Партызанкі, падпольшчыцы…

Общество

У пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя мне пашчасціла пазнаёміцца  з сям’ёй Яніны  Міхайлаўны Тур’евай. У той час жыла яна на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 22 (сёння вуліца імя Яўгена Мядзведзева) г.п. Смілавічы. У асобе гэтай ветлівай, прыгожай жанчыны ніяк не ўгадвалася былая мужная падпольшчыца і партызанка. Разам са сваім мужам, дачкою, рызыкуючы жыццём, з першых дзён вайны яна ўключылася ў барацьбу з нямецкімі захопнікамі. Пачыналі, як гаварыла мне Яніна Міхайлаўна, з малога: хавалі савецкіх салдат, якім удавалася ўцячы з лагераў і ў час канваіравання, перавозак…

У 1942 годзе Тур’евы ўстанавілі сувязь з партызанскім атрадам імя газеты «Правда». Па заданню яго камандавання збіралі звесткі аб ворагу, зброю, патроны. Знойдзенае перадавалі ў атрад. Заўжды іх інфармацыя мела вялікае значэнне. Дапамагалі таксама народным мсціўцам паспяхова праводзіць аперацыі. З дапамогаю Тур’евых, рабочага Карпа Додзіна партызаны ўзарвалі млын. Праз гэтага падпольшчыка яна перадала ў атрад спраўны радыёпрыёмнік. Партызаны атрымалі магчымасць слухаць весткі з франтоў вайны, на іх падставе рыхтаваць лістоўкі і распаўсюджваць сярод насельніцтва.

Рэгіне, дачцы Тур’евых, было тады 14 гадоў. Маленькага росту, паходзіла зусім на дзіця. На паліцэйскіх пастах на яе не звярталі ўвагу, а між іншым яна ішла ў партызанскія вёскі для перадачы інфармацыі. Вясной 1943 года немцы штосьці пранюхалі пра патрыётаў. Заставацца ў Смілавічах было небяспечна. Уся сям’я падалася ў лес. У атрадзе Яніна Міхайлаўна Тур’ева была разведчыцай. Яна наведвала вёскі Рудзенскага, Чэрвеньскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага раёнаў. Заўжды вярталася ў атрад з важнымі звесткамі аб нямецкіх гарнізонах.

Пасля заканчэння вайны, як і ўсе грамадзяне, працавала ўдарна на аднаўленні разбуранай гаспадаркі.

Здаўна ў Смілавічах ведаюць род Загорскіх. Да вайны гаспадар сям’і Уладзімір Якаўлевіч Загорскі працаваў у Смілавіцкім сельгастэхнікуме.  У маім асабістым архіве захаваліся  ўспаміны  яго дачкі Ніны Уладзіміраўны Гігінай (Загорскай). Паводле іх, у пачатку лета 1942 года Загорскую запрасіў у вёску Волма партызанскі сувязны Сцяпан Краснагір. Там яна сустрэлася з камандзірам атрада імя газеты «Правда» П.І. Іваненкам. Прасілася дзяўчына ваяваць у складзе атрада, але камандзір запэўніў, што яна больш патрэбна ім у Смілавічах у якасці разведчыцы-сувязной. Ніна Уладзіміраўна апраўдала давер камандавання: стала вушамі і вачыма партызан, арганізатарам барацьбы. Пад яе кіраўніцтвам у мястэчку ствараецца падпольная антыфашысцкая група, у склад якой уваходзілі Карп Додзін, рабочая лямцавай фабрыкі Ганна Апаровіч, сям’я Тур’евых, дырэктар маслазавода Іван Гарбачоў, Ніна Валчок. Шмат спраў на іх рахунку: распаўсюджванне антыфашысцкіх лістовак, збор зброі, патронаў, цёплага адзення, бялізны, звестак пра нямецкія вайсковыя часці. Паведамлялі ў атрад і пра рух абозаў з памолам са Смілавіцкага млыну. Партызаны сустракалі яго ў нечаканым месцы і адбівалі. Гэта быў неацэнны ўнёсак у харчаванне народных мсціўцаў.

Асабліва ў групе вызначаўся Карп Додзін. Ён часта псаваў млын, хаваў ад паліцыі памольны збор. Немцы нечакана арыштавалі яго. Нікога з сяброў ён не выдаў. Вытрымаў усе здзекі. Падпольшчыка расстралялі.

Арыштавалі Загорскую і Валчок. Па дарозе ў канцэнтрацыйны лагер сяброўкам разам з іншымі арыштаванымі ўдалося збегчы. Так яны апынуліся ў партызанскім злучэнні Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Зянонавіча Царука Баранавіцкай зоны.

Пасля арышта дачкі, бацька, які дагэтуль таксама з’яўляўся сувязным, вымушаны быў перавезці сям’ю непасрэдна ў партызанскую зону.

К моманту арышту сястры брат Аляксандр змагаўся ў партызанскім атрадзе. Дакументы Нацыянальнага Архіва РБ сведчаць, што ён стаў мсціўцам у 16 гадоў, з 1-га чэрвеня 1943 года. У атрадзе яго прынялі ў камсамол. У музеі Смілавіцкага аграрнага каледжа захоўваецца яго білет. Ён удзельнічаў у шмат якіх аперацыях у час «рэйкавай» вайны.

Пасля Перамогі Ніна Уладзіміраўна Загорская працавала ў Смілавіцкім сельгастэхнікуме, Смілавіцкім сельсавеце, Смілавіцкім сельскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы №23. Сустракалася з моладдзю, расказвала пра смілавіцкіх патрыётаў. Прымала актыўны ўдзел у перазахаванні загінуўшых байцоў Чырвонай Арміі, упарадкаванні іх магіл.

Архіўныя дакументы Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь і друкаваныя выданні сведчаць, што на дзень злучэння народных мсціўцаў з часцямі Чырвонай Арміі жанчыны складалі ў партызанскіх брыгадах на тэрыторыі Чэрвеньшчыны “Красное знамя”  11 працэнтаў, “Пламя” — 11 працэнтаў, імя газеты “Правда” — 6,8 працэнта. Гэтыя народныя фарміраванні дзейнічалі на тэрыторыі тагачасных Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Рудзенскага, Смалявіцкага і іншых раёнаў.

Партызанкі і падпольшчыцы былі розных узростаў, нацыянальнасцей, веравызнанняў, адукацыі, маці, дочкі, сёстры.

Паводле архіўных дакументаў, у спісу асабовага складу партызан атрада імя газеты “Правда” лічыцца Мая Аляксандраўна Станкевіч, 1929 года нараджэння. Месца яе даваеннага жыхарства — г.Чэрвень, вуліца К.Маркса, дом 34/10. Пазначана, што яна піянерка. У атрадзе з 26 кастрычніка 1942 года. Тады ёй было ўсяго 13 гадоў. Хадзіла ў разведку, рыхтавала зброю да бою. Знойдзеныя патроны, вінтоўкі патрэбна было ачысціць ад бруду, пяску. Дарослыя партызаны разбіралі ўзбраенне, а малалетнія кожную дэтальку праціралі, тым самым выконвалі вельмі неабходную справу. Мяркую, што ў чэрвеньскіх краязнаўцаў ёсць магчымасць больш дэталёва асвяціць біяграфію, пасляваеннае жыццё гэтай жанчыны.

У спісу партызан ёсць прозвішча і Марыі Іванаўны Станкевіч з Чэрвеня, 1910 года нараджэння, у дужках указана — Елачкіна. Магчыма, гэта маці ці сваячка піянеркі.

Брыль Софія Іванаўна нарадзілася ў 1915 годзе. Да вайны жыла ў вёсцы Турын. Мела вышэйшую адукацыю, з’яўлялася памочнікам камандзіра атрада па камсамолу.

Годзіна Цыля Сямёнаўна, 1898 года нараджэння і яе дачка Годзіна Соня Львоўна, 1923 года нараджэння — з вёскі Клінок. Яўрэйкі па нацыянальнасці,  яны змагаліся з ворагам з 8 ліпеня 1942 года.

Рызыкавалі не толькі ўласным жыццём, але і блізкіх, сувязныя Смілавіцкага патрыятычнага падполля Г.Г. Апаровіч, С.І.Краснагір, Н.А. Валчок, С.І.Краснагір, В.П.Купрэйчык, Н.У.Загорская. З 1942 года яны з’яўляліся сувязнымі партызанскага атрада імя газеты “Правда”. Шкада, што газетная плошча не дазваляе назваць вялікі спіс прозвішчаў усіх жанчын-патрыётак. Партызанкі і падпольшчыцы, яны адважна загаліся з чужынцамі. Аб гэтым сведчаць баявыя характарыстыкі, якія захоўваюцца ў архіве. У прыватнасці, на Кацярыну Іванаўну Путрык, Софію Львоўну Іваненка, Вольгу Іванаўну Драбовіч, Алену Іванаўну Расказёнак і шмат іншых. Дзяржава адзначыла іх асабісты ўклад у барацьбу з ворагам узнагародамі.

Г.Г.Апаровіч Н.А. Валчок С.І.Краснагір

Іван Ярашэвіч, краязнаўца, г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *