«Будаўнік» выйшаў на рэспубліканскі ўзровень

Спорт

Завяршэнне мінулага і пачатак новага года выдаліся для чэрвеньскага «Будаўніка» багатымі на спаборніцтвы па футзале розных узроўняў.

У групавым этапе XX розыгрышу Кубка Рэспублікі Беларусь нашы землякі змагаліся за дзве пуцёўкі ў плэй-оф разам з камандамі «Сапфір» (Мінск), «SQ.by-BELFIZA» (Мінск) і «Бабруйск» (Магілёўская вобласць ).

Пачатак матчу са сталічным «Сапфірам» прайшоў пад дыктоўку «Будаўніка». Чэрвеньцы актыўна атакавалі і ўжо на трэцяй хвіліне Юрый Немагуцін завяршыў прыгожую камбінацыю трапным ударам па варотах — 1:0. Аднак неўзабаве гульнявую ініцыятыву перахапілі мінчане. За 7 хвілін да заканчэння матча «Будаўнік» прайграваў 1:6. У гэтай сітуацыі нашы пайшлі на адчайны штурм варот «Сапфіра». Намаганнямі Андрэя Вашкевіча, які забіў два мячы, і Яўгена Шчарбакова лік стаў 4:6. Але за дзве хвіліны да фінальнага свістка сапернікі злавілі чэрвеньцаў на контратацы — 4:7.

У наступнай сустрэчы «Будаўніку» супрацьстаяла каманда вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футзале, дзеючы бронзавы прызёр гэтых спаборніцтваў — «Бабруйск». Да перапынку ход гульні вельмі нагадваў першы матч. Нашы на 5-й хвіліне адкрылі лік (гол забіў Дзмітрый Чысты), але потым да канца тайма прапусцілі ў свае вароты пяць безадказных мячоў.

На пачатку другога тайма каманды абмяняліся галамі (у нас зноў вызначыўся Дзмітрый Чысты), а за дзесяць хвілін да перапынку чэрвеньцы ўзвінцілі тэмп гульні і пачалі хутка скарачаць разрыў у ліку. Максім Шмаянкоў — 3:6, Антон Галай — 4:6. Прапускаем зноў — 4:7. Максім Шмаянкоў — 5:7, Яўген Шчарбакоў — 6:7, Яўген Яблонскі — 7:7.  На жаль, нічыйны лік «Будаўніку» ўтрымаць не ўдалося: бабруйчане вырвалі перамогу на апошняй хвіліне матча — 8:7.

Трэцяя гульня, з мацнейшай камандай групы «SQ.by-BELFIZA», для чэрвеньцаў ужо нічога не вырашала: два паражэнні пазбавілі іх нават тэарэтычных шанцаў на выхад у плэй-оф. Тым не менш, «Будаўнік», прынамсі ў першым тайме, аказаў мінчанам годнае супраціўленне. Нашы зноў першымі адкрылі лік (гол забіў Яўген Шчарбакоў), а потым, прапусціўшы два мячы ў свае вароты, параўналі яго (вызначыўся Антон Галай). Нічыйны лік трымаўся на табло да сярэдзіны друга тайма. Затым сталічныя ігракі даціснулі чэрвеньцаў на вопыце: на тры іх мячы нашы здолелі адказаць адным голам Яўгена Яблонскага — 3:5.

Таксама напрыканцы снежня «Будаўнік», аб’яднаўшыся са сталічнай камандай «SQ.by-BELFIZA», з другога тура далучыўся да ХХ чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футзале, гульні якога прайшлі ў Мінску.

У дэбютным матчы сапернікам нашых быў знаёмы па кубкавых гульнях «Бабруйск». Пасля дакладнага ўдару Аляксея Бялова «Будаўнік» ужо на першай хвіліне адкрыў лік, аднак у выніку прайграў — 1:5.

У наступнай сустрэчы чэрвеньцы перамаглі трохразовага чэмпіёна Беларусі — гомельскі «ВРЗ» — 4:2 (двойчы вызначыўся Яўген Шчарбакоў, па аднаму мячу забілі Віталь Хацкевіч і Андрэй Лапшын), затым саступілі «Брэстуторчармету» — 1:4 (гол на рахунку Яўгена Шчарбакова), а ў апошнім матчы, дзякуючы мячу Глеба Захарэня, адолелі пінскі «Аіст» — 1:0.

Акрамя таго, «Будаўнік» працягвае паспяховае выступленне ў чэмпіянаце Мінска па футзале. Пасля адзінага ў спаборніцтвах паражэння ад уздзенскага «Белхладу» — 4:6, чэрвеньцы атрымалі тры перамогі запар: над сталічнымі «ЛМЛ-ультра» — 4:3 (галы на рахунку Аляксандра Мрынскага, Андрэя Вашкевіча, Яўгена Шчарбакова і Антона Масько), «Мінск Гэлаксі» — 3:2 (Андрэй Вашкевіч — 3) і «Лакаматывам» — 9:2 (Юрый Немагуцін — 3, Антон Масько і Дзмітрый Чысты — па 2, Андрэй Вашкевіч і Яўген Цэдрык).

Пасля 8 тураў «Будаўнік» набраў 21 ачко і знаходзіцца ў групе лідараў спаборніцтваў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымку: момант матчу чэмпіянату Мінска «Будаўнік» — «Лакаматыў».  У атацы —

Андрэй Вашкевіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *