«Колас» — у фінале кубка вобласці!

Спорт

«Колас» (Чэрвень) — «Ураджайная» (Мінскі раён) — 3:2.

23 ліпеня. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Сонечна. 24 градусы. 350 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Петрусевіч, Рысянкоў, Палтаржыцкі, Лаўрык, Чысты (Прытыка, 85), Няхай (Трапашка, 46), Ліпніцкі (Шалабнёў, 76), Пыжык, Палынін (Слыхоўскі, 70), Мрынскі.

Галы ў «Коласа»: Мрынскі (25, 60), Трапашка (53).

Першы паўфінальны матч Кубка Мінскай вобласці па футболу, які каманды згулялі тыднем раней на полі «Ураджайнай», скончыўся перамогай «Коласа» — 2:1. Такім чынам, у сустрэчы ў адказ гасцям, каб патрапіць у фінал спаборніцтваў без дадатковага часу і пенальці, неабходна было забіваць не менш за два мячы, не прапускаючы пры гэтым галоў у свае вароты. Чэрвеньцаў жа задавальняла нават паражэнне з лікам 0:1, не гаворачы ўжо пра нічыю ці перамогу.

Футбалісты прысталічнага рэгіёна затрымаліся з прыездам у Чэрвень, таму гульня пачалася амаль на гадзіну пазней за прызначаны час. Балельшчыкі, якія, відавочна, паставілі рэкорд наведвальнасці гарадскога стадыёна за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў (дзякуй усім, хто адклікнуўся на просьбу «раёнкі» падтрымаць «Колас»!) цярпліва чакалі. Уразіў такі эпізод: маленькая дзяўчынка падышла да галкіпера чэрвеньцаў Аляксандра Курыловіча і пацікавілася: «А Аляксандр Мрынскі сёння будзе гуляць?»

Так. У гэты цудоўны цёплы летні вечар аматары футбола ўбачылі на полі нашага выдатнага нападаючага. І не толькі яго. Пазмагацца за выхад у фінал у складзе «Коласа» сабраліся літаральна ўсе мацнейшыя ігракі. І паказалі сваім заўзятарам сапраўдны футбольны спектакль са шчаслівым заканчэннем.

Праўда, пачыналася ўсё у жанры трагедыі. На пятай хвіліне сустрэчы наш абаронца Андрэй Рысянкоў адпасаваў на Аляксандра Курыловіча, але той незразумелым чынам не зрэагаваў на перадачу і дазволіў мячу закаціцца ў сетку — 0:1.

Прапушчаны чэрвеньцамі крыўдны аўтагол абвастрыў і без таго цяжкую барацьбу на полі. Толькі праз дваццаць хвілін стадыён выдыхнуў з палёгкай і ўзарваўся радаснымі воклічамі. Гэта Аляксандр Мрынскі «парашутам» з левага флангу патрапіў у «дзявятку» варот саперніка — 1:1.

У перапынку трэнер «Коласа» Сяргей Прыступа вырашыў узмацніць лінію атакі. Выхад на поле Дзяніса Трапашкі літаральна праз сем хвілін пасля аднаўлення гульні быў адзначаны яго прыгожым сольным праходам да варот «Ураджайнай» і трапным ударам па іх — 2:1.

Але госці і не думалі здавацца, даючы працу Аляксандру Курыловічу, які вельмі хутка забыўся на прыкры эпізод з першым прапушчаным голам і бажыў у варотах. Не змог выратаваць іх толькі аднойчы, калі пасля падачы вуглавога госці падчас штурханіны ў нашай штрафной здолелі параўнаць лік — 2:2.

Аднак у такім выглядзе табло чэрвеньскага стадыёна праіснавала ўсяго хвіліну. Наступную ж нашу атаку прысталічныя футбалісты спынілі недазволеным прыёмам. Штрафны ўдар шэдэўральна выканаў Аляксандр Мрынскі, у абвод «сценкі» скіраваўшы мяч у вароты — 3:2 (5:3 па суме двух матчаў).

Апошнія паўгадзіны сустрэчы наша каманда гуляла ўдесяцёх: чырвоную картку атрымаў Яўген Пыжык. Але, праявіўшы характар, «Колас» не даў сапернікам шанцаў на выратаванне і ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у фінал Кубка.

Чэрвеньцы павядуць барацьбу за ганаровы трафей з «Жодзіна-2007», якое па суме дзвюх сустрэч у паўфінале перайграла ФК «Барысаў»(3:0 — у гасцях, 0:1 — дома). Фінальны матч адбудзецца ў нядзелю, 3 жніўня. Час і месца яго правядзення стануць вядомымі пазней.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *