У Смілавічах адбыўся фестываль пчаляроў

Общество

11-12-14-17Смілавічы славяцца як цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў па пчалаводству. У гэтай справе тут набыты значны вопыт. Калісьці пры невялікім каталіцкім кляштары, пабудаваным Агіньскімі, існавала школа для навучання дзяцей гаспадаранню. У ёй асвойвалі і пчалярства.

У 60-х гадах у Смілавічах існавала школа пчаляроў, рэарганізаваная потым у пчалаводчае аддзяленне тэхнікума. Значная частка сучасных пчаляроў Беларусі атрымала спецыяльную адукацыю ў гэтай навучальнай установе, а затым у яе пераемніку — дзяржаўным аграрным каледжы. Таму менавіта тут 6-7 снежня Саюз пчалаводчых арганізацый  «БелАпиЮнион» па ўзгадненню з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання праводзіў пчалаводчы фестываль пад дэвізам «Смілавічы — наша пчалярная маладосць». Напярэдадні арганізацыйны камітэт фестывалю на чале са старшынёй Саюза, капеланам пчалаводаў, кандыдатам гістарычных навук, акадэмікам Міжнароднай Акадэміі Экалогіі, настаяцелем касцёла  Святога Сымона і Святой Алены ксяндзом-магістрам тэалогіі Уладзіславам Завальнюком,  праводзілі абмеркаванне маючага адбыцца мерапрыемства ў Смілавіцкім каледжы, які ўзначальвае Тамара Канстанцінаўна Сень.

Актыўны ўдзел у арганізацыі фестывалю прымалі Халадзінскі Міхаіл Міхайлавіч — старшыня  Саюза грамадскага аб’яднання беларускіх пчалаводаў, Барташэвіч Валяр’ян Антонавіч — уладар фірмы “Свой мёд”.

Важкі ўнёсак у яго правядзенне ўклаў старшыня аб’яднання “Бортнік” Васіль Міхайлавіч Кавалец. Сорак гадоў таму ён скончыў Смілавіцкі тэхнікум. Мне сказаў: “Менавіта тут атрымаў шчаслівую пуцёўку ў жыццё. Смілавічы для мяне як родныя”. Не засталіся ў баку ў клопатах і прадстаўнікі абласцей.

Фестываль прыехалі асвятляць прадстаўнікі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і тэлебачання.

У мерапрыемстве актыўна ўдзельнічалі звыш 250 чалавек. Яны прадстаўлялі ўсе куточкі Беларусі. Такой шматлікай сустрэчы раней ніколі не назіралася.

Усіх вабіла выстава тавараў і прадукцыі пчалаводства айчынных вытворцаў, рамеснікаў, пчалаводаў-вынаходнікаў і наватараў. У прыватнасці, вырабы для вядзення пчалярскай гаспадаркі, звыш 30 відаў мёду, мядовыя лекі гаючых раслін, інструменты і нават мастацкія карціны з Пінску. Гэта высока ацанілі смілаўчане, якія завіталі на фестываль. Асабіста мяне зацікавілі лекі Міколы Качаноўскага з Пінску, тавары Віктара Межыеўскага з аграгарадка “Жамчужнае” Баранавіцкага раёна, Васіля Нікіціна з Віцебшчыны, Пятра Кулакоўскага з вёскі Забалоцце Смалявіцкага раёна.

У пачатку дня былыя выпускнікі, пчаляры азнаёміліся з матэрыяльнай базай, жыццём і вучобай навучэнцаў, арганізацыяй навучальнага працэсу, музеем, метадычным кабінетам. Дарэчы, іх  гідамі з’яўляліся самі цяперашнія навучэнцы.

Фестываль адкрыла дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень. Яна азнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй навучальнай установы, дасягненнямі, праблемамі ў справе падрыхтоўкі пчалаводчых кадраў. Звярнула ўвагу прысутных на магчымасці супрацоўніцтва, дапамогі.

Пчаляроў вітала кансультант Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Таццяна Пракопаўна Велічковіч. За пчаляроў, за іх сем’і прачыталі малітвы ксёндз Уладзіслаў і святар Дзімітрый. Ксёндз Уладзіслаў выступіў таксама са змястоўным дакладам як кіраўнік новай арганізацыі пчалаводаў “БелАпиЮнион”, аб яе задачах, шляхах вырашэння праблем, аздараўлення насельніцтва. Лейтматыў яго прамовы — чыстая прырода, чысты мёд, моцны і здаровы чалавек.

Стан пчалаводства ў Беларусі, шляхі яго развіцця глыбока прааналізаваў старшыня аб’яднання “Бортнік” Васіль Міхайлавіч Кавалец. А старшыня пчалаводаў Беларусі Міхаіл Міхайлавіч Халадзінскі засяродзіў увагу на неабходнасці канкрэтнымі  справамі, еднасцю актыўна працягваць развіццё пчалярства.

Канкрэтныя прапановы выказалі прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, індывідуальныя пчалаводы. Мелі месца карысныя дэбаты.

Як заўжды, чакалі грунтоўнае цікавае эмацыянальнае выступленне Дзмітрыя Канстанцінавіча Рахматуліна. Ён спалучае ў сваёй асобе вучонага і пчалавода-практыка, які дае вывераныя, карысныя парады.

З вялікай увагай слухалі даклад вядомага алерголага, імунолага прафесара Сяргея Уладзіміравіча Федаровіча. Ён пераканаўча засведчыў: “Стратэгія таблеткі вычарпана. Патрэбна апора на прыроду”.

Намеснік рэдактара часопіса “Пчалаводства” заклікала вылучаць кандыдатаў для ўдзелу ў 2015 годзе ў міжнародным конкурсе юных пчаляроў. Сёлета, як адзначыла яна, наш удзельнік заняў сёмае месца.

У зале прысутнічала і будучая змена — навучэнцы-завочнікі.

Эмацыянальна праходзілі сустрэчы выпускнікоў. Не змог стрымаць слёзы Алег Белікаў з Жодзіна. Ён скончыў тэхнікум 47 гадоў таму. Асобных сваіх аднагрупнікаў не пазнаў. У інтэрвью заўважыў: “У Смілавічах — мая пчалярская маладосць. Хіба я змагу забыць гэтую мясціну! Помню і сваіх выкладчыкаў”.

Глядзела на сяброў і ўсміхалася Галіна Мікалаеўна Аліноўская. Яны ўсе шукалі вачыма маленькую, хударлявую дзяўчыну. І ніяк не маглі прызнаць яе ў асобе шыкоўнай дамы.

7 снежня пчаляры на чале з В.М.Кавальцом дзяліліся ўласным вопытам лячэння пчолак-працаўніц ад хвароб. Размова вялася надта актыўна. Васіль Міхайлавіч падрабязна расказваў таксама аб літоўскай і польскай практыцы лячэння ад кляшча і іншых захворванняў.

Прыемна аздобіў фестываль і святочны канцэрт.

Усім удзельнікам вельмі спадабалася гэтае мерапрыемства. Кожны ўзяў для сябе шмат карыснага, усвядоміў перспектывы гэтай галіны.

За цудоўную арганізацыю фестывалю шчыра дзякавалі Т.К. Сень і В.М.Кавальцу, выказваючы спадзяванні на будучыя спатканні.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п.Смілавічы.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *