Шчыра віталі і ўшаноўвалі лепшых маці на раённым свяце

Общество

З 8 па 14 кастрычніка на Чэрвеньшчыне праходзіў Тыдзень маці. Кожны год у рамках яго ладзіцца раённае мерапрыемства на базе пэўнага сельвыканкама. На гэты раз лепшых матуль сустракаў Кліноцкі. Яны наведвалі тут цікавыя месцы, установы і арганізацыі.

Незвычайна цёплае, сонечнае восеньскае надвор’е ва ўсім спрыяла арганізатарам свята, сярод якіх — намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ала Шахоцька, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, начальнік ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама Алена Калтовіч, дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова.

А пачалося ўсё… з аўтобуса, які павёз з Чэрвеня запрошаных з кожнага сельвыканкама матуль у Клінок. З хлебам-соллю сустрэў іх старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Сурага і запрасіў у будынак, каб пачаставаць гарачай гарбатай і кавай. Там жа паведаміў праграму святочнага мерапрыемства.

Спачатку аўтобус накіраваўся ў пасёлак Азёрны, дзе знаходзіцца музей знакамітага кампазітара, нашага земляка Станіслава Манюшкі. Навуковы супрацоўнік музея Ірына Серада расказала пра дзяцінства таленавiтага музыканта, правяла матуль па экспазіцыйных залах.

Затым шлях пралёг у рыбгас «Волма». Ужо на пад’ездзе ўсе любаваліся прыгожымі разлівістымі азёрамі, дзе, дарэчы, і вырошчваюць рыбу. На прадпрыемстве галоўны інжынер Анатоль Чарвякоў расказаў, чым займаецца рыбгас, якія віды рыбы вырошчваюць і інш. Самыя актыўныя мамы задавалі пытанні. Многіх вельмі ўразіў той факт, што рыба гадуецца некалькі гадоў да таго моманту, як яе вылавяць і направяць ў продаж. Затым гасцей запрасілі паспытаць свежапрыгатаваную юшку і вэнджанага карпа. Тут  чакаў яшчэ адзін прыемны падарунак: рыбгас выдаткаваў кожнай два кілаграмы жывой рыбы.

Завітаўшы ў Турэц, наведалі Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Яго настаяцель айцец Аляксандр расказаў жанчынам пра Храм, пра іконы і мошчы святых, якія ёсць тут, растлумачыў, чаму важна хадзіць ў царкву, якое яна займае месца ў жыцці веруючых, правёў мірапамазанне, павіншаваў са святам Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Матулі атрымалі ў падарунак мацярынскі малітвеннік. Кожная жадаючая мела магчымасць паставіць свечку і памаліцца.

Потым жанчын запрасілі ў Турэцкі дзіцячы сад-базавую школу. Сустракалі тут сардэчна, з хлебам-соллю. Як зазначылі арганізатары мерапрыемства, гэта адна з лепшых навучальных устаноў на Чэрвеньшчыне. Увачавідкі адчувалася плённая праца дырэктара Антаніны Даўгалявец, настаўнікаў і тэхнічнага персаналу. Усюды чысціня, парадак, шмат прыгожых штучных вырабаў, выкананых рукамі дзяцей.

Затым па добрай традыцыі, якая доўжыцца ўжо на працягу многіх гадоў, матулі пасадзілі алеі: адну з туй, другую — з бярозак.

Пасля гэтага матуль запрасілі ў актавую залу, дзе іх віншавалі навучэнцы і ўдзельнікі самадзейнасці з Турэцкага Дома культуры. Яны спявалі, расказвалі вершы, а дзеці падаравалі матулям прыгожыя арыгінальныя вырабы з паперы.

Шмат прыемных, шчырых слоў гучала ў адрас жанчын ад Алы Шахоцька і Валянціны Тарасік. Яны віншавалі, зазначалі, якое гэта шчасце быць матулямі, а таксама заклікалі ўспомніць сваіх матуль і абавязкова наведаць іх ці патэлефанаваць.

Ад арганізатараў свята мамы атрымалі каштоўныя падарункі і кветкі. Старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Сурага перадаў святочную эстафету старшыні Смілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Валянціне Півавар. На яго тэрыторыі ў наступным годзе будуць ушаноўваць самых лепшых, самых працавітых і таленавітых матуль.

Завяршэннем раённага Тыдня маці стала свята «Я праслаўляю імя сваёй маці», якое ладзілася ў аўторак ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку. Адметна, што быў абраны менавіта гэты светлы і добры дзень, бо 14 кастрычніка — дзяржаўнае свята Дзень маці, а яшчэ праваслаўныя вернікі адзначаюць Пакровы Прасвятой Багародзіцы.

У Цэнтры культуры і адпачынку былі прадстаўлены выставы вышыванак, саламяных вырабаў, хатніх кветак, вырабаў з паперы, воўны і інш, жаноцкіх часопісаў, вершаў, кніг, выстава-дэгустацыя «Рэцэпты нашых бабуль». Усё гэта — работы ўдзельнікаў шматлікіх гурткоў раённага Цэнтра культуры і адпачынку і Смілавіцкага гарпасялковага Дома культуры.

Далей гасцей і ўдзельнікаў свята чакала канцэртная праграма, на якую запрасілі матуль раёна. Сярод іх — Вера Мікалаеўна Змітровіч, якая нарадзіла і выхавала дзевяць дзяцей. Дзяржава ўзнагародзіла яе ордэнам «Мацярынскай славы» трох ступеняў і пенсіяй за асобыя заслугі. Таццяна Леанідаўна Заранчук, у якой дзесяць дзяцей, узнагароджана ордэнам «Мацярынскай славы», Медалём мацярынства, ордэнамі трох ступеняў, мае званне «Маці-гераіня». Ірына Васільеўна Журок нарадзіла і выхавала дзесяць дзяцей, тройчы ўзнагароджана медалём Мацярынства і мае Ордэн маці трох ступеняў.  Таксама на канцэрт запрасілі трыцаць жанчын, узнагароджаных Ордэнам маці. Віншавалі і тых, хто выгадаваў знакамітых людзей, праславіўшых Чэрвеньшчыну далёка за яе межамі: Валянціну Эдуардаўну Навіцкую, маці касманаўта Алега Навіцкага і Галіну Пятроўну Валчок,  маці неаднаразовай параалімпійскай чэмпіёнкі Людмілы Валчок. Ушаноўвалі адзінаццаць мам, чые дзеці удзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і алімпіядах і атрымалі узнагароды; траіх маці-настаўніц, дзеці якіх таксама абралі пачэсную прафесію — Таццяну Андрэеўну Манжынскую, Алу Міхайлаўну Зянкевіч, Ніну Пятроўну Шмідаву; траіх матуль, якія ў атмасферы любові, даверу і ўзаемадапамогі выхоўваюць прыёмных дзяцей — Алу Яўгенаўну Балашэвіч, Альбіну Міхайлаўну Певень і Марыну Аляксандраўну Гарнастай, чатырох жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Адзінаццаці жанчынам, чые сыны служаць у войску, уручылі Падзячныя лісты ад камандавання вайсковых часцей.

Са сцэны гучалі шчырыя і сардэчныя словы віншаванняў у адрас матуль. Падарункі жанчынам уручылі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Ігар Філічонак, доктар сельскагаспадарчых навук Леанід Шофман, старшыня Чэрвеньскага раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі Віталь Труш, старшыня Чэрвеньскай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Віктар Казачонак, раённы камісар Вадзім Станкевіч.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *