Дзень нараджэння на жніве

Аграрный сектор

Івану ЛАДУЦЬКУ з «Райаграсервіса» на гэтым тыдні споўнілася дваццаць два гады. Свой Дзень нараджэння хлопец сустрэў на працы — ён адвозіць зерне ад камбайнаў на жніве.

Два папярэднія сезоны Іван таксама працаваў на ўборачнай — быў памочнікам камбайнера. Сёлета вырашыў паспрабаваць вадзіцельскага хлеба — на МАЗе. Зараз возіць зерне з аграсервісаўскіх палёў. Ставіцца да машыны Ваня адказна, клапатліва: сам і рамантуе, і фарбуе, ведае кожную дэтальку, а ўзамен чакае, што гэты шматтонны сябар не падвядзе ў адказныя моманты.

У Дзень нараджэння Ваню павіншавалі не толькі родныя ды сябры. Да імянінніка прама на працу прыехалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана КАЧАНОВІЧ і першы сакратар райкама БРСМ Вячаслаў КЛІМКОВІЧ. Яны павіншавалі Івана, ўручылі яму падарунак, пажадалі поспехаў у працы, добрых вынікаў у маладзёжным спаборніцтве, дзе ён удзельнічае сярод маладых вадзіцеляў на перавозцы зерня. Рэдакцыя далучаецца да ўсіх добрых пажаданняў, у тым ліку — каб Ваня ў якасці лідэра яшчэ не раз з’явіўся ў газеце!

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фото аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *