Свята вёскі Велікаполле адзначылі ў мінулую суботу

Общество

 

На вуліцы вясёлая музыка, водар свежай выпечкі, бліноў і шашлыка стваралі сапраўдны святочны настрой. Таксама гэтаму спрыяла па-вясноваму сонечнае і цёплае надвор’е. Велікапольскія гаспадыні прапаноўвалі пачаставацца кулінарнымі вырабамі на любы густ: выпечкай, блінамі, квашанай капустай, кісялём. Акрамя гэтага, жадаючыя маглі набыць прадукты ў выяздной гандлёвай палатцы Чэрвеньскага райспажыўтаварыства.

Арганізатары свята вельмі адметна ўпарадкавалі не толькі будынак Дома культуры, але і прылеглую тэрыторыю.

Зусім не па-зімоваму выглядалі аздобленыя яркімі рознакаляровымі стужкамі, паветранымі шарамі дрэвы, вабілі вока самавары з вязанкамі бублікаў, многія жадалі сфатаграфавацца з самаробнай «жанчынай-гаспадыняй».

Па колькасці прысутных можна сцвярджаць, што свята велькапольцам і гасцям прыйшлося даспадобы. Зала сельскага Дома культуры, дзе праходзіла ўрачыстая частка мерапрыемства,  нават не змагла змясціць усіх жадаючых, не было ніводнага свабоднага месца.

У фае Дома культуры мясцовыя майстры Рэгіна Калашонак, Вера Пашкевіч, Ангеліна Тарасік, Алеся Тарасава зладзілі выставу. Гасцям яны прадэманстравалі вырабы,  зробленыя сваімі рукамі. Для іх стварэння аўтаркі выкарысталі лазу, паперу і інш., а таксама дзіўнай прыгажосці вышыванкі.

Падчас урачыстай праграмы з вітальным словам выступіла старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза. Са сцэны гучалі вершы мясцовых жыхароў Валянціны Тарасік і Таццяны Ладуцька пра сваю маленькую радзіму. Сапраўдным падарункам для вяскоўцаў было яскравае выступленне народнага жартоўнага гурту «Чэрвеньскія балагуры». Гледачы гучна пляскалі ў далоні, усміхаліся, нават падпявалі! Даспадобы прыйшліся і музычныя нумары ўдзельніц Горкаўскага сельскага Дома культуры, а таксама Марыны Сіняўскай.

На свяце ўзгадалі аднавяскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ўспомнілі пра тых, чыю маладосць згубіў Афганістан. Сярод іх — Сяргей Грыбко, які так і не вярнуўся з гэтай далёкай краіны.

Віталі і доўгажыхароў-велікапольцаў: Мікалая Бараноўскага, Алену Бандарык, Галіну Вікторчык, Вольгу Ганчарык, Івана Ладуцьку, Сафію Ладуцька, Вольгу Мірановіч, Сафію Мірановіч, Вольгу Патапейка, Веру Пугач, Зінаіду Рунцо, Марыю Чурунец. Для іх былі падрыхтаваны падарункі. Ёсць у Велікаполлі і самы маленькі жыхар — Машанька Далгова. Яна атрымала з рук Алены Гамезы салодкі падарунак і мяккую цацку, што вельмі ўзрадавала дзяўчынку.

Павіншавалі і ўзнагародзілі юбіляраў гэтага года: Марыну Яблонскую, Людмілу Забаўскую, Наталлю Дадалка, Васіля Калашонка, Васіля Пашкевіча, а таксама юбіляраў месяца: Максіма Барысенку, Валянціну Буйневіч, Таццяну Ганчарык, Фёдара Забаўскага, Раісу Лучонак, Алу Манулік, Віктара Тарасіка, Ганну Ужанаву, Аляксандра Чарняўскага, Аляксандра Молчана, Ніну Суравец.

На свяце ўшанавалі пары, якія шмат гадоў ідуць па жыцці разам. Две сям’і сёлета адзначаюць залатое вяселле: Васіль Васільевіч і Рэгіна Мікітаўна Калашонак, Васіль Уладзіміравіч і Вера Аляксандраўна Пашкевіч. Яны атрымалі словы віншавання і падарункі, а таксама «нявестам» падаравалі прыгожыя вянкі-вэлюмы, зробленыя рукамі арганізатараў. Павіншавалі сямейную пару Івана Дзмітрыевіча і Сафію Мікалаеўну Ладуцька, якія пражылі разам 59 гадоў.

Словы ўдзячнасці адрасавалі таксама тым, хто даў веды, «выпусціў у свет» шмат маладых людзей: настаўнікам Сафіі Ладуцька, Ангеліне Тарасік, Рэгіне Калашонак, Ніне Суравец, Уладзіміру Харытановічу, Валянціне Тарасік, Людміле Шынкарэвіч.

У гэтай невялікай вёсцы жывуць працавітыя людзі, якія стараюцца добраўпарадкаваць свае падворкі, прылеглую тэрыторыю. Гэта адзначыла старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік:

«Вёска Велікаполле значна змянілася. Хто яшчэ дзесяць гадоў мог сказаць, што на ферме кароў будуць даіць робаты! Значны ўклад у добраўпарадкаванне вёскі зрабіў сельвыканкам, самі жыхары падтрымліваюць парадак і ўпрыгожваюць падворкі. Я спадзяюся, што вы і далей будзеце адносіцца да сваіх родных мясцін з любоўю.»

Закончылася мерапрыемства ўжо на вуліцы, падчас святкавання Масленіцы. Тут разгарнулася гулянне з вясёлымі конкурсамі, частаваннем блінамі, карагодам, спаленнем чучала, сустрэчай Вясны.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *