Калі б не злодзей-алкаголь…

Безопасность

Аўтарская калонка Ігара АДАМОВІЧА

Заўтра на Чэрвеньшчыне — чарговы «Дзень цвярозасці». Мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, якія ён прадугледжвае, праз сродкі масавай інфармацыі не анансаваліся. За выключэннем аднаго: замацаванага рашэннем райвыканкама абмежавання продажу алкагольных напіткаў у магазінах раёна. А фактычна — забароны на іх рэалізацыю.

Пакінем будучыя справаздачы аб эфектыўнасці гэтага новаўвядзення тым, хто яго ініцыяваў, і паразважаем вось над чым.

Не сакрэт, што спосабаў абысці забарону дастаткова шмат. Найбольш просты — набыць спіртное напярэдадні. У «Дзень цвярозасці» можна замовіць яго тым, хто едзе па справах за межы нашага раёна. А галоўнае, пакуль не выкаранены ў нас цалкам падпольны продаж спіртнога, «Дзень цвярозасці» — сапраўднае свята ўзбагачэння для самагоншчыкаў і тых, хто гарэлку з віном перапрадае…

Зразумела, усе гэтыя і іншыя абходныя шляхі шукаюць і знаходзяць тыя, хто прагне выпіць. Але ж, па логіцы, менавіта на іх у першую чаргу разлічана забарона. Вось і атрымліваецца, што раз на месяц схаваныя ад вачэй пакупнікоў паліцы са спіртным — не больш чым самападман…

Самападман яшчэ і па той простай прычыне, што ўсім зразумела: наўрад ці будуць зроблены радыкальныя крокі да таго, каб мы менш ужывалі алкаголю. Бо менш ужываць — значыць менш купляць. А гэта — удар па эканоміцы краіны.

Насамрэч, мы проста не заўсёды ўсведамляем, што наша грамадства глыбока хворае на п’янства. Нарадзіўся чалавек — п’ём, ажаніўся — п’ём, памёр — таксама…Наваселле, заканчэнне школы, атрыманне правоў, набыццё чаго-небудзь — ад аўтамабіля да новага адзення — замочваем: каб добра жылося, ездзілася, насілася… А ў пятніцу? А пасля лазні? А на рыбалцы-паляванні? А пад добрую вячэру? А піва пад прагляд «Лігі чэмпіёнаў», як гэта настойліва рэкамендуе тэлерэклама падчас трансляцыі футбольных матчаў?

Можаце кінуць камень у мой агарод: а сам? Так, і сам, як кажуць, не бязгрэшны. Тым больш хочацца зразумець: што да чаго і як з гэтым змагацца.

Агульнавядомы факт: паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя летась Беларусь заняла першае месца ў свеце па ўжыванню чыстага спірту на аднаго жыхара ўзростам больш за 15 гадоў: 17,5 літра ў год. А ці даводзілася вам, шаноўныя, дзе-небудзь пабачыць статыстыку, якая б адлюстроўвала працэнтныя суадносіны тых, хто п’е і хто не п’е? Хаця б па рэспубліцы, не кажу — па раёну?

Як падлічыць? У глабальных памерах і з матэматычнай дакладнасцю — наўрад ці гэта магчыма. Затое на бытавым узроўні — вельмі проста. Азірнёмся вакол сябе: колькі непітушчых (тых, хто не ўжывае алкаголь зусім) у сям’і, на працы, сярод сяброў? Вынік будзе несуцяшальным, ці не так?

Безумоўна, алкаголь — найвялікшае зло. Аднойчы патрапіўшы пад уладу спіртнога, чалавек, як правіла, мусіць заставацца яго рабом да скону дзён сваіх. Па вялікаму рахунку — няма розніцы: раз на тыдзень ты п’еш ці раз на месяц; кілішак выпіваеш, два ці бутэльку. Выпіваеш — значыць пітушчы. Не алкаголік? Гэта сёння. Што будзе заўтра, аднаму Богу вядома.

Дык, можа, хопіць самападману? Мо, варта пачаць не са змагання з наступствамі ўжывання алкаголю, не з немудрагелістай прапаганды цвярозага ладу жыцця, якая ўжо ўсім набіла аскому? А з выкрыцця і выкаранення прычын, якія нараджаюць цягу да спіртнога.

Тут — і наша незаможнасць, і фактычная адсутнасць (штодзённа, а не толькі па вялікіх святах!) культурна-забаўляльных мерапрыемстваў… І шмат чаго яшчэ.

Пішыце: adamovich_rv@mail.ru

Тэлефануйце: 55-6-98



1 комментарий по теме “Калі б не злодзей-алкаголь…

  1. Этот «День трезвости» можно смело переименовать в «День спекулянта», если кто-то захотел выпить, тот в любом случае купит спиртное и не важно, будет это самогонка или купленная втридорога водка на «точке» про которую ВСЕ ЗНАЮТ !!! Так в чём смысл этого «Дня трезвости» — дать подзаработать перекупщикам ? А ещё я лично не понимаю запрета продажи спиртного в магазинах во время праздников, будь то городского, либо Республиканского масштаба !!! Алкоголик если захочет выпить — в любом случае найдёт («точек» в городе много), а нормальный человек,даже если и захочет праздник с друзьями отметить (не напиться до потери пульса, а так для настроения по рюмашке пропустить -так алкоголь то не продаётся, получается либо не праздник — а шиш с маслом, либо как последний алкаш беги на «точку», там то продадут в любое время дня и ночи (хорошо если нормальную водку, а могут и палёнку подсунуть !!!!!!!!!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *