Лёсы блізкіх мне людзей

Люди и судьбы

На гэтым пасляваенным здымку Мiкалай Ладуцька, былы партызан, і Іван, марскі пехацінец, які прыехаў пасля вайны ў кароткатэрміновы адпачынак у родную вёску Велікаполле. Пасярод братоў іх бацька — Фёдар Мiнавiч.

 

Мiкалай Фёдаравiч Ладуцька, як сам казаў, пры пяцёх уладах вучыўся. Гэта быў перыяд з 1916 па 1925 гады. Таму нават i чатырох класаў не скончыў. Хацеў потым далей вучыцца, але не ўзялi — сельсавет даў даведку, што ён паходзiць з сям`i сярэднякоў. Вельмi шкадаваў, што каб быў больш адукаваны, то лягчэй было б i ў войску служыць, i ваяваць, i працаваць, i жыць.

А паваяваць яму давялося i на польскiм фронце ў 1939 годзе, i на фiнскiм фронце ў 1940 годзе. Многiя з тых войнаў не вярнулiся. Некаторыя вярталiся пакалечанымi, а з фiнскай вайны — то яшчэ i з абмарожанымі рукамi, нагамi. Мiкалаю Ладуцьку пашанцавала — вярнуўся жывым i здаровым.

Развітальны здымак у шпіталі. Крайні справа стаіць Іван Ладуцька
Развітальны здымак у шпіталі. Крайні справа стаіць Іван Ладуцька

Перад пачаткам Вялiкай Айчыннай вайны працаваў Мiкалай Ладуцька шафёрам у розных установах Чэрвеня. Купiў у вёсцы хату i перавёз яе ў Чэрвень на вулiцу Акцябрскую, дзе яму далi пляц. Побач жылi Мiкалай Тарасiк з жонкай i дзецьмi i Андрэй Шыш, якi працаваў у лясгасе. У ва ўсiх былi каровы, куры. Хапала бульбы, капусты, морквы.

З пачаткам вайны суседзяў-мужчын забралi на фронт. Мiкалая Фёдаравiча не ўзялi, пакінулі ў Чэрвенi, прызначыўшы начальнiкам пажарнай аховы.

У першы год вайны немец не чапаў. Але вось улетку 1942 года Мiкалая Ладуцьку арыштавалi за сувязь з партызанамi i павезлi ў Германiю. Па дарозе, недзе ля Баранавiч, калi цягнiк затрымаўся, яму ўдалося ўцячы. Дабраўшыся да родных мясцiн,  прыйшоў у партызанскi атрад iмя Сталiна, у складзе якога ў якасцi сувязнога i змагаўся з ворагам да самога вызвалення Чэрвеня. Разам з iм у атрадзе была яго жонка Нiна Фёдараўна i двое iх малых дзяцей — Сярожа i Коля.

Калi Савецкая Армiя наблiжалася да Чэрвеня то, адступаючы, немцы падпалiлi ў горадзе многа дамоў. З-за сухога надвор’я  вулiцы ад беларускай школы (цяпер гiмназiя) ў бок Загор`я згарэлi амаль поўнасцю. Хата Мiкалая Ладуцькi па вулiцы Акцябрскай уцалела, куды ён з сям`ёй i перабраўся ў пачатку лiпеня 1944 года.

Пасля вайны ў Мiкалая i Нiны нарадзiлася дачка Валя.

Працаваў Мiкалай Фёдаравiч шафёрам у дзiцячым доме, а потым, ажно да выхаду на пенсiю, у Червеньскай аўтатранспартнай канторы, перайменаванай пазней у аўтабазу.

Няма ўжо ў жывых Мiкалая Фёдаравiча i Нiны Фёдараўны Ладуцькаў. Iх дзецi — Сяргей, Мiкалай i Валянцiна — пенсiянеры, маюць сваiх дзяцей i ўнукаў.

 

Мой бацька, Iван Фёдаравiч Ладуцька, быў самым малодшым, дзевятым дзiцем у сям`i.  Пасля заканчэння сямi класаў, а ў тыя гады гэта была добрая адукацыя, працаваў у Чэрвеньскiм райфiнаддзеле.

Іван Ладуцька (другі справа) з баявымі таварышамі
Іван Ладуцька (другі справа) з баявымі таварышамі

У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армiю на Паўночны Каўказ. Там яго i застала вайна.

Доўгi шлях давялося прайсцi Iвану Ладуцьку. Мянялiся назвы франтоў, мянялiся назвы вызваленых гарадоў. Паўднёвы фронт, Закаўказскi фронт, Чарнаморскi флот. Абарона Каўказа, баi за Наварасiйск…

Было раненне ў нагу. Лячэнне ў пераабсталяванай пад шпiталь адной з гасцiнiц горада Сочы.

I зноў фронт, зноў баi.

Iван Ладуцька быў немнагаслоўным. Не вельмi ён любiў расказваць, што было на вайне. Толькi часам крыху распавядаў.

Пасля вызвалення Адэсы на аснове Азоўскай флатылii Чарнаморскага флоту ўзнаўляецца расфармiраваная ў 1941 годзе Дунайская флатылiя. Для аховы кацяроў флатылii ў месцах базiравання, у час пераходаў, калi адзiн ці абодва берагi заняты ворагам, для суправаджэння кацяроў у тыл ворага да места высадкi дэсанта i падтрымкi дэсанта агнём, фармiруецца Берагавы атрад суправаджэння,  у якi з Азоўскай флатылii пераводзяцца тры 4-арудзiйныя батарэi: №492, №508 i №574. Пазней батарэя №492 была пераўзброена i мела ўжо 6 самаходных артылерыйскiх установак калiбра 122 мм. Камандзiрам адной з iх быў Iван Ладуцька.

Берагавы атрад суправаджэння прайшоў з баямi  ўздоўж Дуная звыш 2000 кiламетраў — праз Румынiю, Балгарыю, Югаславiю, Венгрыю, Чэхаславакiю, Аўстрыю.  Штурмаваў гарады Эстэргом, Несмiт, Фелыiе-Гаха, Тата, Камарна, Белград, Будапешт, Брацiслава, Вена.

Асаблiва жорсткiя баi былi пры ўзяццi сталiцы фашысцкай Венгрыi горада Будапешт. Аперацыю па ўзяццю яго можна параўнаць са знакамiтай Сталiнградскай бiтвай. З узяццем Будапешта Чырвонай Армii адкрываўся прамы шлях да нафтавых промыслаў Надзьканiжскага раёна. I таму горад быў добра падрыхтаваны для працяглай абароны. У самiм горадзе знаходзiлася амаль 250 тысяч венгерска-германскiх салдат i афiцэраў. Для абароны былi мабiлiзаваны жыхары горада. У апалчэнне прызываліся нават 14-гадовыя хлапчукi. Баi iшлi за кожную вулiцу, за кожны дом.

Самаходкi 492-й батарэi суправаджалi кацяры Дунайскай флатылii, падтрымлiвалi высадку дэсанта, ствараючы перад атакуючымi дэсантнiкамi «вогненны парасон» i паступова пераносячы яго ўглыб варожай терыторыi, абстрэльвалi важныя цэлi, даводзячы шчыльнасць агню да 60 снарадаў на гектар, адбiвалiся ад атак варожых танкаў i пяхоты. I стралялi, стралялi ва ўсё, што рухалася. Не хвiлiну,  не дзве, а да поўнага знiшчэння ворага. Цэлiць жа трэба было вельмi дакладна, бо бывала, што дэсантнiкi выклiкалi агонь па працiўнiку, якi знаходзiўся ў ста метрах ад iх. А кожны снарад важыў звыш дваццацi кiлаграмаў.

108 дзён i начэй доўжылася ўзяцце Будапешта. 108 дзён i начэй давялося правесцi Iвану Ладуцьку i яго баявым таварышам у крывавым пекле, апiсаць якое немагчыма. 108 дзён — гэта ў паўтара разы болей за працягласць Сталiнградскай бiтвы i амаль столькi ж, сколькi спатрэбiлася Чырвонай Армii, каб ачысцiць ад ворага ўсю Украiну.

Апошнi цяжкі бой для Iвана Ладуцькi быў пры ўзяццi Вены. Праз Дунай цэлым заставаўся толькi адзiн мост пад назвай «Iмперскi». Захоп яго даваў магчымасць войскам Украiнскага фронту здзейснiць поўнае акружэнне Венскай групоўкi працiўнiка. Выконваючы заданне камандавання, атрад бронекацяроў з дэсантам на борце ў суправаджэннi самаходных артылерыйскіх установак 492 батарэі дасягнуў  моста i, высадзiўшы дэсант на правы i левы берагi ракi, з боем прарваўся назад. Да моманту высадкi дэсанта батарэя № 508 артылерыйскiм агнём “апрацавала” месца высадкi, падавiўшы абарону працiўнiка.

Забяспечваючы дзеяннi бронекацяроў, самаходна-артылерыйскiя ўстаноўкi падвяргалiся жорсткаму абстрэлу артылерыяй i кулямётамi працiўнiка. Але, нягледзячы на гэта, iшлi наперад i выканалi пастаўленую iм задачу. Суправаджаючы кацяры з дэсантам да маста i страляючы прамой наводкай, шэсць самаходных установак 492-й батарэi (АСАБ №492) знiшчылi 5 гармат, 15 буйнакалiберных кулямётаў, каля 2 узводаў пяхоты i падавiлi агонь 7 агнявых кропак працiўнiка.

За выдатныя баявыя дзеяннi пры штурме Будапешта i пры ўзяццi ў Вене Iмперскага маста асабісты састаў батарэй атрымаў урадавыя ўзнагароды. Батарэi №492 i №508 Указам Прэзiдыўма Вярхоўнага Савета СССР былi ўзнагароджаны ардэнамi Чырвонага Сцяга.

Пасля ўзяцця Вены Берагавы атрад суправаджэння ў буйных аперацыях больш не ўдзельнiчаў — праз некалькi дзён Германiя капiтулiравала. Вайна закончылася. Пачалася дэмабiлiзацыя. Але Iван Ладуцька не адразу вярнуўся дамоў. Змог пабываць тут толькi ў кароткатэрмiновым адпачынку. У вёсцы Велiкаполле, у якой нарадзiуся, ён сустрэўся з бацькам, братамi, сёстрамi, пляменнiкамi. Мацi ўжо не застаў. Не было i роднае хаты. Яе спалiлi карнiкi падчас аперацыi супраць партызан.

Але адпачынак скончыўся, i Iвану Ладуцьку трэба было вяртацца ва ўкраiнскi горад Рэнi, дзе ў той час знаходзiўся штаб Дунайскай флатылii. Як не дзiўна, але яму, як i многiм iншым, давялося даслужваць перарваную вайной тэрмiновую службу. I толькi напрыканцы жнiўня 1946 года ён змог зняць пагоны.

Прыехаўшы ў Чэрвень, Iван Ладуцька пасялiўся ў свайго брата Мiкалая. Хутка ўладкавауся на работу ў банк. Пазней працавау ў раённым спажывецкім таварыстве.

Іван Ладуцька (пасля дэмабілізацыі)
Іван Ладуцька (пасля дэмабілізацыі)

У святочныя днi Iван Фёдаравiч нацiраў суконкай да бляску свае ордэны, медалi i выходзiў, як зараз кажуць, у горад. Шмат дзяўчат паглядала на прыгожага дваццацiсямiгадовага хлопца ў бялюткай параднай марской форме, на грудзях у якога ззялi ордэн Чырвонай Зоркi, два ордэны Вялiкай Айчыннай вайны другой i першай ступеняў i чатыры медалi — «За абарону Каўказа», «За адвагу», «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены».

Нявест было шмат, а спадабалася Iвану прыехаўшая з Украiны Надзея, з якой ён i звязаў сваё жыццё. Неўзабаве яны ўзялi крэдыт i пабудавалi хату.

Няма ўжо ўжывых Iвана Фёдаравiча i Надзеi Iванаўны Ладуцькаў. Iх дзецi — старэйшы сын Вiктар i дачка Таццяна — пенсiянеры, малодшы сын Сяргей працуе у Чэрвеньскай ЖКГ. Усе яны маюць сваiх дзяцей.

Жыццё працягваецца. Працягваецца дзякуючы Мiкалаю Фёдаравiчу i Iвану Фёдаравiчу Ладуцькам i ўсiм тым, хто змагаўся за нашу Перамогу. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *