Ігуменшчына мяцежная

Общество

(Да падзей 1863 года)

(Заканчэнне)

РАЗВІТАННЕ З РАДЗІМАЙ

Пасля падаўлення паўстання з яго ўдзельнікамі жорстка расправіліся. Тых, хто здаўся ўладам, саслалі ў Сібір. Сярод іх — усіх жыхароў вёскі Валадута, а таксама сялян, дробную шляхту іншых вёсак і ваколіц Ігуменшчыны. Паводле афіцыйных дакументаў, часовы ваенны губернатар Мінскай губерні прадпісваў начальніку Ігуменскага павета неадкладна выслаць з Суціна ў Томскую губерню “22 двора менее благонадёжных… Имущество переселяемых продать, кроме домов и сельских снарядов, которые поступят тем, которые будут поселены на их местах… Об остальных же донести, если признано будет вредным оставить их на настоящем месте жительства”.

Баляслаў Свентаржэцкі, не вытрымаўшы цяжкасцей мяцежнай вайны, уцёк за мяжу. Жыў у Францыі. Пэўны час быў у кіруючых органах польскай эміграцыі. Скончыў ваенную акадэмію, прымаў удзел у франка-прускай вайне 1870-1871 гадоў. У 1888 годзе ў Вільні скончыў жыццё самагубствам.

Па спецыяльнаму загаду Мураўёва-вешальніка маёнтак Свентаржэцкіх у Багушэвічах быў спалены, а месца, дзе ён знаходзіўся, зруйнавана.

Паводле звестак, на якія спасылаецца краязнаўца Андрэй Цісецкі, камандзір Ігуменскага атрада мяцежнікаў Станіслаў Ляскоўскі пасля таго, як у снежні 1863 года распусціў сваіх паплечнікаў, некаторы час жыў у зямлянцы непадалёку Ігумена. Сюды яму раз на тыдзень прыносілі ежу. Затым праз Пецярбург па падробленаму пашпарту выехаў за мяжу. Жыў у Францыі і Бельгіі.

Уцёкшыя за мяжу паўстанцы, у тым ліку Станіслаў Ляскоўскі, Антон Трусаў і іншыя, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Антон Трусаў жыў у Парыжы і Жэневе, супрацоўнічаў у рускім часопісе “Народное дело”, з’яўляўся адным з заснавальнікаў рускай секцыі першага Інтэрнацыяналу. Яго ведалі К.Маркс і А.Герцэн. Ад анархісцкай арганізацыі да рускай секцыі Інтэрнацыяналу — такая эвалюцыя палітычнага погляду Трусава за мяжой. Цяжка хворы, ён 19 мая 1884 года вярнуўся ў Мінск і жыў пад наглядам паліцыі. Мяркуюць, што памёр у 1886 годзе.

Былога доктара з Ігумена, а ў 1863 годзе паўстанцкага грамадзянскага начальніка Ігуменскага павету Францішка Навіцкага саслалі на катаргу.

Мельхіёр Чыжык, займеўшы падроблены пашпарт, збіраўся выехаць за мяжу. Накіраваўшыся ў Пецярбург, ён завітаў у Ельню да сябра і там заявіў аб сабе мясцовай паліцыі. Ваенны суд прыгаварыў Чыжыка да пакарання смерцю, але палявы аўдзітарыят замяніў гэты прысуд катаргай у рудніках на 20 гадоў. Адбываў ён пакаранне ў Забайкальскай вобласці ў турме, дзе ўтрымліваліся ад 398 да 567 сасланых ўдзельнікаў паўстання. За Чыжыкам паследавала і яго нарачоная панна Гедройц, дзе на далёкай поўначы яны пабраліся шлюбам.

Асобы рымска-каталіцкага святарства, сасланыя ў адміністрацыйным парадку, як правіла, накіроўваліся ў Заходнюю Сібір. У параўнанні са свецкімі іх каралі больш сурова. У прыватнасці, маглі прысуджаць да катаргі за малазначныя ўчынкі — чытанне маніфестаў, пракламацый і адозваў, захаванне патрыятычнай літаратуры.

Шляхце за ўдзел у паўстанні забаранялася збірацца разам па некалькі чалавек, нават на сямейныя святы. Былі звольнены са службы чыноўнікі-католікі. На іх месца прывезлі з Расіі служачых, якім аддалі канфіскаваныя маёнткі.

 

ЗАБАРОНА НА БЕЛАРУСКАСЦЬ

Прыдуманыя раней царскім урадам для замены слова Літва тэрміны “Беларусія”, “беларускі” былі забаронены. У прыватнасці, тэрмін “Беларусія” замянілі на “Северно-Западный край”. За сказанае альбо напісанае слова “Беларусь” першы раз чалавека каралі штрафам, а злосных парушальнікаў чакала турэмнае зняволенне.

Бязлітасны душыцель паўстання Мураў’ёў заяўляў: ”В Северо-Западном крае так называемый белорусский язык необходимо свести на нет. Ибо, если этого не сделать, он постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этническую самобытность и национальную суверенность, чего допускать нельзя.”

Вызваленчы рух таго часу застаўся яркай старонкай у гісторыі Беларусі.

 

Падрыхтаваў

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *