«Жывіце! Усміхайцеся! І няхай ваша душа свеціцца як мага ярчэй!»

Люди и судьбы

У гэтым месяцы нашаму вядомаму земляку, ураджэнцу вёскі Згурск, беларускаму этнакультуролагу Янку Круку споўнілася 60 гадоў. Сёння ён — госць «Раённага весніка».

— Іван Іванавіч, прыміце самыя шчырыя віншаванні з юбілеем і найлепшыя пажаданні! Падобная падзея — гэта добрая нагода азірнуцца на пройдзены шлях, падсумаваць нейкія вынікі…

— Дзякуй! У такіх выпадках нярэдка задаюць пытанне: «А што, калі б можна было пражыць жыццё наноў або неяк адматаць назад: прайшоў бы гэтай сцежкай, ці якой-небудзь іншай?». Шчыра хачу прызнацца: ніводнага дня па новаму пражыць не хацелася б.

Што зроблена? Я думаю, што і ў шэсцьдзесят, і ў семдзесят, і ў восемдзесят гадоў (няхай Бог дае!) разважаць пра гэта неяк трошкі сорамна. Бо ў народзе кажуць, што выніковая ацэнка будзе дадзена, калі душа на саракавы дзень узляціць на нябёсы. Таму, як чалавек, які непасрэдна звязаны з вывучэннем нашых традыцый, хацеў бы ў нейкай ступені ўстрымацца ад самаацэнкі.

Калі казаць пра біблейскае прызначэнне чалавека на зямлі: пасадзіць сад, пабудаваць дом, нарадзіць сына, тут я магу смела ісці на спатканне з Богам. Дом пабудаваны, сына і дачку нарадзіў, шыкоўны сад закладзены.

Што тычыцца працы…Плёнам маіх даследаванняў стала выданне пятнаццаці кніжак. Вельмі ўсцешвае, што адна з іх, якая называецца «Залатыя правілы народнай культуры», мае надзвычай вялікую папулярнасць: яна ўжо вытрымала пятнаццаць выданняў, разышлася амаль стотысячным тыражом і фактычна стала настольнай кнігай беларусаў. Калі мне дзякуюць за гэтую кнігу, я ціхенька кажу, што не мая ў тым заслуга. Нябёсы прывялі да гэтага. За час маіх саракагадовых паездак па Беларусі нашы мудрыя шчырыя людзі адкрывалі сваю душу і дзяліліся яе багаццем. Таму я б вельмі хацеў, каб на вокладцы кнігі «Залатыя правілы народнай культуры» побач з прозвішчамі двух аўтараў —  Крук і Катовіч — быў пазначаны і трэці, галоўны аўтар — наш беларускі народ…

А тое, што за плячыма — тысячы прачытаных лекцый, сотні гутарак на тэлебачанні і радыё — гэта само сабой. Для гэтага вандраваў па Беларусі, збіраў, вывучаў, даследаваў народную спадчыну, думаў, разважаў начамі над таямніцамі нашай культуры. І, наколькі мог, дзяліўся напрацаваным з людзьмі. Як гэта атрымалася? Зноў-такі хачу сказаць, што судзіць не мне…

— Звычайна, прыязджаючы ў родныя мясціны, чалавек вяртаецца думкамі ў дзяцінства, маладосць. Што ўзгадваецца Вам, калі наведваеце бацькоўскую хату ў Згурску?

— Ведаеце, я на сваю радзіму, бацькаўшчыну… ніколі не вяртаўся. Я яе проста не пакідаў! Не важна, што ты ездзіш па Беларусі, тыднямі бываеш у камандзіроўках. Тая хата, дзе нарадзіўся, тая родная мясцінка цягне, бы магнітам, вабіць да сябе. Кожны раз наводжу тут парадак, апрацоўваю зямельку. І пакашу, і за плугам пахаджу.

А вось, калі раз у год на некалькі дзён прыязджае з Санкт-Пецярбургу мой родны брат Мікалай, гэта — падзея. Звычайна мы ўвечары смажым патэльню бульбы, адкаркоўваем бутэлечку нядрэннага кан’яку, сядаем на вуліцы на лаўку і да раніцы ўзгадваем той жыццёвы шлях, які прайшлі. Гэта менавіта той самы час, калі сапраўды вяртаешся ў дзяцінства, у маладосць. А ўспомніць ёсць пра што! Я ўвесь час, як кажуць, штурхаў Міколу ў плечы, каб ён вучыўся. Спачатку пераканаў паступіць у Гродзенскае музычнае вучылішча, потым — у Ленінградскую кансерваторыю. У выніку ён стаў спеваком знакамітага Марыінскага тэатра, працуе там усё жыццё. І я ганаруся тым, што дапамог брату выбіцца ў людзі.

— Ваш юбілей амаль што супаў па часу з асвячэннем царквы ў вёсцы Грабёнка, ва ўзвядзенні якой ёсць доля шчыравання асабіста Ваша  і Вашага брата Мікалая. Ці не лічыце такое супадзенне знакавым?

— Апошнія гадоў дваццаць я займаюся сімволікай. Таму ў кожнай падзеі, якая звязана з іншай падзеяй, заўсёды бачу нейкія знакі. Калі мы даведаліся, што асвячэнне царквы будзе напярэдадні майго шасцідзесяцігоддзя, уся наша сям’я літаральна ў адзін голас сказала: «Гэта самы найлепшы падарунак да твайго юбілею».

Не хачу быць у дадзеным выпадку нясціплым, але, магчыма, гэта ацэнка працы маёй, брата, нашай сям’і, своеасаблівая падзяка нябёсаў за тое, што наш род — не самы кепскі на гэтай зямлі. І што ён пакіне на ёй тыя знакі, якія будуць прыцягальнымі для наступных пакаленняў.

Царква, пра што я заўсёды кажу, гэта адзін з пунктаў трыяды, па якой праходзіць чалавек. Пачынаецца ўсё з роднага парога, ад якога ты стартуеш, потым усё жыццё чалавек ідзе да храма, да Бога, і, нарэшце, завяршае сваё жыццёвае існаванне на парозе царквы, адкуль яго нясуць на могілкі.

— Іван Іванавіч, Вы шмат зрабілі на ніве духоўнага адраджэння беларускага грамадства, але ці не здаецца Вам, што тое, аб чым пішаце ў кнігах, чаму вучыце людзей, не дае жаданага эфекту? Бо не становіцца менш невытлумачальных выпадкаў смерці, скасавання шлюбаў і гэтак далей…

— Філасофскае пытанне! У адной невялікай гутарцы на яго не адкажаш…

Тое, што апісана ў кніжках, зноў-такі, не мною прыдумана, а толькі сістэматызавана і вернута народу. Магу бясконца пералічваць тэлефанаванні з усіх куточкаў Беларусі, лісты-падзякі праз газету. І сёння ў Мінску проста едзеш у метро, людзі пазнаюць, падыходзяць, дзякуюць за кніжкі, за тое, што па правілах правялі нябожчыка ў апошні шлях… Многія студэнты кажуць: «Мы па Вашых канспектах спраўлялі вяселле»…

А наконт таго, што сёння з нашымі душамі не ўсё у парадку… Схільны перш за ўсё вінаваціць сябе. Значыць, недзе ў нечым недапрацаваў, недзе нешта не данёс народу.

Але, напэўна, ёсць яшчэ адзін складнік, які шмат у чым перашкаджае на гэтым шляху. Я лічу, што недапрацоўваем мы ўсе разам. У тым ліку — і сродкі масавай інфармацыі. Няхай не крыўдуюць мае калегі, але, на мой погляд, больш за ўсё недапрацоўвае наша беларускае тэлебачанне. За апошнія дваццаць гадоў менавіта тэлебачанне стала іконай, заканадаўцам моды. І яно, калі хочаце, агаліла, абяздушыла чалавека…

— …Цяпер ужо для многіх на змену тэлевізару прыйшоў інтэрнэт…

— …А гэта — яшчэ больш жудасная рэч, якая проста ператварае чалавека ў штосьці зусім супрацьлеглае.

Мне думаецца, што ў такой сітуацыі трэба як мага вышэй уздымаць статус нашай беларускай сям’і. Можна абвінавачваць тэлебачанне, інтэрнэт, усіх, каго хочаш, але пры гэтым забыцца абвінаваціць самога сябе. Пакуль кожная беларуская сям’я не будзе закладваць асновы фарміравання душы чалавека з самых маленькіх гадочкаў, мы далёка не пойдзем.

Напрыканцы сваіх лекцый я кажу слухачам: «Мы з вамі папрацавалі дзве пары, прааналізавалі тую ці іншую сітуацыю, дакрануліся да пэўных каштоўнасцяў. Давайце зробім так, каб гэтая сустрэча стала тым каменьчыкам, які кінулі ў ваду. Сам каменьчык — усяго толькі кропачка, а кругі ад яго пайшлі далёка-далёка. Таму няхай кожны з вас, прыехаўшы дадому, раскажа пра пачутае членам сваёй сям’і, калегам па працы, суседзям, аднавяскоўцам. І гэтая хваля павінна з кожным днём набіраць моц».

Іншая рэч, што наш сённяшні дыялог паміж пакаленнямі, паміж бацькамі і дзецьмі нашмат больш складаны, чым раней. Педагогі вядуць нас да таго, што бацькі і дзеці павінны быць роўныя. Чаму? А дзе ж тады статус бабулі і дзеда, які быў заўсёды характэрным для беларускай ментальнасці?

На тое ж асвячэнне царквы ў Грабёнцы прыйшло вельмі шмат людзей. З аднаго боку гэта знак таго, што, хаця ў нашай душы адбываюцца пэўныя негатыўныя змены, але карозія яе асабліва не зачапіла. Але, калі паглядзець у плане сацыялагічным, то адразу бачна, што ў царкве стаіць старэйшае пакаленне — бабулі і дзядулі, пакаленне пяцідзесяцігадовых, а вось дваццацігадовых, пятнаццацігадовых тут, на вялікі жаль, няма. Вось вам той самы правал пакалення, пра які мы гаворым. А ў гэтым вінаваты хто? Я думаю, што, найперш, бацькі: не дастукаліся да душаў сваіх дзетак…

— …Бацькі, відаць, у той час цяжка працавалі, каб пракарміць дзяцей. Займацца выхаваннем ім не было калі…

— …Згодзен. Было і такое. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Яшчэ раз паўтаруся: праблема складаная, вырашаць трэба. Але не адным днём…

— Іван Іванавіч, што яшчэ хацелася б Вам у жыцці зрабіць, чаго дасягнуць?

— Дасягаць у плане кар’еры я ўжо нічога не збіраюся. Лічу, што прайшоў усе прыступкі, нават узначальваў інстытут. Хачу папрасіць у Бога толькі аднаго — здароўя. Каб захавалася назапашаная дзесяцігоддзямі мудрасць. І хацелася б выдаць яшчэ некалькі кніжак. Перш за ўсё, каб пабачыла свет праца, прысвечаная доктарскай дысертацыі — «Сімволіка лікаў беларускай традыцыйнай культуры». Гэта — мая мара, і я хацеў бы, каб яна была ўвасоблена ў жыццё.

— Ну і, традыцыйна, што пажадаеце нашым чытачам?

— Я зноў стаю на раздарожжы. Ведаеце, усе апошнія гады, на якіх бы сустрэчах і бяседах я ні быў, калі мне даводзілася прамаўляць тост, заўсёды казаў: «Здароўя вам і шчасця, людзі добрыя!». І вось аднойчы выходжу ў Мінску з метро на станцыі «Трактарны завод» — стаіць жанчына-калека. Калі параўняўся з ёй, яна павярнулася да мяне і голасна, на ўсё метро сказала: «Чалавеча дарагі, шчасця табе і здароўя!». Адышоўшы ўбок, я хвілін пяць стаяў ашаломлены: «Што здарылася? Чаму менавіта мне яна гэта сказала? Усё жыццё я гаварыў так, ці не так?». На сёння я стаю на раздарожжы: чаго найперш пажадаць людзям. І, усё ж, відаць, тая жанчына, невыпадкова звярнулася да мяне. Таму, у першую чаргу, усім — шчасця. А будзе шчасце, якое залежыць і ад нябёсаў, і ад чалавека, будзе і здароўе, будуць дзеткі, будуць побач унукі.

Жывіце! Усміхайцеся! І няхай ваша душа свеціцца як мага ярчэй!

— Дзякуй, Іван Іванавіч, за шчырую гутарку і пажаданні.

— І Вам дзякуй!

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *