Францыя, Зша, Германія… ў карцінах алёны марцьянавай

Общество

Прыплюшчыш крышачку вока для больш выразнага ўспрыняцця — і быццам сам апынаешся там, у незвычайным куточку вялікага горада Еўропы альбо Амерыкі. У куточку, які прыкмеціла наша зямлячка Алёна, у гарадах, дзе яна пабывала і свае яркія ўражанні, эмоцыі таленавіта перадала фарбамі. Таму так прыцягвае ўвагу, кранае душу кожная работа.

На выставу ў Чэрвеньскім музеі Алёна Марцьянава прадставіла 21 карціну. Гэтая выстава не мае назвы, як не маюць назвы і яе палотны — у тым і адметнасць. Але безназоўнасць зусім не раздражняе, наадварот дае волю фантазіі наведвальнікам.

Віталій Уладзіміравіч Чарнавец, настаўнік Чэрвеньскай школы мастацтваў, наведаўшы  выставу сваёй былой вучаніцы, задаволены ўбачаным.

— Гэта трэба абавязкова паглядзець. Алёна — чалавек адкрыты, крэатыўны і здольны.  Па характару халерык, а таму вельмі экспрэсіўная, энергічная, што і адлюстроўваецца ў яе работах, — заўважае Віталій Уладзіміравіч. — І хоць старанна вучылася жывапісу, але мастацкую школу не закончыла, бо меркавала, што гэтая справа не яе. Аднак прырода ўзяла сваё — і  мастацтва захлынула, паланіла дзяўчыну. Таму і атрымалася цудоўная выстава. Паболей бы такой актыўнай і захопленай моладзі ў нас было! Алёна маладая мастачка, і калі далей будзе плённа працаваць, мы ўбачым яшчэ не адну яе выставу. Гады паўтара таму заходзіла да мяне, паказвала карціну, якую я для сябе абазначыў як “Трамвайчык”. Спадабалася — добрая праца. Гэты яркі чырвоны трамвайчык у шэрым горадзе прадстаўлены і на тутэйшай выставе. Карціна — адна з любімых нашай мастачкі.

Ахвотна распавядаючы пра сваю колішнюю вучаніцу, Віталій Уладзіміравіч на выставе падыходзіў  да кожнай карціны і даваў уласны каментар, раскрываючы свой погляд:  “Вось  фрагмент аэрапорта ў Парыжы.  Ён быццам яшчэ не прачнуўся… Адчуваецца, што вялікі, хаця бачым маленечкі закуточак. А гэта, напэўна, Нью-Йёрк — гмахі небаскробаў, тэма ўрбанізацыі. А тут музычная ўстаноўка, якая ўжо засталася без музыкаў… Шкада, што твор малога фармату.  Амерыканцы падобныя палотны робяць вялікімі — і тады ўспрыняцце гледачамі яшчэ больш яркае і эмацыянальнае… Ёсць нязвыклая карціна-перавёртыш. Такой асабіста я ніколі не бачыў. Быццам адлюстраванне ў люстэрку, але дзіўным чынам атрымліваюцца два сюжэты. Адзін — людзі пад мастом спяшаюцца схавацца ад дажджу, другі —  частка Эйфелевай вежы… Гэта датычыцца, з якога боку будзеш глядзець…“

Па словах Віталія Уладзіміравіча, падчас адкрыцця выставы Алёна Марцьянава адказала на шматлікія пытанні наведвальнікаў. І адно з іх датычылася выкарыстання мастачкай сучаснай тэхнікі. Алёна прызналася, што шмат фатаграфуе, бо, працуючы перакладчыцай, не заўжды мае магчымасць маляваць на вуліцы горада. Фотаздымкі дапамагаюць ёй занатаваць канкрэтныя  дэталі. Ну, а ў малюнку мастачка перадае асабістае ўспрыняцце пабачанага.

…Цікава, што на адной з карцін ёсць і беларускі раённы цэнтр — Баранавічы. Я добра ведаю гэты горад, але на палатне не пазнала — у мастачкі дзіўнае бачанне яго. Намаляваныя Баранавічы мне спадабаліся нават болей чым тыя, што бачыла на ўласныя вочы. І гэта вымусіла прыгледзецца  уважлівей, перамяніць сваю  ацэнку… Мяркую, менавіта такой і была мэта Алёны Марцьянавай — каб гледачу спадабалася тое, што падабаецца ёй самой.

Дарэчы, Віталій Уладзіміравіч Чарнавец распавёў, што бацька мастачкі марыў калісьці занатаваць на палотнах старажытны  горад Чэрвень, местачковую архітэктуру.

— Я думаю, да гэтага прыйдзе і Алёна, якая тут нарадзілася і любіць сваю малую Радзіму, — такую выснову зрабіў ён.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *