Завітаў у Раванічы сямейны ансамбль «Жывіца»

Общество

Не перадаць словамі, якую асалоду атрымалі ўсе ў зале сельскага Дома культуры ў гэты вечар. Ансамбль “Жывіца” з аграгарадка Бор Пухавіцкага раёна, як сямейны, існуе з 2010 года. Улічваючы, што калектыў малады, можна толькі здзіўляцца таму, што ансамбль выступае не толькі на раённых і абласных мерапрыемствах, але нават пабываў ужо за межамі краіны. У прыватнасці, удзельнічаў у міжнародных фестывалях-конкурсах у Балгарыі пад назвай “Волна идей”, у Таліне — “Нарвская весна”, у Латвіі. А пазнаёміліся мы з гэтым цудоўным калектывам падчас выступлення на абласным фестывалі сямейнай творчасці ў Салігорску, дзе і дамовіліся аб творчым супрацоўніцтве.

Мастацкі кіраўнік ансамбля Наталля Крывашэй — абаяльная, стройная жанчына, якая сваёй бадзёрасцю, весялосцю, рухавасцю, спевамі мне асабіста нагадвала Таццяну Лазоўскую з ансамбля “Бяседа”. Яна не толькі цудоўна спявае, а яшчэ і адмысловая майстрыха. Падчас выступлення ансамбля “Крыніца” Раваніцкага СДК вясной у Борскім СДК нам прадэманстравалі яе работы-шэдэўры з бісеру, вышыванні.

У складзе ансамбля муж Наталлі — Юрый Крывашэй, гукарэжысёр; іх сын Юрый — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва (а да гэтага скончыў Мінскі каледж мастацтваў), сястра Юрыя Пятровіча — Таццяна Крывашэй, дырэктар Борскага СДК і стрыечны брат Таццяны і Юрыя — Сяргей Шыкунец.

З самага пачатку канцэрта артысты неслі ў залу незвычайную атмасферу радасці. Кожны выканаўца песні выпраменьваў святло і цеплыню да ўсіх гледачоў.

Асаблівыя словы ўдзячнасці за дастаўленыя гадзіны радасці выказвалі самаму маладому ўдзельніку ансамбля — Юрыю Крывашэю, юнаку надзвычай таленавітаму. Літаральна з першых слоў прывітання ён зачараваў усіх спачатку сваім цудоўным голасам, незвычайнай жывасцю, юнацкім запалам, а пасля заліхвацкай ігрой на гармоніку, выкананнем прыгожых мелодый на дудцы. Дарэчы, Юрый  валодае ігрой на сямі музычных інструментах. Ён творчы чалавек, і гэта відаць адразу па пэўнай яго постаці як музыканта, як спевака, праз выраз твару, яго позірк, рухі, агеньчык у вачах. Юрый — лаўрэат многіх конкурсаў. Як жа гэта здорава, што сярод сучаснай моладзі ёсць такія таленты!

Пэўна, не памылюся, калі скажу: не было ў зале жанчын, якія б засталіся абыякавымі да выступлення Сяргея Шыкунца. Хацелася слухаць яшчэ і яшчэ песні ў яго выкананні, і Сяргей спяваў і спяваў сольна і з ансамблем, з Юрыем, з Таццянай, дарыў нам радасць спаткання з цудоўнымі песнямі.

Краналі душу лірычныя песні ў выкананні Наталлі і Таццяны. Весялілі, падымалі настрой песні ўсяго ансамбля. Наколькі ж яны артыстычныя, таленавітыя, а колькі сіл аддалі, колькі душы і цяпла ўклалі ў сваё выступленне!

У канцэртнай праграме ансамбль удала чаргаваў народныя песні і сучасныя, шансон. Гэта былі знаёмыя і незнаёмыя песні. Канцэртная праграма суправаджалася зменай сцэнічных касцюмаў у адпаведнасці з тым, якія песні выконваліся.

Усё выступленне ансамбля прайшло на фоне маляўнічых светлавых эфектаў. Словам, гэта было сапраўднае свята песні. Цудоўныя галасы, прыгожыя касцюмы, выдатныя спевакі, добрая апаратура. У зале панавала ўзвышаная, святочная атмасфера — радасны настрой, усмешкі, усхваляваныя абмеркаванні. Адчуваецца, што ўдзельнікі ансамбля, як сапраўдныя прафесіяналы, любяць і робяць сваю справу так, што яна знаходзіць водгук у сэрцах людзей.

Шкада толькі, што многія ў гэты вечар па розных прычынах размінуліся з такімі цудоўнымі людзьмі, не змаглі далучыцца да творчасці калектыву.

Успаміны аб сустрэчы з гэтым  ансамблем яшчэ доўга будуць грэць нашы сэрцы.

Тамара ІГНАТОВІЧ,

удзельніца мастацкай самадзейнасці

Раваніцкага СДК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *