як выбраўся і не памятаю. Голы. А да вёскі Калач кіламетры тры. У жніўні гэта было. Дайшоў да бліжэйшай хаты, а там цётка сустрэлася, напужаў яе, канешне. Кажу: не бойцеся, я свой. Дала паесці, вопратку.

 

Іван Аляксандравіч Уткін:

— Выйшаў на дарогу, убачыў трафарэт сваёй часці. На Зялёнае сяло трэба было ісці. Тут дзед трапіў на падводзе, пагутарыў з ім, ён даў мне шматок сала і праснак. Да Зялёнага сяла было кіламетраў 25-30. Дагнаў сваю часць. А мяне ўжо лічылі без вестак загінуўшым. Камандзір мяне пазнаў. Кажу яму, што начштаба, начфін і повар трапілі ў палон. Яны пытаюцца: ты бачыў іх? Афіцэры ж у палон не здаюцца. Не гавары нікому пра гэта. Камандзір даў указанне мяне апрануць. Прывезлі мне са шпіталя чыёсьці абмундзіраванне. Між тым, немец ужо фарсіраваў Дон, падыходзіў да Сталінграда. Наша камандаванне села ў «казёльчык», а немцы ведаюць, што начальства ў маленькай машынцы ездзіць, пагналіся за імі, адкрылі агонь, камандзіра забілі, камісару адарвала нагу.  Засталася наша часць без камандавання. Нас расфарміравалі, каго куды. Я трапіў у артылерыю наводчыкам.  Ваяваў на подступах да Сталінграда. Ужо на краі горада ішлі баі. Самалёты бамбілі няспынна. Не паспееш схавацца за якую сцяну, глядзіш, побач сцяны ўжо няма. Самалёты падляцяць, секануць, а тады пяхота ідзе ў наступленне. Дзецца няма куды. Паступіла каманда ноччу выйсці ланцужком на канец горада, дзе будуць нашы стаяць. Палова горада была ўжо ў немцаў. Мы выйшлі, нас там сустрэлі нашы часці. Узялі каго ў пяхоту, каго ў артылерыю… Сталінград быў акружаны немцамі.

27-28 лістапада нас добра накармілі і сто грамаў далі. Пайшлі ў атаку.  І мінамёты, і «кацюшы» ўсё было задзейнічана. Такая была кананада да раніцы!  А раніцай немец  памкнуўся вырвацца з катла, але ў іх нічога не атрымалася. 9 студзеня ў мяне трапіла бранябойная куля. Шэсць месяцаў лячыўся ў шпіталі.

Пасля ранення ваяваў на трэцім Беларускім фронце: прайшоў Беларусь, Эстонію, Літву, Латвію, выйшлі да Кенігзберга. Там і закончылася для мяне вайна.

Пётр Васільевіч Варабей:

— Калі пачалася вайна, я яшчэ не дасягнуў прызыўнога ўзросту, а ў 1943 годзе пайшоў у партызаны. Атрад насіў імя Фрунзе брыгады «Чырвоны Сцяг».  Я ўваходзіў у групу падрыўнікоў.  Помню, якім шчаслівым быў, калі разам з сябрамі ўдалося пусціць пад адхон першы нямецкі эшалон. Тры такія небяспечныя вылазкі на чыгунку ўдаліся мне.  Пры злучэнні з рэгулярнымі часцямі арміі вызваляў Чэрвень. У баі пад вёскай Бярозаўка з кулямёта «максім» забіў двух фрыцаў. Атрымаў за гэта падзяку ад камандавання і быў прадстаўлены да баявога медаля, які атрымаў на партызанскім парадзе ў Мінску ў ліпені 44-га.

Пасля параду нас, найбольш маладых, накіравалі ў Дзяржынск у запасны полк. Было некалькі дзён баявой падрыхтоўкі і я разам з групай партызан аказаўся ў 23-й гвардзейскай танкавай брыгадзе. Нас абмундзіравалі добра. Быў аўтаматчыкам. Адправілі на прарыў пад горад Кнышын у Польшчы. Прарвалі абарону там, вызвалялі польскія гарады, фарсіравалі раку Нарэў і занялі там плацдарм. І на гэтым мы прыпынілі баявыя дзеянні і стаялі да 16 студзеня 45 года. У той дзень усе франты пайшлі ў наступленне і мы таксама. Вызвалялі Польшчу, потым пайшлі ўжо на нямецкую тэрыторыю. Каб з Кенінгзберга немцы не пайшлі на Берлін, наша брыгада павінна была адрэзаць ім ход. Крыху не дайшоў я да Кенігзберга. Здымаюць мяне з фронту, накіроўваюць у Горкаўскае танкавае вучылішча. Там рыхтавалі механікаў-вадзіцеляў танкаў і камандзіраў машын. Я вучыўся за камандзіра машын. Год прайшоў, трэба залік здаваць. А тут загад — вучылішча пераходзіць на трохгадовы тэрмін навучання. Хто хоча быць ваенным — падаць заяву. Я вырашыў ваенным не заставацца. Мне выпісалі права і накіравалі ў лінейныя часці. Я трапіў у Пскоўскую вобласць горад Асавец. Там месцілася танкавая часць. Механікамі-вадзіцелямі былі афіцэры, мы іх замянілі, мы былі сержантамі. Праслужыў да сакавіка 1947 года. Тады дэмабілізаваўся. У адным з баёў атрымаў раненне. Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За адвагу», “За Перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

ДАВЕДКА РЭДАКЦЫІ

Пасля дэмабілізацыі Пётр Варабей уладкаваўся лесарубам у леспрамгасе. Займеўшы  вопыт у гэтай справе, узначаліў брыгаду, якая неўзабаве выйшла ў лідэры па лесанарыхтоўках. Перакрываць даведзеныя нормы дапамгалі не толькі стараннасць у працы, настойлівасць, але і перадавыя метады работы, асваенне сумежных спецыяльнасцяў, калі кожны ў брыгадзе мог замяніць захварэўшага ці адсутнага па іншай уважлівай прычыне. Яго брыгада стала своеасаблівай лабараторыяй, дзе праводзіліся выпрабаванні новай тэхнікі. тут упершыню ў лясной прамысловасці рэспублікі прымянілі акордную сістэму аплаты працы. Многім перадаў свой вопыт. За высокія працоўныя поспехі Пятру Васільевічу Вараб’ю прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай  працы.

У размове за “круглым сталом” прымалі таксама ўдзел намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ№3 Галіна Уладзіміраўна Тамковіч, дырэктар Чэрвеньскага краязнаўчага музея Алена Валер’еўна Забаронак, старшыня раённай аб’яднанай арганізацыі прафсаюзаў Вольга Барысаўна Коціна. Яны распавялі аб патрыятычным  выхаванні моладзі.

Галіна Тамковіч:

— У 90-я ў нашай школе захавалі піянерскую арганізацыю. Тлумачылі дзецям, што піянеры — дзеці, якія любяць сваю Радзіму і робяць добрыя справы. А якія справы? Ну вось, напрыклад, дапамагаць сталым людзям. Амаль у кожнага ёсць бабулі і дзядулі, якім неабходна дапамога і ўвага, суседзі, адзінокія людзі. Будзем прыходзіць да іх, дапамагаць чымсьці, або проста пагутарым з імі, павіншуем са святамі. І дзеці з ахвотай станавіліся піянерамі. З першых дзён ўтварэння піянерскай арганізацыі ў школе дзеці зразумелі, што мэта іх знаходжання ў піянерах — быць заўсёды гатовымі сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сваёй сям’і, школе, Радзіме. Быць гатовымі першымі працягнуць руку дапамогі ўсім, каму гэта неабходна, умець сябраваць, арганізоўваць новыя і цікавыя справы, быць добрымі, сумленнымі, смелымі і не баяцца цяжкасцей. Па жыцці яны ідуць з дэвізам: «Нясі дабро па ўсёй Зямлі!» Шмат добрых спраў на іх рахунку. Зараз работа піянерскай дружыны Імя Марата Казея будуецца па наступных праграмах: «Акцябраты», «Сем-Я», «Гульня — справа сур’ёзная», «Спадчына», «Дзіцячы ордэн Міласэрнасці», «Зялёны дом». Акцябраты актыўна ўдзельнічаюць у піянерскіх справах, акцыях і аперацыях: «Чысты двор», «Дапаможам птушынаму сябру», «Добрая справа», «Вахта памяці» і іншых. Старэйшыя школьнікі, члены БРСМ — актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця школы і раёна. Працуюць факультатыўныя заняткі «Школа лідэра», краязнаўчы клуб ЮНЕСКА «Факел» (дарэчы, адзіны ў раёне), які спачатку быў проста пошукавым атрадам.

Мы стараемся фарміраваць грамадзянскую і палітычную культуру вучняў праз сістэму ведаў аб дзяржаве, уладзе, правах і абавязках грамадзяніна. Шырока выкарыстоўваем ў патрыятычным выхаванні наш школьны музей баявой славы, які створаны  да 65-годдзя Перамогі. Пачыналася ўсё са сцяны памяці ў адным з прадметных кабінетаў. На ёй змясцілі фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх — Герой савецкага Саюза Казачэнка Мікалай Міхайлавіч, ураджэнец вёскі Бярозаўка — мой родзіч. Я заўсёды гэтым ганаруся. Мы з вучнямі правялі даследчую работу. Усё, што засталося ў памяці людзей аб Казачэнку, занатавана і захавана. У музеі шмат экспазіцый па розных раздзелах: партызанскі, Героі Савецкага Саюза — нашы землякі, ёсць экспазіцыя, прысвечаная мемарыяльнаму комплексу «Папова Града». Нам перадалі матэрыялы са школьнага музея Грабянецкай школы аб баявым шляху 348 стралковай дывізі, якая вызваляла Чэрвеньскі раён. Шмат экспанатаў знойдзена вучнямі, настаўнікамі, жыхарамі Чэрвеня і перададзена ў музей.

Я заўсёды гавару бацькам на сходах, у прыватных гутарках, што патрыятызм закладваецца ў сям’і. Там, дзе памятаюць і шануюць сваіх продкаў, і вырастаюць сапраўдныя патрыёты. У гэтым годзе вучні пішуць сачыненні на тэму: «Вайна ў гісторыі маёй сям’і». Збіраюць матэрыялы, фотаздымкі, аповяды родных. Нашы вучні — дастойная змена старэйшаму пакаленню.

Алена Забаронак:

— Раённым краязнаўчым музеем вядзецца вялікая навуковая, даследчая і пошукавая работа, становяцца вядомымі новыя імёны герояў, збіраюцца звесткі аб невядомых падзеях, вядзецца работа па патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Супрацоўнікі музея інфармуюць навучальныя ўстановы раёна аб выставах і мерапрыемствах, якія праводзіць музей. Арганізоўвае для школьнікаў экскурсіі і лекцыі. Адзін з раздзелаў асноўнай экспазіцыі музея — «Вялікая Айчынная вайна на Чэрвеньшчыне». У ім архіўныя дакументы, фотаздымкі. Прадстаўлена вялікая колькасць экспанатаў, звязаных з дзейнасцю дзевяці партызанскіх брыгад на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна. Мы працуем па-рознаму: арганізоўваем выставы (у тым ліку выязныя, перасоўныя) у школах, працоўных калектывах раёна. Праводзім лекцыі, гутаркі, прэзентацыі. Паказваем і прадметы, якія захаваліся з часоў вайны. Дзецям гэта заўсёды цікава: паглядзець на гэтыя сапраўдныя рэчы, памацаць іх, дакрануцца да гісторыі. Наша галоўная мэта — выхоўваць пачуццё гонару за подзвіг, які здзейснілі нашы бацькі, дзяды, а сёння ўжо і прадзеды. Каб ён захоўваўся у памяці нашай і ў сэрцах. Асабліва гэта актуальна сёння, калі замежнымі гісторыкамі фальсіфіцыруюцца падзеі другой сусветнай вайны, роля савецкага народа ў ёй. Каб моладзь пачула аб падзеях мінулай вайны з першых вуснаў, мы запрашаем ветэранаў у музей, арганізуем іх сумесныя сустрэчы з моладдзю. Запісваем і захоўваем расповяды ветэранаў аб баявых дзеяннях. У нас праходзяць такія мерапрыемствы, як урачыстыя ўручэнні пашпартаў грамадзініна Беларусі і білетаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў рамках акцыі «Я — грамадзянін Рэспублікі беларусь», дні прызыўнікоў і іншыя.

Многія выставачныя праекты таксама накіраваны на выхаванне ў моладзі пачуцця гонару за подзвіг свайго народа. Нагадваем і пра работнікаў тылу, якія вынеслі ўсе цяжкасці ваеннага ліхалецця. Выставы музея: «У вайны не жаночы твар», «Усе родам з дзяцінства, а я родам з вайны», «У небе мы ляталі адным», «Імгненні Вялікай Перамогі», «Калі музы не маўчалі», «З аднаго металу льюць медаль за бой, медаль за працу» і іншыя распавядаюць аб лёсах землякоў, якія ўдзельнічалі ў вайне. Выхаванне патрыятызму, паважлівых адносін да гераічнага мінулага нашай краіны, усведамленне гістарычнага значэння Перамогі — мэта лекцыйнай работы. Вось толькі некаторыя з тэм лекцый, якія праводзяць нашы супрацоўнікі: «Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада», «Алея героеў Чэрвеньскага раёна», «Вызваленне Чэрвеньскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «Партызанскі рух на Чэрвеньшчыне» і іншыя.  Памяць — даніна павагі ўсім, хто мужна змагаўся з нямецка-фашысцкімі акупантамі, хто цаной свайго жыцця набліжаў доўгачаканае імгненне Вялікай Перамогі.

 

Вольга Коціна:

— У ліцэі, дзе праходзіць пасяджэнне нашага «круглага стала», ёсць музей баявой славы. Тут шмат цікавых экспанатаў. Выкарыстоўваючы сабраныя матэрыялы, педагогі праводзяць урокі гісторыі і мужнасці. Іх паслядоўная выхаваўчая работа ўключае ў сябе і шматлікія іншыя мерапрыемствы  патрыятычнага, грамадзянскага зместу.

Матэрыялы пасяджэння  за “круглым сталом” падрыхтавала да друку Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *