Змагалася з акупантамі, ратавала вяскоўцаў

Общество

Не знойдзеш, напэўна, на Хутаршчыне чалавека, які б не ведаў сціплую жанчыну, медыка па прызванню, удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны Германовіч (Замбжыцкую) Юзэфу Іосіфаўну.

Нарадзілася яна ў 1916 годзе ў вёсцы Раванічы. Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча перад вайной  прыехала працаваць фельчарам-акушэркай у Хутарскую бальніцу.

Калі ў 1941 годзе гэтыя мясціны акупіравалі гітлераўцы, не магла дзяўчына спакойна глядзець на зверствы, якія яны чынілі. Юзя вырашыла змагацца з фашыстамі.

Разам са сваёй сяброўкай  Марыяй Крупень падтрымлівала сувязь з партызанамі, патрыятычным падполлем у Чэрвені. Рызыкуючы жыццём, яны перапраўлялі ў партызанскі атрад імя Ціхамірава медыкаменты, распаўсюджвалі лістоўкі, выпякалі хлеб для партызан, збіралі звесткі аб перамяшчэнні нямецкіх войск па шашы Мінск — Магілёў.  Акрамя гэтага, Юзэфа Іосіфаўна аказвала медыцынскую дапамогу мясцоваму насельніцтву.

Калі закончылася вайна, «цёця Юзя», як ласкава называлі яе аднавяскоўцы, працавала ў Хутарскай бальніцы. У першыя пасляваенныя гады тут не хапала медыкаў,  медыкаментаў, а хворых было вельмі шмат. Многія хварэлі тыфам, малярыяй. Да позняй ночы хадзіла Юзэфа Іосіфаўна ад сяла да сяла, ратуючы людзей.

Звыш 40 гадоў адпрацавала яна медыцынскім работнікам, выратавала ад смерці не адзін дзесятак жыхароў Хутаршчыны.

 

Падрыхтаваў Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *