«Лобезская Баба Вяліканочная» «прыехала» ў Чэрвень

Общество

Мастацкі кіраўнік народнага жартоўнага гурту «Чэрвеньскія балагуры» Андрэй Каленік паспяхова прадставіў наш раён на Х Міжнародным велікодным фестывалі ў горадзе Лобез (Польшча), у якім бралі ўдзел госці з Германіі, Латвіі, Чэхіі, польскага Шчэціна, беларускага Пінска, іншых мясцовасцяў.

Падчас конкурснай праграмы ён выканаў на цымбалах музычную кампазіцыю Іосіфа Жыновіча «Беларускія танцы», праспяваў фальклорную песню «Ой, пяць, браткі, пяць» і рашэннем журы быў прызнаны лепшым у намінацыі «Салісты-інструменталісты». З фестывалю Андрэй прывёз дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз — статуэтку «Лобезская Баба Вяліканочная».

Як распавяла намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Качановіч, якая ездзіла ў Польшчу разам з Андрэем Каленікам, сяброўскія стасункі з Лобезскім Домам культуры завязаліся два гады таму, калі народны калектыў Чэрвеньскай школы мастацтваў быў запрошаны туды на ўдзел у міжнародным фестывалі, прысвечаным кампазітару Станіславу Манюшку. А летась ужо лобезскія музыкі далі канцэрт у Чэрвеньскім касцёле ў рамках турнэ па Беларусі.

— Фестываль пакінуў незабыўныя ўражанні, — адзначыў Андрэй Каленік. — Мы даведаліся шмат новага пра Польшчу, яе культурныя традыцыі і набыткі. Цікавым і запамінальным для мяне момантам стала наша сумеснае з мясцовым спеваком Казімірам Маліцкім выкананне песні «Купалінка». Казімір яе ведае таму, што яго продкі — з Беларусі. А яшчэ ён прыгожа іграў на старажытных віленскіх цымбалах, якія яму таксама прывезлі з нашай краіны. Увогуле, палякі вельмі беражліва ставяцца да сваёй спадчыны, памятаюць адкуль яны. Дарэчы, многія з мясцовых жыхароў маюць беларускія карані.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *