Майстар-клас для будучых чэмпіёнаў

Спорт

Майстар-клас  для будучых чэмпіёнаў даў у другой гарадской школе ганаровы грамадзянін Чэрвеня, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Анатоль Усенка.

Гэтая навучальная ўстанова была абрана ім для наведвання невыпадкова: тут Анатоль Іванавіч вучыўся на працягу сямі гадоў.

— Мы, выхаванцы дзіцячага дома, займаліся футболам на стадыёне паміж першай і другой школамі, — распавёў ён. — Прычым, гэтае права трэба было заслужыць: атрымаў двойку — гуляць у футбол не ідзеш, не прыбраў ад смецця замацаваную тэрыторыю — таксама…

Чаго вартае сённяшняе пакаленне юных спартсменаў, вучні другой школы і гімназіі прадэманстравалі Антолю Усенку ў спаборніцтвах «Вясёлыя старты». Перамаглі гаспадары спартыўнай залы, але добрых слоў ад шаноўнага госця заслужылі ўсе.

— Незалежна ад выніку, вы вялікія малайцы: кожны стараўся як мага дакладней выконваць конкурсныя заданні, эмацыянальна хварэў за вынік, —  сказаў ён. — Дзякуй, за тое, што прадэманстравалі сваё майстэрства і імкненне да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Раю кожнаму з вас па магчымасці наведваць спартыўную школу, секцыі. Для таго, каб умацаваць здароўе, а не для таго, каб абавязкова стаць чэмпіёнам. Бо чэмпіёнам трэба нарадзіцца. А чэмпіёны нараджаюцца, калі ёсць тры якасці — талент, творчасць і цярплівасць. І яшчэ, каб дасягнуць поспеху ў жыцці, трэба вельмі шмат працаваць…

Пацвярджэннем правільнасці прынцыпаў і перакананняў Анатоля Іванавіча служаць яго ўласныя дасягненні. У якасці трэнера наш зямляк стаў чэмпіёнам СССР і бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР па футболу ў складзе каманды » Дынама» (Мінск), чэмпіёнам Беларусі і ўладальнікам Кубка краіны ў складзе мазырскай «Славіі». Пад кіраўніцтвам Анатоля Усенкі зборная Беларусі па міні-футболу сярод спартсменаў са слабым зоркам пяць разоў выйгравала чэмпіянат свету і чатыры разы — чэмпіянат Еўропы.

А зусім нядаўна зборная Беларусі сярод глухіх спартсменаў, якую ён пачаў трэніраваць заняла 2-е месца ў групе «С» адборачнага турніру IV чэмпіянату Еўропы па міні-футболу і заваявала пуцёўку ў фінал, які пройдзе гэтай восенню ў сталіцы Балгарыі Сафіі. Таму ў футбольным майстар-класе, які Анатоль Іванавіч даў хлопчыкам другой школы і гімназіі, яны ўдзельнічалі з вялікай цікавасцю і хваляваннем.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *