Моладзь і час: подзвіг у імя будучага

Общество

Мне пашчасціла прысутнічаць на абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў «Арт-вакацыі», які праходзіў на базе УА «Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж». Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, праводзіцца з мэтай фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.  Дэвіз фестывалю:  «Моладзь і час: подзвіг у імя будучага».

Паўдзельнічаць у конкурсе ў Смілавічах запрасілі чатыры калектывы,  тры з якіх прадстаўлялі наш Чэрвеньскі раён: Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй, Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Чацвёрты ўдзельнік конкурсу — калектыў Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Актавая зала не ўмяшчала ўсіх жадаючых. Кожнаму хацелася падтрымаць сваіх!..

Гучыць сігнал  да пачатку конкурсу. Вядучая прадстаўляе журы на чале з Вольгай Анатольеўнай Цімохінай — начальнікам аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння работы па тэхнічнай, мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і пачынаецца дзеянне.

Першымі на сцэну выйшлі нашы суседзі — творчы калектыў Мар’інагорскага каледжа. На суд гледачоў і журы яны прадставілі рознажанравую праграму. Прыемна ўразіў прысутных квінтэт «Ліра», бо на сцэну выйшлі не студэнты, а выкладчыкі, дакладней, выкладчыцы, якія душэўна праспявалі песню «Бацькоўская хата».  Але ўсе ж такі візітнай карткай гэтага калектыву можна смела лічыць вакальна-інструментальны ансамбль «Крылы» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя  Іванавіча Сарычава.

Наступнымі выступалі прадстаўнікі Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Цісецкай навучэнцы падрыхтавалі цэлы музычны спектакль! Перад гледачамі прамільгнулі падзеі даваеннага жыцця, Вялікая Айчынная вайна і доўгачаканая Перамога.

І вось смілаўчане перадаюць эстафету Чэрвеньскаму прафесійнаму будаўнічаму ліцэю. Дзякуючы гэтаму творчаму калектыву мы зірнулі на падзеі Вялікай Айчыннай вайны вачыма сучаснай моладзі. Літаратурна-музычныя зарысоўкі ў выкананні агітбрыгады змяняліся музычнымі творамі. А як жа стараліся юныя артысты! Ды й нельга ім было выступаць дрэнна, калі побач на адной сцэне стаяць твае выкладчыкі і нават намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. Наталля Віктараўна Саўко прачытала верш А.Вярцінскага «Дынамік». Да глыбіні душы кранула ўсіх прысутных выступленне педагога дадатковай адукацыі Валерыі Вячаславаўны Цімохінай. Яна настолькі пранікнена выканала песню «Лети перышко», што перад вачыма прамільгнуў цэлы міні-спектакль. Захацелася самой стаць пярынкай і паляцець, ды «отогнать, смахнуть горюшко»… Эпагеем праграмы стаў нумар «Хто, калі не мы» ў выкананні вакальнай групы «Міра». І сапраўды, хто, калі не моладзь, зберажэ нашу краіну ў міры, хто, калі не хлопцы і дзяўчаты зробяць першы крок для сваёй краіны.

Апошнімі на сцэну выйшлі гаспадары — артысты Смілавіцкага аграрнага каледжа. Так, артысты! Бо не было ніводнага нумара, які б не адзначылі члены журы і гледачы. Прафесійна, яскрава  пастаўленыя Анжэлай Эдуардаўнай Букатка нумары ў выкананні танцавальнага калектыву «Pro-движение» усім паднялі настрой. Крануў душу літаратурны эцюд «Мама, мы перамаглі!» у выкананні Аліны Званковіч. Але самым яскравым можна лічыць выступленні спевакоў! «Балада аб салдацкай маці» ў выкананні Таісіі Котавай, «Землякі» ў выкананні Крысціны Лаворанка і Аліны Юрчанка  былі высока адзначаны журы. Рыхтавала спевакоў да конкурсу Майстар (з вялікай літары) сваёй справы —  Лідзія Эдуардаўна Мыцько.

Прыемна адзначыць, што прадстаўнікі Червеньшчыны дастойна прадставілі наш рэгіён на конкурсе. Малайцы! Так трымаць!

Жадаю ўсім артыстам творчых поспехаў і спадзяюся, што ў гала-канцэрце рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў «Арт-вакацыі» мы абавязкова ўбачым і пачуем   прадстаўнікоў нашага раёна.

Святлана Жыгалка,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

ДУА «СШ №2 г.п.Смілавічы», член журы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *