У гонар партызанскай брыгады імя Шчорса

Общество

Гэты помнік устаноўлены каля будынка Раваніцкай школы ў 1975 годзе. Ён сведчыць аб тым, што ў Вялікую Айчынную вайну за два кіламетры ад вёскі ў лясным урочышчы Бязодніца базіравалася партызанская брыгада імя М.А. Шчорса.

Брыгада была створана 13 кастрычніка 1942 года з асобных партызанскіх атрадаў “Бальшавік“ і “Перамога”, якія арганізаваліся з патрыётаў навакольных вёсак і груп ваенаслужачых, што засталіся пасля адступлення на акупіраванай тэрыторыі.

У снежні 1942 года ў брыгаду ўвайшоў створаны ў маі 1942 года партызанскі атрад “Першае Мая”, перайменаваны затым у партызанскі атрад “Камуніст”. З лютага 1943 года ў складзе брыгады ўдзельнічаў арганізаваны ў чэрвені 1942 года партызанскі атрад імя Варашылава. У брыгадзе былі створаны яшчэ атрады імя Чапаева, імя Кірава, імя Шчорса.

Брыгада ў складзе гэтых шасці атрадаў дзейнічала на тэрыторыі Чэрвеньскага, Бярэзінскага і Барысаўскага раёнаў. Партызаны праводзілі баявыя аперацыі на чыгуначных і шашэйных дарогах Мінск-Магілёў, Мінск-Крупкі, Мінск-Бабруйск. Узрывалі на гэтых участках жывую сілу і тэхніку фашыстаў, вялі адкрытыя і ў засадзе баі з акупантамі, наносілі ўдары па варожых гарнізонах.

На баявым рахунку брыгады 36 варожых эшалонаў,  9 знішчаных аўтамашын, каля пяці кіламетраў разбуранай тэлефонна-тэлеграфнай лініі, больш за 950 падарваных чыгуначных рэек на ўчастку Мінск-Крупкі, разгромлены гарнізон у вёсцы Забашэвічы Барысаўскага раёна. Восенню 1942 і вясной 1943 гадоў партызаны ўдзельнічалі ў баях супраць карных экспедыцый гітлераўцаў.

Падчас правядзення баявых аперацый брыгада імя Шчорса ўзаемадзейнічала з партызанамі брыгад “Разгром” і “За Савецкую Беларусь”. У канцы чэрвеня 1944 года перарэзала гітлераўцам шлях адыходу па дарогах Смалявічы -Чэрвень, Барысаў-Беразіно, аказала вялікую дапамогу часцям Чырвонай арміі ў зборы разведданых аб праціўніку ў зоне сваёй дыслакацыі.

2 ліпеня 1944 года партызанская брыгада імя Шчорса ў складзе атрадаў “Бальшавік”, “Камуніст”, імя Варашылава, “Перамога”, імя Чапаева, імя Шчорса (усяго 1885 народных мсціўцаў) злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.

Камандзірамі брыгады былі: М.Л.Дзербан (да сакавіка 1944 года), В.К.Дзяруга (з сакавіка 1944 года).

Падрыхтаваў А.РУЖЫН.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *