Свята праваслаўнай кнігі

Духовность

Традыцыйна ў нашай краіне 14 сакавіка адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі. Свята прымеркавана выданню Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам першай друкаванай кнігі “Апостал”, якая пабачыла свет у Маскве 14 сакавіка 1564 года.

Сёлетнія мерапрыемствы адметныя і яшчэ адной гістарычнай датай — тысячагоддзем смерці хрысціцеля Русі, раўнапостальнага вялікага князя Уладзіміра.

На працягу лютага-сакавіка ва ўсіх епархіях Беларускай Праваслаўнай царквы, у бібліятэках гарадоў і вёсак на выставах наведвальнікі маглі азнаёміцца са старадрукамі, рукапіснымі кнігамі, сучаснымі праваслаўнымі выданнямі, сустрэцца са святарамі, выдаўцамі, аўтарамі, абмеркаваць за “круглым сталом” праблемы.

На вялікую заключную ўрачыстасць Дня праваслаўнай кнігі, якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы, быў запрошаны і аўтар гэтай заметкі.

У фае бібліятэкі ўдзельнікі свята маглі набыць кнігі, выдадзеныя Беларускім Экзархатам, Свята-Елізавецінскім жаночым манастыром, брацтвам імя Святога Архістраціга Міхаіла, іншымі выдавецтвамі.

Выставу наведаў Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.  Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі “атакавалі” епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна, які ўзначальвае выдавецкі аддзел Беларускага Экзархата. Ён падрабязна адказаў  на іх шматлікія пытанні.

Епіскап Веніямін адкрыў урачысты сход. Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел павіншаваў прысутных са святам, падкрэсліў вялікую ролю кнігі на шляху чалавека да веры, яе паглыблення, да ведаў. Ён уручыў узнагароды за поспехі ў справе выдання і распаўсюджвання праваслаўных кніг  выдавецтву Спаса-Ефрасіньеўскага жаночага манастыра г.Полацка,  выдавецкаму аддзелу Гродзенскай епархіі, гістарычнай камісіі Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, студэнцкаму часопісу “Ступені” і іншым.

Аб вялікай ролі праваслаўнай кнігі ў грамадстве гаварылі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Уладзімір  Ламека, саветнік па культуры Пасольства РФ у Беларусі Святлана Бірулёва, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. Паэтэса Таццяна Дашкевіч падаравала бібліятэчкі праваслаўнай літаратуры бібліятэкам, школам-інтэрнатам, іншым сацыяльным установам.

У час урачыстасцей адбылося шмат цікавых сустрэч са святарамі, пісьменнікамі, выдаўцамі. Як калегі, віталіся епіскап Веніямін і дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліана Анцух. Спадарыня атрымала ад епіскапа ў падарунак кнігу з яго ўласнаручным подпісам.

Адметнасць святу надалі цудоўныя выступленні хораў — “Усіхсвяцкага”  і Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра.

Шматгадзінная ўрачыстасць праляцела як некалькі хвілін — эмацыянальна, цікава.


Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *