Чэрвеньшчына прымала фалькларыстаў

Общество

Абласны семінар  пад назвай «Пазаабрадавыя гульні — важны элемент фальклорнай спадчыны» адбыўся на мінулым тыдні на Чэрвеньшчыне. У мерапрыемстве прымалі ўдзел дырэктары Дамоў фальклору Мінскай вобласці, метадысты Слуцкага Цэнтра народнай творчасці, а таксама спецыяліст па фальклору ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». Па добрай традыцыі кожны раён, які ладзіць абласныя семінары, перш за ўсё арганізуе знаёмства гасцей з адметнымі месцамі раёна. На гэты раз у якасці брэнда Чэрвеньшчыны былі выбраны Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка і адзіны ў Беларусі музей мануфактуры, які знаходзіцца ў ДУ «Смілавіцкая школа №2» і Горкаўскі Дом фальклору.

Госці былі здзіўлены шырокім асартыментам і якасцю валёнак, якія вырабляюць на валяльна-лямцавай фабрыцы. Амаль ад усіх прагучала аднолькавае пытанне: «Чаму няма гэтага хараства ў нашых крамах?». Напрыканцы ўсе ўдзельнікі семінара (так атрымалася, што гэта былі толькі жанчыны і дзяўчаты) наведалі фірменную краму. Там яны мелі магчымасць купіць тавар па свайму густу і з добрай зніжкай.

Падчас экскурсіі ў Музей мануфактуры ўсе на нейкі час пагрузіліся ў гісторыю Беларусі і давелаліся, як узніклі мануфактуры. Было так цікава, што не хацелася нікуды ад’язжаць. Пасля ўдзельнікаў запрасілі на абед у рэстаран «Волма». Напэўна мы, мясцовыя жыхары, ужо звыкліся з якасцю страў у нашым рэстаране і ўспрымаем гэта, як належнае, але прыезжыя госці неаднаразова выказалі падзяку за смак і суадноснасць вялікага размеру порцый з адносна невялікім коштам страў.

Асноўным пунктам праграмы было наведванне Горкаўскага Дому фальклору. Увесь дзень неба было зацягнута хмарамі і надвор’е было зусім не па-летняму халодным. Але, калі толькі ўдзельнікі семінара выйшлі з аўтобуса, здарыўся маленькі цуд — хмаркі разышліся і заззяла сонейка. Нехта заўважыў: заўзятым фалькларыстам з Горак нават вышэйшыя сілы дапамагаюць. Праграма ў Доме фальклору атрымалася вельмі насычанай і разнастайнай. Неардынарна сустрэлі гасцей: прапанавалі шэраг заданняў, у выніку чаго было складзена поўная назва Дома фальклору. Таксама прысутных частавалі лекавымі раслінамі і настоямі.

Каля прыступак танчылі мясцовыя бабулі з ручнікамі і дзеці з саматканымі паясамі. Пасля прывітання і ўручэння гасцям каравая, у памяшканні Дома фальклору адбылася відэапрэзентацыя аб працы гэтай установы культуры, экскурсія ў этнаграфічны пакой, майстар-класс ад мясцовых майстроў і праграма «Гульнёвы карагод», пры падрыхтоўцы якой былі выкарыстаны танцы, песні і прыпеўкі. Трэба было бачыць, з якім захапленнем у праграме ўдзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці. Усё гэта падрыхтавалі дырэктар Горкаўскага Дома фальклору — Таццяна Георгіеўна Савонава, мастацкі кіраўнік — Ірына Антонаўна Маркушэўская, а таксама Андрэй Яўгенавіч Каленік, Галіна Аляксандраўна Ворнік.

Час праляцеў непрыкметна. На развітанне супрацоўнікі ўстановы культуры падаравалі ўсім абярэгі. Ад народнага клуба «Майстры Ігуменьшчыны» былі ўручаны невялічкія сувеніры, вырабленыя кіраўніком аб’яднання Марынай Васільеўнай Сіняўскай.

Развітваліся доўга, бо спадабалася гасцям на нашай Чэрвеньшчыне, і вельмі ж ім хацелася выказаць усе словы падзякі. А мы, у сваю чаргу, шчыра дзякуем ўсім тым, хто дапамог у арганізацыі гэтага мерапрыемства.

Святлана

РАЗУМОЎСКАЯ,

выконваючая абавязкі дырэктара раённага Цэнтра культуры

і адпачынку.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *