З узростам мы, пенсіянеры, усё часцей звяртаемся ў медыцынскія ўстановы. Але ж далёка не кожны чалавек па стану здароўя можа ў любую хвіліну наведацца ў раённую бальніцу, і таму як жа добра, што ў нашай вёсцы Раванічы ёсць свая, адзіная ў раёне сельская ўчастковая бальніца, ды яшчэ са стацыянарным аддзяленнем. На базе яе дзейнічаюць ложкі медыка-сацыяльнага догляду, іх 10. Тут знаходзяцца хворыя, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе і доглядзе.
Пабудавана Раваніцкая сельская ўчастковая бальніца ў 1993 годзе. Гадоў сем назад тут быў зроблены сучасны рамонт (праўда, на сёння існуе вялікая праблема з дахам — вось бы хто дапамог у вырашэнні гэтага пытання). У бальніцы чысціня, зеляніна пакаёвых вазонаў, а калі дадаць да гэтага ветлівасць і душэўнасць медперсаналу, то можна з упэўненасцю сказаць, што жыхарам Раваніч і навакольных вёсак ну проста пашанцавала. Тут пануе цёплая добразычлівая атмасфера. Здаецца, што ўсе жывуць і працуюць адзінай дружнай сям’ёй пад кіраўніцтвам Наталлі Андрэеўны Жэкавай (на здымку). Яна — галоўны ўрач Раваніцкай сельскай ўчастковай бальніцы з усімі яе клопатамі і праблемамі. Энергічная, вельмі камунікабельная, апантаная ідэямі, творчая натура, з цудоўным пачуццём гумару. Напэўна, такім і павінен быць чалавек, які штодня мае стасункі з рознымі людзьмі — медыцынскім і абслугоўваючым персаналам бальніцы; з чыноўнікамі, да якіх па роду службы даводзіцца звяртацца; з хворымі, што нясуць да доктара не толькі свой боль, словы падзякі, але падчас і незадаволенасць ці раздражнёнасць.
Родам Наталля Андрэеўна з Украіны. Пасля школы яна паступіла ў Адэскі медінстытут, а заканчвала ўжо вучобу па сямейных абставінах у Мінскім медінстытуце. Па спецыяльнасці Наталля Андрэеўна — урач-кардыёлаг, дарэчы, адна з нямногіх у раёне ўрач вышэйшай катэгорыі. Трыццаць гадоў яна адпрацавала загадчыкам 4 падстанцыі хуткай дапамогі ў Мінску, а пасля захацелася пераехаць у вёску, каб аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу мясцовым жыхарам і быць бліжэй да прыроды, да зямлі, паколькі сама яна вясковы чалавек.
У нашай бальніцы Наталля Андрэеўна працуе з 2007 года, а жыве ў новым доме, які прадаставіла доктару кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі.
Наталля Андрэеўна заўсёды ўважліва выслухае хворага, падбярэ неабходныя лекі, падкажа, як весці сябе пры пагаршэнні стану здароўя. Пры аглядзе хворых можа і цэлую лекцыю прачытаць, і пажартаваць, прыўзняць настрой, а парой і паўшчуваць, калі пацыент не спаўна выконвае яе рэкамендацыі. Чужы боль Наталля Андрэеўна прымае як свой уласны (а колькі ж гэтага болю прайшло праз яе сэрца за амаль 40 гадоў працы). Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, уменню працаваць з людзьмі, яна заваявала павагу жыхароў вёскі. Такому сардэчнаму доктару можна смела даверыць сваё лячэнне.
Гэтая жанчына-урач асабіста мяне ўражвае сваёй мудрай ацэнкай жыццёвых пазіцый, праніклівым поглядам на людзей, неабыякавасцю да лёсаў сваіх пацыентаў.
Гледзячы на Наталлю Андрэеўну, ведаючы няўрымслівасць яе характару, проста не верыцца, што нядаўна ёй споўнілася 60. Пенсійны ўзрост ніяк не вяжацца з яе тэмпераментам і лёгкакрыласцю. Я проста ў захапленні ад яе аптымізму, невычэрпнага жыццялюбства.
Вольны час гэтая жанчына бавіць за вязаннем, стварае прыгожыя рэчы для сваіх двзвюх дачок і любімых унучак. Летам разам з мужам займаецца агародам, цяпліцамі, вырошчваннем самых ранніх агуркоў, а яшчэ захапляецца кветкамі. Наталля Андрэеўна мае добры голас і цудоўна спявае.
Асноўныя памочнікі доктара — медсёстры. У нас яны самыя лепшыя і светлыя. Старшай медсястрой у бальніцы працуе стройная, добразычлівая Валянціна Віктараўна Равуцкая, прымае хворых для лячэння ў кабінеце фізіятэрапіі. Вельмі акуратная і патрабавальная ў рабоце, сапраўдны спецыяліст сваёй справы.
Вялікая сіла чалавечай чуласці, сардэчнасці і міласэрнасці. Менавіта такой сілай адораны нашы медыцынскія сёстры: Дзянько Святлана Леанідаўна, якая вядзе лячэбна-прафілактычную работу з насельніцтвам і працуе ў працэдурным кабінеце, і Мількевіч Ала Віктараўна — участковая дзіцячая медсястра. Не памылюся, калі скажу, што іх сэрцы перапоўнены крынічнай чысцінёй шчырага суперажывання, невычэрпнай дабрынёй і спагадай. А колькі ў Святланы Леанідаўны і Алы Віктараўны інтэлігентнасці і душэўнага цяпла, павагі да людзей! Ім уласціва выключная добрасумленнасць і бязмежная любоў да выбранай раз і назаўсёды любімай прафесіі.
Хачу адзначыць і прафесійную работу медсясцёр стацыянарнага аддзялення (яны ж аказваюць медыцынскую дапамогу і сацыяльным пацыентам бальніцы). Гэта Дзядзюк Рыма Мікалаеўна, Цыплёнак Іна Леанідаўна, Пшыбытка Вольга Леанідаўна — людзі з чыстай душой і адкрытым сэрцам. Для кожнага ў іх знойдзецца добрае слова, прыветная ўсмешка, спагадлівасць, цярпенне.
Хворым патрэбны не толькі лекі, але і добрае якаснае харчаванне. Гэтай справай вось ужо 29 гадоў займаецца повар бальніцы — абаяльная Вольга Сяргееўна Церашчук.
Канешне, гэта добра, што ў нас ёсць бальніца, ёсць куды звярнуцца за дапамогай, працуюць выдатныя медыцынскія работнікі. Але ж і самім людзям трэба клапаціцца пра ўласнае здароўе, таму і заклікаю не забывацца аб прафілактыцы хвароб.
Шаноўная Наталля Андрэеўна! Жадаю Вам і надалей нязгаснага аптымізму, моцы духу, яснай усмешкі і бляску ў вачах. Заставайцеся такой жа сардэчнай і патрэбнай людзям.
Нізкі паклон усім вам, людзі ў белых халатах, за адданасць сваё справе, за чулыя адносіны да людзей.
2015 год толькі пачаўся. Няхай жа ён прынясе ўсім вам, паважаныя, толькі мір, згоду, дабрабыт, а галоўнае — будзьце самі заўсёды здаровымі. Доўгага вам і светлага жыцця і простага сямейнага шчасця.
З удзячнасцю —
Тамара ІГНАТОВІЧ,
жыхарка в.Раванічы.
Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ