Любоў і Надзея Згурска

Люди и судьбы

35 гадоў працы прадаўцом у крамах райспажыўтаварыства… Больш за 20 гадоў — дэпутатам Валевачоўскага сельскага Савета… Заўсёды дакладнае выкананне шматлікіх асабістых просьбаў вяскоўцаў… Самы аўтарытэтны чалавек у Згурску… Усё гэта — яна, ураджэнка і жыхарка в.Грабёнка Вера Пятроўна Юшко. Жанчына, улюбёная ў людзей, у сваю прафесію.

Толькі за 28 гадоў працы ў краме вёскі Згурск яна задавольвала патрэбы не аднаго пакалення насельнікаў. На яе вачах падрасталі дзеці, стваралі свае сем’і… І ўжо іх нашчадкі бегалі ў краму альбо прыязджалі на веласіпедах — па соль, хлеб, цукеркі, напітак…

«Наша Верка» — з любоўю кажуць пра яе старэйшыя насельнікі Згурска. «Пятроўна» — клічуць паважліва людзі сярэдняга веку. «Цёця Вера» — гучыць з вуснаў дзяцей. Як цяперашніх, так і тых, хто даўно вырас, — па звычцы з маленства. Яна на ўсё адгукаецца. Але найбольш даспадобы, кажа, калі завуць па імені…

Цікава, што падчас вучобы ў школе Вера марыла стаць не прадаўцом, а настаўнікам. Паланіў яе сэрца выкладчык рускай мовы і літаратуры Аляксей Іванавіч Барысевіч. Але і да роднай мовы таксама ставілася прыязна. Тым больш, што яе выкладаў малады настаўнік Мікалай Андрэевіч Барбук.

— Ён прыехаў у Грабёнку, калі я была чацвёртакласніцай, — прыгадвае Вера Пятроўна. — Беларускую мову і літаратуру выкладаў у мяне з пятага па дзясяты клас. Гэта сапраўды настаўнік ад Бога! З усімі ўмее абыходзіцца — і з малымі, і з вялікімі. А як выкладаў свае прадметы — гэта трэба толькі павучыцца! Адразу было відаць, што прафесію сабе выбраў па душы. Мікалай Андрэевіч настолькі неабыякава ставіцца да людзей… Па любым пытанні дасць тлумачэнні, з чым да яго ні звярніся… Вось ён быў маім выкладчыкам. А раней, ведаеце ж, настаўнік лічыўся недасяжным, святым! А ў дарослым жыцці ў нас, можна сказаць, сяброўскія стасункі. Калі ў майго мужа быў юбілей, яны з Ганнай Іванаўнай прыходзілі, так прыгожа віншавалі… Зараз ён заўсёды пацікавіцца маімі справамі: як план, як выручка… Калі і купіць у мяне што. Такі добры чалавек! Няхай Бог дае яму здароўя…

Магчыма, і з Веры Пятроўны атрымалася б выдатная настаўніца. Яе вялікая дабрыня — вось што адразу заўважаеш пры першым знаёмстве. Тым больш, што вучылася яна без «троек», з пераважнай большасцю «пяцёрак». Але штосьці ўсё ж не склалася. Паступіла ў тэхнікум — на прадаўца. А тады… забрала дакументы.

І ўсё ж прадаўцом Вера Пятроўна стала — адвучыўшыся паўгода ў школе-краме, якая напрыканцы сямідзесятых дзейнічала пры Чэрвеньскім райспажыўтаварыстве. Ды так пасля гэтую прафесію ўпадабала, што засталася ёй вернай усё жыццё. Нягледзячы на цяжкасці ды складанасці. А іх — хапала…

У 1978-ым дзяўчыну накіравалі ў краму вёскі Крыніца.

— Будынак — звычайная вясковая хата, — прыгадвае Вера Юшко. — Краму прыняла ў пенсіянера. Гандлявала, у асноўным, прадуктамі. Хлеба шмат прывозілі — па 14 і 16 капеек. А муку, цукар тады вяскоўцы бралі мяхамі! Крыніца была шматлюднай. Ды і з іншых вёсак заязджалі. Прыемна, што вяскоўцам я спадабалася. І я вельмі палюбіла працу з людзьмі. Люблю і да гэтага часу. Гады два таму паехала ў Крыніцу з аўтакрамай — як прадавец. І старажылы мяне ўспомнілі!

— І колькі вы адпрацавалі ў тамтэйшай краме?

— Да дэкрэтнага. З 1978-га па 1980-ы. Дык пайшла ў дэкрэт — і яшчэ рабіла больш за месяц! Бо не маглі знайсці прадаўца ў тую краму.

— Вера Пятроўна, а ў вас тады не было ні грузчыка, нікога?!

— І цяпер гэтаксама.

— Дык зараз, мо, мяшкоў не столькі… А тады…

— Ну, тады неяк цягала. Маладая была. А раней жа мяшок важыў 65 кг. У нас жанчына рабіла на ферме, яна падымала 70-кілаграмовы мяшок! Думаю: «Няўжо ж я не падніму?!» Пад гэтым мяшком я і апынулася (смяецца). Важыла ж сама тады ўсяго 52 кг…

Зрэшты, даволі хутка ў гэтай справе знайшоўся добраахвотны памочнік — жыхар суседняга Турца Мікалай Юшко. Праўда, і на той час ён рабіў ужо ў Мінску шафёрам. Але на выхадныя прыязджаў дахаты. Тады і наведваўся ў краму вёскі Крыніца, дзе працавала заўсёды добразычлівая да ўсіх сваіх пакупнікоў Вера.

— Жыла я тады на кватэры ля крамы, — прыгадвае яна. — Хлопец ужо быў у мяне. Але бабка, гаспадыня мая, казала: «Калі во гэтаму хлопцу (Колю Юшко) дасі ганьбу… Будзеш тады ўсё жыццё шкадаваць!» Ну, прыслухалася я. І вось мы ўжо 34 гады разам. І праўда — мне вельмі пашанцавала! Мо, за гэта трэба і райспажыўтаварыству падзякаваць (усміхаецца), што мяне ў Крыніцу накіравалі, дзе я сустрэла свой лёс…

Адпрацаваўшы там два гады, Вера Юшко вярнулася дамоў, у Грабёнку. У сям’і нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар таты — Мікалаем. Маці Веры Пятроўны тады якраз на пенсію пайшла. Сказала дачцэ: «Ідзі, Вера, на працу, бо сорамна дома сядзець. Я ж яшчэ маладая, дапамагу табе дзіця глядзець». І калі сыночку пайшоў усяго толькі чацвёрты месяц, Вера выйшла на працу — у краму вёскі Вішанька, каб даць адпачынак тамтэйшаму прадаўцу. І толькі пасля гэтага пачала рабіць у роднай Грабёнцы. Крама там была большая, а прадавец — усё роўна адзін.

З таго часу ў мяне захаваўся аматарскі фотаздымак, — паказвае яго Вера Юшко. — Мы тады яшчэ рабілі ў белых халатах. Гэта цяпер ужо форма іншая… Дык хлеба ў Грабёнку цэлую машыну прывозілі! Людзі бралі па 20 боханаў! Жывёлу ж тады хлебам кармілі. І камбікорму асобна прывозілі — машынамі! Зараз сама дзіўлюся: як я тады спраўлялася…

Затым у сям’і нарадзіўся другі сын — Саша. Гэтак прапанаваў назваць меншага старэйшы. І зноў Вера Пятроўна надоўга ў адпачынку па догляду за дзіцём не затрымалася. Год споўніўся — і яна прайшла на працу ў суседні Згурск. Ды так тут працаваць і засталася…

Шмат што мянялася за больш чым чвэрць стагоддзя ў гандлі. І найперш — попыт наведвальнікаў, асартымент тавараў…

— Хлеба напачатку прадавалася многа і тут, — прыгадвае Вера Юшко. — Не тое, што зараз… Калі я прыйшла сюды, у краме нічога не было — ні халадзільніка, ні халадзільнага прылаўка. Малочныя ж прадукты практычна не прадаваліся. У кожнага мелася свая карова. На Згурску іх, мо, 40 было! Не завозілі ў краму ні мяса, ні курэй, бо ўсе трымалі свойскіх жывёл і птушак. Затое муку, камбікорм, зноў-такі, машынамі прывозілі! А зараз… Завязуць мяшок камбікорму, а тэрмін яму — два месяцы. Дык баішся — хаця б прадаць, бо практычна ні ў кога — ні свіней, ні кароў. Людзі адышлі… Калі я прыйшла сюды працаваць, у Згурску было больш за 100 вяскоўцаў! Цяпер засталося 34. Але гэта так пішацца. Столькі няма. А ўзімку і ўвогуле застаецца чалавек 14…

— Ну, калі там жывуць людзі сталага веку, дык ім, як я пагляджу, даволі далёка ісці ад вёскі да крамы, якая фактычна знаходзіцца ў чыстым полі…

— Сапраўды. Але раней меркавалі, што тут, у гэтым баку, будуць будавацца дамкі. Таму і паставілі краму. У нас жа непадалёк і ферма была, а калісьці — і школа пачатковая. Зрэшты, гады тры таму збіраліся і краму зачыніць, але пакуль працую, хаця і не штодзень. Я ўжо добра вывучыла попыт кожнага вяскоўца, кожнага дачніка. Нават ведаю, хто якога гатунку цукеркі любіць. Бывае, малако калі позна прывязуць, дык развожу кожнаму, калі трэба.

— На чым?!

— А во, муж на сваёй машыне пад’едзе. Ён увесь час мне дапамагае. Ведаеце, людзі ж у краме тога малака ці хлеба гадзінамі чакаць не будуць… Вось і прыстасоўваешся. Яшчэ вяскоўцы з рознымі пытаннямі прыходзяць — як да дэпутата мясцовага Савета (мой участак — Згурск,  Вішанька, Арцель 1 Мая, вуліцы Зарэчная і Садовая ў Грабёнцы). А хтосьці просіць заплаціць за святло, тэлефон. Да ўсіх прыслухоўваюся. Мне здаецца, калі да людзей ставішся з душою, дык і яны будуць гэтак жа да цябе…. Цікава цяпер сустракацца са спадчыннікамі, якіх памятаю яшчэ дзецьмі. Такія шухерныя былі! А тут — павырасталі, жэняцца. Прыходзяць у краму, а я кажу: «Хлопцы, вы памятаеце, як то акно разаб’яце, то яшчэ што?» Дзівяцца. Цяпер жа ўжо — дарослыя, салідныя. І настолькі добра да мяне ставяцца — не магу вам перадаць! Вось на 8 Сакавіка мяне запрасілі ў Мінск у госці. Адной вяскоўцы са Згурска, Ганне Сымонаўне Крук, 90 гадоў споўнілася! Яе на зіму дачка забірае. Цудоўныя жанчыны! А ведаеце, як раней цяжка працавалі… Нават паслухаць такіх людзей — і тое шчасце. Цяпер гэткага не сустрэнеш, дабрыні такой у новых пакаленняў… Вось маёй мамы ўжо восем гадоў як няма. А яна мне ў працы дапамагала таксама. Прынясуць суседзі грошы і просяць, каб я тое і тое прывезла ім з крамы. І настолькі ў мамы памяць была добрая… Ніколі нічога не запісвала. Вярнуся — яна перакажа, хто і што прасіў. І ў мяне раней такая памяць была. Гэта цяпер пішу ў блакнот, ужо столькі іх спісала…

— А што просяць прывезці пад заказ у краму?

— Як свае, дык да святаў штосьці пэўнае з прадуктаў, вопраткі, рэчаў… Увесну ў Згурску заказваюць звычайна будматэрыялы — цвікі, шыфер, цэмент, ДВП… А вось блокі перасталі пытацца ўжо.

Зараз у краме — два халадзільнікі і два халадзільныя прылаўкі. Ёсць прадукты малочныя і мясныя, рыба, каўбасы, куры, свежыя фрукты і гародніна, кансервы, хлеб, пячэнне і цукеркі, напіткі, спіртное, прадукты першай неабходнасці, посуд, пасцельнае… І проста здзіўляешся, як у такім невялікім памяшканні столькі ўсяго змяшчаецца…

Што яшчэ звяртае на сябе ўвагу ў краме, дык гэта таўсцянка, якую ў народзе называюць «грашовым дрэвам». Але не столькі сваімі памерамі прыцягвае позірк, колькі своеасаблівымі ўпрыгажэннямі — разнастайнымі грашовымі купюрамі, якія падвешаны на яе галінках.

— Гэта хтосьці з наведвальнікаў, — усміхаецца гаспадыня крамы, — першым сказаў: «Вера, трэба, каб былі грошы на дрэўцы». Самі ж узялі сашчэпкі і падвесілі. Кажуць: «Гэта будуць грошы весціся».

— І як?!

— Быццам бы добра (усміхаецца). А ўвогуле, мне па жыцці сапраўды пашанцавала — і з працай, і з сям’ёй. У старэйшага сына ўжо дзве дачкі ёсць, дзве ўнучкі ў мяне. Прыгадваю, як прыйшла ў краму дзяўчынаю, а ўжо і сама бабуля. Радуюць яны мяне… А што болей трэба? Толькі каб здароўе паслужыла. І ўсім людзям я зычу здароўя, асабліва — сваім вяскоўцам. Бо ніякавата пачуваюся, як у Згурску хто захварэе. Тут адна жанчына старэнькая звоніць: «Вера, а ці гэта «хуткую» выклікаць, ці што? Дрэнна мне…» Кажу: «Выклікайце!» Бо што ж я зраблю, калі сама — у Грабёнцы, у гэты дзень не працую… А калі ў краме і бачу, што едзе ў вёску «хуткая», дык таксама перажываю, што камусьці дрэнна. Няхай гэтыя людзі даўжэй пажывуць! Хаця, канешне, усе мы — не вечныя. Не пойдзе туды толькі той, хто не нарадзіўся. Ну што ж зробіш…

Ужо больш за чвэрць стагоддзя Вера Пятроўна Юшко мерае некалькі тысяч метраў, якія пралягаюць паміж яе хатай у Грабёнцы і крамай у Згурску. Раней пераадольвала іх пехатою. Прыгадвае, што калі зімы былі надта снежнымі, дык шлях той ператвараўся… у тунель. Не дужа шырока прачышчаная дарога з высознымі гурбамі снегу з двух бакоў прымушала быць пільнай.

Затым Вера Юшко паспрабавала ездзіць да крамы і назад на веласіпедзе. Але муж сказаў: «Ну што ты будзеш круціць нагамі? Ды яшчэ з узгорка на ўзгорак…» І купіла сям’я Юшко… скутар! І ў сезон Вера Пятроўна «рассякае» на ім. Прыладзілі і карзіну, каб можна было развозіць прадукты тым, хто папросіць.

Цікава і тое, што Вера Пятроўна аказалася не толькі нашай даўняй падпісчыцай, але і колішняй юнай няштатнай аўтаркай! Яшчэ школьніцай дасылала артыкул «Імя героя невядома…». Раённую газету выпісваў яе тата. Пастаянна выпісвае і сама Вера Пятроўна. Шмат захоўвае нумароў даўніх, калі «раёнка» называлася — «Калектывіст» і «Уперад»…

З гэтай цудоўнай жанчынай, адметнай працаўніцай, і пры ўсім тым — вельмі сціплай і сарамлівай, можна было гутарыць яшчэ доўга. Настолькі яна прыемная ў стасунках, настолькі ўважлівая і добразычлівая да субяседніка… Недарэмна яе так любяць у Згурску і Грабёнцы, спадзяюцца як на дэпутата…

Шчыра зычым Веры Пятроўне Юшко здароўя, шчасця, пабольш прыемных момантаў і сонечных дзён у жыцці, удачы і шанцавання!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

P.S. Сардэчная падзяка Мікалаю Барбуку як ініцыятару гэтага аповеду і Мікалаю Юшко — за транспартныя паслугі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *