Трынаццатая Грабёнская

Спорт

У вёсцы Грабёнка прайшла традыцыйная, трынаццатая па ліку, дзіцячая летняя Алімпіяда. На працягу дзесяці дзён хлопчыкі ўзростам да 14 і дзяўчынкі ўзростам да 15 гадоў, якія жывуць тут, або гасцююць улетку ў сваякоў, спаборнічалі ў сямнаццаці відах спорту.

Чэмпіёнамі Алімпіяды сталі жыхары Грабёнкі Алёна Дормаш (бадмінтон), Уладзіслаў Буй (бадмінтон, боўлінг) і Ірына Лаўранкова (кулявая стральба з пісталета), мінчане Яна Нікіфарава (бег на 30 метраў, скіпінг, кіданне шлёпанца, веласпорт (гіт з месца), «Грабёнскі марафон»), Ігар Шчаўроўскі (бег на 60 метраў, скіпінг, кіданне шлёпанца, практыкаванне на моц, веласпорт (гіт з месца), шашкі), Канстанцін Бародзіч (бег на 30 метраў), Яна Віяленцій (бег на 30 метраў, бадмінтон), Ілья Вяргейчык (бег на 30 метраў), Ілья Мальковіч (бадмінтон), Уладзіслаў Панкратаў («Грабёнскі марафон»), Арсеній Вернікоўскі (кулявая стральба з вінтоўкі), Вікторыя Кеда (кулявая стральба з вінтоўкі), Таццяна Мехава (боўлінг), Максім Смурага (дартс), Павел Дмітровіч (кулявая стральба з пісталета), Алеся Калтовіч (практыкаванне на моц) і Аліна Тараненка (шашкі), жыхарка расійскага горада Мічурынска Дар’я Ерановіч (дартс), каманды «Неадэкват» (перацягванне каната), «Аква» (піянербол), «Чэмпіёны» і «Ібіца» (стрытбол), «Барса» (футбол).

Спецыяльнымі Кубкамі ўзнагароджаны лепшыя спартсмены Алімпіяды Яна Нікіфарава і Ігар Шчаўроўскі.

Яна Нікіфарава
Яна Нікіфарава

Спаборніцтвы ў Грабёнцы арганізаваў і штогод пры падтрымцы мясцовых энтузіястаў праводзіць маскоўскі тэлежурналіст Дзмітрый Жураўлёў, які прыязджае з расійскай сталіцы ў адпачынак на радзіму жонкі.

— Дзмітрый, чаму менавіта Алімпіяда?

— Калі мы па ініцыятыве саміх дзяцей пачалі распрацоўваць праграму спаборніцтваў, менавіта яны заўважылі, што атрымліваецца Алімпіяда. І я падумаў: а чаму б і не? Бо ў самой ідэі алімпізму закладзены глыбокі гуманістычны сэнс яднання розных людзей. Мы можам лепш зразумець адзін аднаго менавіта праз спорт.

— Прайшло ўжо трынаццаць грабёнскіх Алімпіяд. Ці мянялася з цягам часу іх праграма па відах спорту?

— Нязначна, але мянялася. Нярэдка — па аб’ектыўных прычынах. Напрыклад, на першых Алімпіядах у нас дзяўчынкі праходзілі рукаход на хуткасць. Знеслі сілавы комплекс на стадыёне мясцовай школы — рукаходу не стала. Пачалі шукаць яму замену і спыніліся на сілавым вісе. Дзяўчынка вісіць на турніку, падбародак над перакладзінай. Перамагае той, хто даўжэй правісіць у такім становішчы. У гэтым годзе рэкорд — 1 хвіліна 11 секунд, які ўстанавіла мінчанка Алеся Калтовіч. Гэта даволі прыстойны вынік: яна б здала норму комплексу ГПА ў нас у Расіі.

Сёлета мы адмовіліся ад правядзення групавой велагонкі. Па-першае, з кожным годам на спаборніцтвы прыходзіла ўсё менш удзельнікаў. Па-другое, існавала пэўная небяспека для дзяцей, паколькі гонка праводзілася па вясковых вуліцах, дзе ездзяць машыны.

У той жа час ў праграме Алімпіяды з’явіліся новыя віды спорту. Напрыклад, дартс, стральба з цацачных пісталетаў і вінтовак.

Ігар Шчаўроўскі
Ігар Шчаўроўскі

Увогуле, дзеці вельмі хочуць займацца спортам. Калі кажуць, што цяперашняе маладое пакаленне аморфнае, днямі сядзіць ля камп’ютараў, гэта адзін бок пытання. Нярэдка дзіця проста не бачыць альтэрнатывы. Цяперашнія дзеці — гэта не дзеці пыльных пустыроў пяцідзясятых і асфальтаваных пляцовак сямідзясятых гадоў. Гэта дзеці (асабліва гараджане), якія займаюцца ў добрых спартыўных залах. Але ўзроставы момант самасцвярджэння, спробы сваіх сіл нікуды не знікае, яго немагчыма зарэтушаваць. Напрыклад, у нас праходзіць стрытбол. У школьнай спартзале фарбуюць падлогу, таму гуляць там не выпадае. Мы вешаем баскетбольны шчыт на плот ля адміністрацыйнага будынка мясцовай гаспадаркі  і тут, на асфальце, праводзім спаборніцтвы. Дзеці прыходзяць і, не зважаючы на нязручнасці, з вялікім задавальненнем гуляюць. Таму, што ім гэта цікава!

І яшчэ адзін момант. Некаторыя кажуць, маўляў, у дзяцей меркантыльныя інтарэсы, намякаючы на тое, што пераможцы Алімпіяды ў асобных відах некалькі гадоў запар атрымлівалі грашовыя прэміі, якія выдзяляў нам раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Сёлета з прэміямі не атрымалася, і дзеці гэта загадзя ведалі. Але ўдзельнікаў Алімпіяды было больш, чым летась. Значыць, не з-за грошай яны сюды прыходзяць.

— Чым запомніцца асабіста Вам сёлетняя Алімпіяда?

— Тым, што было рэкордна шмат зусім маленькіх дзяцей-удзельнікаў. Дзесяці нашым спартсменам — чатыры гады і менш. Часцей за ўсё малых прыводзяць старэйшыя сёстры і браты. Часам — бацькі, якія памятаюць першыя Алімпіяды ў Грабёнцы. Самыя юныя ўдзельнічаюць у бегу на 30 метраў, кідаюць шлёпанец, спрабуюць гуляць у шашкі.

Добрым было надвор’е. Дарэчы, цікавы, невытлумачальны выпадак адбыўся падчас «Грабёнскага марафону». Уявіце сабе: гарачыня — трыццаць градусаў, спартсмены выходзяць на старт. У гэты час над Грабёнкай збіраюцца навальнічныя хмары, пагрымлівае гром, пачынае дзьмуць свежы ветрык. Пакуль ішлі спаборніцтвы, на зямлю не ўпала ні кроплі дажджу, а неўзабаве пасля іх заканчэння хмары рассеяліся, нібыта і не было. Вось і не вер пасля гэтага ў вышэйшыя сілы!

А яшчэ сёлетняя Алімпіяда запомніцца павелічэннем канкурэнцыі. У многіх відах спорту было не два-тры, а чатыры-пяць сур’ёзных прэтэндэнтаў на чэмпіёнства, якія біліся за перамогу да канца, цягнуліся адзін за адным, уздымаючы тым самым планку вынікаў.

— Дзмітрый, ці думалася Вам напачатку, што Алімпіяды ў Грабёнцы будуць доўжыцца больш за дзесяць гадоў, і ці не стаміліся Вы іх праводзіць?

— Далёка наперад я, канешне ж, не загадваў. Хаця і думаў, што калі ёсць такая дзіцячая ініцыятыва, то яна не можа згаснуць хутка. І зараз на Алімпіядзе ідзе ўжо трэцяя глабальная «змена пакаленняў».

Наконт таго, ці не стаміўся… Калі я прыязджаю і праводжу спаборніцтвы, значыць не стаміўся. Штогод у пачатку вясны дзеці цікавяцца ў мяне праз інтэрнэт наконт дакладных тэрмінаў правядзення Алімпіяды. Бо яны ўжо плануюць свае канікулы з улікам гэтага. І калі хтосьці з іх раней тэрміну вяртаецца з летніх замежных вандровак, каб паспець на спаборніцтвы ў Грабёнку — гэта дарагога каштуе.

Вельмі прыемна ўсведамляць, што ты патрэбны гэтым дзецям… Я з вясны пачынаю хадзіць па магазінах, набываць граматы для будучых чэмпіёнаў, розны спартыўны рыштунак для правядзення спаборніцтваў.

— Ці дапамагаюць Вам неяк бацькі ўдзельнікаў Алімпіяд, хтосьці яшчэ?

— Безумоўна! Асабліва ў тэхнічных момантах. Напрыклад, паваліліся неяк на пляцоўцы, дзе мы гуляем у бадмінтон і піянербол, два слупы, да якіх прымацоўвалася валейбольная сетка. Прыйшлі бацькі са сваімі слупамі (прычым, я іх аб гэтым нават не прасіў) і ўсё аднавілі. Стадыён раней таксама касілі мясцовыя дарослыя сваімі бензакосамі. А сёлета там ужо касіў трактар (дзякуй старшыні Валевачоўскага сельсавета Алене Чыканоўскай!). Сетку валейбольную таксама прыносяць бацькі.

Яшчэ хачу падзякаваць аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры садзейнічанні якога, у прыватнасці, у будынку дзіцячага садка праходзілі практыкаванні на моц. Асобная ўдзячнасць — дырэктару Грабёнскага сельскага Дома культуры Анатолю Кеда, які не толькі дае нам прытулак для правядзення некалькіх відаў спаборніцтваў, але і дапамагае на годным узроўні праводзіць урачыстае адкрыццё Алімпіяд.

— Адметная асаблівасць спаборніцтваў у Грабёнцы яшчэ і ў тым, што падчас іх здымаюцца перадачы для тэлеканала, на якім Вы працуеце, а ў ролі журналістаў, аператараў выступаюць мясцовыя дзеці і падлеткі. Наколькі гэты момант значны для Вас?

— Магчыма, калі б на Алімпіядзе былі толькі спаборніцтвы, асабіста мне гэта не прыносіла б поўнага задавальнення. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву сваёй студыі. Калі я прывёз з Грабёнкі першую перадачу і паказаў нашаму генеральнаму дырэктару, ён адразу ж пагадзіўся даць яе ў эфір. Хаця я разумеў, што на той момант гэта была даволі слабая перадача. Але ўрэшце ўсё атрымалася. І сёння такія перадачы запатрабаваныя ў пэўнай глядацкай аўдыторыі. Іх любяць і з нецярплівасцю чакаюць.

Я выдатна разумею, што дзіця, падлетак, які жыве ў вёсцы, і нават у Мінску, далёка не заўсёды мае магчымасць творча самавызначыцца. І я спрабую даць ім такую магчымасць. Сярод тых, хто працуе над стварэннем перадач пра Алімпіяды ў Грабёнцы, шмат адметных талентаў. Вельмі шкада, што яны жывуць не ў Маскве або Падмаскоў’і — маглі б зрабіць выдатную журналісцкую кар’еру. Тым не менш, наколькі гэта магчыма за такі кароткі перыяд часу, я стараюся даць ім асновы тэлежурналістыкі. Буду вельмі рады, калі камусьці з іх у жыцці гэта спатрэбіцца.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

На здымках: лепшыя спартсмены трынаццатай дзіцячай летняй Алімпіяды ў вёсцы Грабёнка Яна Нікіфарава і Ігар Шчаўроўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *