Аб лячэнні платным і бясплатным

Здоровье

Мы даўно прызвычаіліся да таго, што пратэзіраванне зубоў — паслуга платная. Хочаш мець «галівудскую ўсмешку» — выкладвай грошы. Ды і палячыць зубы ўсё ж лепей у платным кабінеце — яны забяспечваюцца больш якаснымі лекамі і матэрыяламі. Існуе таксама пералік іншых платных медыцынскіх паслуг, зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 10.02.2009 г. №182, які таксама ўжо не першы год паступова ўкараняецца ў работу Чэрвеньскай цэнтральнай

раённай бальніцы.

Адказаць на некаторыя пытанні чытачоў «Раённага весніка» па аказваемых платных паслугах

наш карэспандэнт папрасіла

галоўнага ўрача раённай бальніцы

Мікалая СНЫТКО.

 

— Мікалай Мікалаевіч, якія першыя медыцынскія паслугі ў бальніцы сталі платнымі і калі?

— З  2009 года мы  пачалі ўкараняць акрамя стаматалагічных платных паслуг і іншыя. Паступова ўводзілася плата за фізіятэрапеўтычныя паслугі: за праграванне, некаторыя электрапрацэдуры. Прычым пацыент аплачвае толькі першую працэдуру.

— Зараз які пералік платных паслуг?

— У цэнтральнай бальніцы зацверджаны Пералік платных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву на аснове Пастановы №182. Апошнім часам сталі платнымі такія паслугі, як гідратэрапія, ігларэфлексатэрапія. Сеансы масажу аплачваюцца ў поўнай меры. На платнай аснове аказваюцца інструментальныя даследаванні: ультрагукавая дыягностыка, рэнтгеналагічныя і эндаскапічныя даследаванні, функцыянальная дыягностыка, некаторыя гінекалагічныя паслугі. Абследаванні на ранняе выяўленне ракавых захворванняў: прастаты, малочнай залозы, яечнікаў.

— Дзе пацыенты могуць пазнаёміцца з пералікам платных паслуг?

— На інфармацыйным стэндзе ў рэгістратуры. А ўвогуле, сёння амаль усемногія карыстаюцца інтэрнэтам. На нашым сайце ўсё  можна знайсці.

Яшчэ на платнай аснове аказваюцца прафілактычныя агляды, медыцынскія агляды для атрымання дазволу на набыццё, захаванне, нашэнне агнястрэльнай і газавай зброі, выдача допуску да кіравання транспартнымі сродкамі і іншыя віды медыцынскіх экспертыз, якія праводзяцца па жаданню грамадзян.

— Калі паслугі па дыягностыцы пацыент можа атрымаць бясплатна?

— Калі хворы ляжыць у стацыянары, пры звяртанні да ўрача па захворванні па яго накіраванні, у экстранных выпадках па  хуткай дапамозе.

— Зараз загадчыкі аддзяленняў не вядуць прыём хворых. Як можна трапіць да іх на прыём, каб атрымаць кансультацыю?

— Трапіць можна. Яны вядуць прыём і кансультуюць пацыентаў на платнай аснове.

— Хто можа атрымліваць  лячэнне ў дзённым стацыянары і на якой падставе?

— На падставе Пісьма Міністэрства аховы здароўя РБ «Аб некаторых пытаннях аказання медыцынскай дапамогі пацыентам у аддзяленнях дзённага знаходжання дзяржаўных арганізацый аховы здароўя» ад 05.02.2013 г. № 02-3-13/738-49, у якім гаворыцца, што ў дзённым стацыянары медыцынскую дапамогу могуць атрымліваць пацыенты, якім не патрабуецца пастаяннае кругласутачнае назіранне і інтэнсіўнае лячэнне.

У сувязі з гэтым пацыенты дзённага стацыянара забяспечваюцца лякарствамі за ўласныя сродкі. Пацыенты, якія згодна заканадаўства Рэспублікі Беларусь маюць льготы (90% або 50% зніжку ад кошту лекавых сродкаў або бясплатна) на выпіску лекавых сродкаў, таксама самастойна набываюць неабходныя для іх лячэння ў дзённым стацыянары лекавыя сродкі па рэцэптах урачоў паліклінікі на льготнай падставе або бясплатна.

— А ці ёсць ложкі платныя?

— Так. Ёсць у нас ў аддзяленнях палаты павышанай камфортнасці, за знаходжанне ў якіх мы бяром аплату.  Жадаючых лячыцца ў такіх палатах мала.

— Нядаўна і мне давялося лячыцца ў стацыянары. Аднаму хвораму  доктар прапануе купіць лякарствы за свае грошы, а другі атрымлівае іх бясплатна. Чаму?

— Існуе стандарт лячэння кожнага захворвання: ёсць пералік лекаў, якія павінен атрымаць пацыент. У асноўным, перавага аддаецца лекам айчыннай вытворчасці. Але іншы раз урач  прапануе набыць лякарствы імпартнай вытворчасці, або якіясьці аналагі айчыннай, калі гэта неабходна. Бо разумееце, што адно і тое ж захворванне ў розных людзей працякае па-рознаму, агульныя сімптомы захворвання аднолькавыя, а могуць быць і іншыя, або ў пацыента яшчэ ёсць і спадарожныя хваробы, хтосьці можа і не ўпісацца ў стандарт лячэння. Бывае і алергія на некаторыя лекі. Урач павінен разабрацца ва ўсіх гэтых нюансах і назначыць дакладнае лячэнне. Пацыент іншы раз няхай не саромеецца і спытае ў доктара, чаму яго так лечаць.  Часта бывае так, што родныя пацыента просяць самі — назначце ўсё, што толькі можна, выратуйце нашага бацьку, маці або дзіця.

— Наркалагічная дапамога. Іншы раз людзі абураюцца, што для алкаголікаў знаходзіцца і медыцынская дапамога, і лекі. Зразумела, што гэта хворыя людзі, ратаваць трэба ўсіх, а як яны аплачваюць медыцынскія паслугі?

— Плацяць самі. Бывае, што спаганяем грошы прымусова — праз месца работы.

— А тыя, хто не працуе? Як разлічваюцца яны?

— Таксама плацяць.

— Існуе медыцынскае страхаванне. Ці многа жадаючых атрымаць паслугі па страхоўцы?

— Пакуль няшмат. Часцей, маючы страхавы медыцынскі поліс, людзі звяртаюцца ў Мінск да вузкіх спецыялістаў, або па камп’ютарную ці магнітна-рэзанансную дыягностыку. У нашай жа бальніцы такіх спецыялістаў мала, ды і дыягностыкі такой няма. Каму па паказаннях такія даследаванні неабходны, мы накіроўваем бясплатна.

— Які парадак аказання платных паслуг?

— Пацыент ідзе ў касу, заключае там дагавор на аказанне платных паслуг, плаціць грошы і атрымлівае неабходную паслугу.

— Куды ідуць грошы, выручаныя ад рэалізацыі платных медыцынскіх паслуг?

— Атрыманыя сродкі выкарыстоўваюцца згодна заканадаўства ў лік кампенсацыі расходаў.

— Ці існуюць льготы або зніжкі на платныя паслугі і хто можа імі карыстацца?

— Бясплатна ўсе віды медыцынскіх паслуг у нашай бальніцы атрымліваюць удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты і асобы, якія да іх прыраўнаваны, інваліды І групы, дзеці і падлеткі, за выключэннем навучэнцаў школ і студэнтаў навуковых устаноў для праходжання вадзіцельскай медыцынскай камісіі, а таксама цяжарныя жанчыны, акрамя праходжання вадзіцельскай камісіі і УЗІ у няскрынінгавыя тэрміны. Са зніжкай 50% ад аплаты медыцынскімі паслугамі могуць карыстацца інваліды 2 групы і работнікі Чэрвеньскай ЦРБ.

 

Гутарку вяла Таццяна МАРЦЬЯНАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *